Італія

У гісторыі Італіі галоўным фактарам прымянення смяротнага пакарання з'яўлялася Святая інквізіцыя, хоць фармальна царкоўны суд не караў смерцю, а быў ўпаўнаважаны Інакенціем IV (1252 г.) толькі ўжываць катаванні падчас следства. Справай царквы было прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць ерэтыка ва ўлонне Касцёла, калі ён упарціўся, або калі яго вяртанне было няшчырым. Першапачаткова прысуд быў простым асуджэннем за ерась і суправаджаўся адлучэннем ад Царквы ці абвяшчэннем, што вінаваты не лічыцца больш падсудным суду Царквы і перадаецца свецкаму суду. З цягам часу прысуды пры перадачы свецкай уладзе сталі суправаджацца словамі: debita animadversione puniendum (“хай будзе пакараны па заслугах”).

Першапачаткова накіраваная супраць катараў і вальдэнсаў, яна неўзабаве была накіраваная супраць іншых “ерэтычных” сектаў – бегінаў, фратычэлі, спірытуалаў, а затым і супраць “чараўнікоў”, “ведзьмаў” і блюзнераў. Асуджаныя інквізіцыяй перадаваліся свецкім уладам і падвяргаліся свецкім пакаранням. “Ерэтыку”, які “раскаяўся” ўжо ў ходзе працэсу, прызначалася пажыццёвае зняволенне, якое інквізіцыйны трыбунал меў права скарачаць; такі від пакарання з'яўляўся новым для пенітэнцыярнай сістэмы сярэднявечнага Захаду. З 1226-1227 гг. вышэйшай мерай пакарання за “злачынствы супраць веры” ў Германіі і Італіі стала спаленне на вогнішчы.

Насельніцтва Італіі па магчымасці супраціўлялася бязмежжу, у прыватнасці ў 1252 г. быў забіты інквізітар Паўночнай Італіі П’ер Веронскі.

З прыходам эпохі Асветы інквізіцыя прыйшла ў заняпад. Афіцыйна інквізіцыя была адмененая ў 1835 г. Папам Рыгорам XVI, захавалася толькі Свяшчэнная канцылярыя, чыя дзейнасць з гэтага часу абмежавалася адлучэннем ад царквы і выданнем Індэкса забароненых кніг.

Прымяненне смяротнага пакарання свецкімі судамі мела розную практыку, паколькі краіна была падзеленая на асобныя ўладанні са сваімі законамі. Аднак значнай падзеяй не толькі ў Італіі, але і ў Еўропе, а таксама ў Амерыцы і Расіі стаў выхад у 1764 г. кнігі “Аб злачынствах і пакараннях” Чэзарэ Бекарыа (занесеная ў згаданы Індэкс). Яго праца адыграла значную ролю ў фарміраванні сучаснага судаводства, фарміравання новай навукі крыміналогіі, імі былі абвешчаныя многія прынцыпы справядлівага суда – публічны суд, роўнасць пакарання ўсіх грамадзянаў незалежна ад саслоўя, прафесіяналізм суддзяў, прэзумпцыя невінаватасці і многае іншае. Таксама ён першым заявіў аб забароне катаванняў і адмене смяротнага пакарання. Ужо ў 1786 г. ідэі Бекарыа ляглі ў аснову першага сучаснага крымінальнага кодэксу, які быў выдадзены ў Таскане, у ім упершыню ў Еўропе было цалкам скасаванае смяротнае пакаранне. Нажаль, яно было вернутае да ўжывання ў 1790 г. кіруючай партыяй.

На момант аб'яднання Італіі ў 1861 годзе законы ўсіх аб'яднаных дзяржаваў (у тым ліку Каралеўства Сардзініі) прадугледжвалі смяротнае пакаранне. У чаканні зацвярджэння адзінага Крымінальнага кодэкса на Італію было распаўсюджанае дзеянне Крымінальнага кодэкса Каралеўства Сардзініі. У 1889 годзе смяротнае пакаранне было адмененае ў Каралеўстве Італіі пры амаль аднагалоснай падтрымцы абедзвюх палатаў, хоць тое рашэнне не тычылася ваенна-крымінальнага кодэксу.

З прыходам да ўлады Беніта Мусаліні пакаранне смерцю зноў з'явілася ў італьянскім крымінальным праве з 1926 года. Новы Крымінальны кодэкс, які ўступіў у сілу ў ліпені 1931 г., павялічыў колькасць злачынстваў супраць дзяржавы, якія караліся смерцю, і зноў увёў смяротнае пакаранне за некаторыя сур'ёзныя крымінальныя злачынствы. На працягу дзесяці гадоў з 1931 па 1940 гг. суды прысяжных прысудзілі да смерці не менш за 118 чалавек за асабліва цяжкія злачынствы, з якіх 65 былі прыведзены ў выкананне. Акрамя таго, Спецыяльны суд, які дзейнічаў з 1927 па 1943 гг., расследаваў справы са злачынствамі палітычнага характару, вынес 65 смяротных прысудаў, з якіх 53 выканана (большасць з іх па абвінавачванні ў шпіянажы ў перыяд паміж 1940 і 1942 гг.).

Фашысцкі ўрад падчас Другой сусветнай вайны пацярпеў паразу ў 1943 годзе; у верасні краіна была падзеленая на дзве часткі: Поўнач быў акупаваны нямецкімі войскамі на чале з Мусаліні; поўдзень быў вызвалены саюзнымі войскамі. Адным з першых рашэнняў новага ўрада стала адмена смяротнага пакарання – 10 жніўня 1944 г. Указ № 224 адмяняў смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам 1930 г. Аднак пакаранне смерцю было прадугледжана Указам № 159 ад 27 ліпеня 1944 г. за супрацоўніцтва з фашыстамі.

Пасля заканчэння вайны 10 траўня 1945 г. на тэрыторыі зноў аб'яднанай Італіі ў якасці часовай і выключнай меры за сур'ёзныя злачынствы, такія як “удзел ва ўзброенай групе, рабаванні з ужываннем гвалту і вымагальніцтва” прадугледжваецца магчымасць прымянення смяротнай кары. Апошні смяротны прысуд па гэтых падставай быў вынесены за забойства падчас рабавання восенню 1945 года. Кіраўнік дзяржавы адхіліў прашэнне аб памілаванні 4 сакавіка 1947 г. і траіх мужчынаў пакаралі смерцю.

Таксама ў перыяд з красавіка 1945 г. па сакавік 1947 г. былі пакараныя 88 чалавек за супрацоўніцтва з немцамі падчас Другой сусветнай вайны.

Апошняе пакаранне адбылося 5 сакавіка 1947 г. каля 5-й гадзіны раніцы ў Фортэ Бастыя. Асуджанымі асобамі былі былы агент італьянскага СС Аўрэліа Гала, былы начальнік СС Эміліа Батысці і былы маршал Рэспубліканскай Нацыянальнай гвардыі Альда Марэлі. Яны былі прысуджаныя да смерці ў траўні 1946 годп судом прысяжных за супрацоўніцтва, катаванні і дэпартацыю у лагеры смерці тысяч людзей. Выкананне адбылося з праблемамі – першы залп забіў толькі Марэлі, Батысці быў паранены, а Гала зусім застаўся цэлы. Перад другім залпам Гала прасіў не страляць.

Новая Канстытуцыя Італьянскай рэспублікі, якая ўступіла ў сілу 1 студзеня 1948 г., забараняе смяротнае пакаранне за агульнакрымінальныя і ваенныя злачынствы, учыненыя ў мірны час, артыкул 27 абвяшчае: Крымінальная адказнасць з'яўляецца персанальнай. Абвінавачваны не лічыцца вінаватым надалей да канчатковага асуджэння. Пакаранні не могуць уяўляць захады, якія супярэчаць пачуццю гуманнасці і павінны быць накіраваныя на перавыхаванне асуджанага. Смяротнае пакаранне не дапускаецца інакш як у выпадках, прадугледжаных ваеннымі законамі і падчас вайны.

Праз пяць гадоў пасля адмены смяротнага пакарання апытанне італьянцаў паказала, што кожны другі не ведае пра тое, што смяротнае пакаранне больш не ўжываецца. Тым не менш, было адзначана зніжэнне колькасці наўмысных забойстваў.

Ваенны крымінальны кодэкс прадугледжваў смяротнае пакаранне за шырокае кола злачынстваў, аднак пакідаў права прэзідэнту Рэспублікі змякчаць прысуды або мілаваць асуджаных. Законапраект аб адмене смяротнага пакарання ў Ваенна-крымінальным кодэксе быў прадстаўлены і ўхвалены Палатай дэпутатаў у ліпені 1994 года. Закон абвяшчаў, што ўсе злачынствы, якія ахоплівае Ваенна-крымінальны кодэкс і ваенныя законы, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне, замененыя на максімальнае пакаранне – пажыццёвае зняволенне.

Італія таксама ратыфікавала Пратакол № 13 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў у кастрычніку 2007 года.

Навіны