За 11 гадоў у Беларусі расстралялі больш за 160 чалавек

10 кастрычніка ў Эўропе адзначаюць дзень супроць сьмяротнага пакараньня. Беларусь засталася адзінай у Эўропе краінай, дзе сьмяротнае пакараньне не адмененае і досыць часта ўжываецца. Ці можа Беларусь у хуткім часе адмовіцца ад гэтага віду пакараньня?


На пачатку году ў Беларусі былі выкананыя сьмяротныя прысуды тром лідэрам гэтак званай “марозаўскай групоўкі”: Сяргею Марозаву, Валеру Гарбатаму і Ігару Данчанку. Іх абвінавацілі ў крадзяжах, рэкеце і забойствах. Вядома, што асуджаныя зьвярталіся з просьбамі аб памілаваньні да Аляксандра Лукашэнкі, але ім было адмоўлена.

6 кастрычніка прыйшло паведамленьне пра яшчэ адну сьмяротную кару. Быў выкананы прысуд Гомельскага абласнога суду адносна жыхара Гомелю Паўла Ленага, якога прызналі вінаватым у згвалтаваньні і забойстве дзевяцігадовага хлопчыка.

Стаўленьне грамадзян Беларусі да сьмяротнага пакараньня супярэчлівае. Паводле афіцыйных зьвестак, на рэфэрэндуме 1996 году супроць адмены сьмяротнай кары выказаліся 80% удзельнікаў апытаньня. Звычайна за такія жорсткія захады рашуча выступаюць сваякі пацярпелых. “Ён ня варты жыцьця, мне б было цяжка жыць, калі б я ведала, што ён недзе яшчэ жывы”, — гэтыя словы Натальлі Маладзецкай, маці забітага ў Гомелі хлопчыка, цытавалі мэдыі пасьля суду над Паўлам Леным.

Між тым, у Беларусі людзі часта скардзяцца на негуманныя, надзвычай жорсткія парадкі ў турмах. Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі перакананы, што паміж гэтымі парадкамі і тым, што ў краіне захаваная сьмяротнае пакараньне, існуе выразная сувязь. “Перакананы, калі б у нас была прыпыненая сьмяротная кара, больш гуманнымі сталі б і ўмовы ў турмах. Гэта пэўны сымбаль. Як сьцяг, як герб, сьмяротная кара таксама застаецца сымбалем савецкай сыстэмы. Беларусь на ўсёй прасторы эўрапейска-азіяцкай засталася адзінай краінай, дзе захавалася сьмяротная кара. Нават Узбэкістан з гэтага году абвясьціў мараторый”.

9 кастрычніка Эўрапарлямэнт у сваёй рэзалюцыі па Беларусі зноў заклікаў ўлады краіны прыпыніць дзеяньне сьмяротнай кары. Ці можа беларускі ўрад прыслухацца да гэтых заклікаў?

Мікола Статкевіч, адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў, такога павароту не выключае: “Могуць, бо адмена сьмяротнага пакараньня не пагражае стабільнасьці сёньняшняй улады. Асноўная матывацыя для гэтых людзей — не правы чалавека ці нацыянальныя інтарэсы, а захаваньне сябе пры ўладзе. А небясьпечных злачынцаў ці палітычных канкурэнтаў яны могуць проста ізаляваць, і гэтага дастаткова. Канечне, сьмяротная кара больш адпавядае псыхалёгіі гэтых людзей, але калі прысьпічыць... Вось палітвязьняў вызвалілі, чаму не прыпыніць сьмяротнае пакараньне?”


Паводле афіцыйных зьвестак, з 1997 году ў Беларусі было выканана болей за 160 сьмяротных прысудаў. Вядома толькі пра аднаго асуджанага на сьмяротнае пакараньне, якога сваім указам памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны