Аляксей Марачкін: “Жыццё дадзенае Богам, і мы не маем права адбіраць жыццё, які б ні быў гэты злачынца” (Відэа)

Мастак Алесь Марачкін
Мастак Алесь Марачкін


Аляксей Марачкін, вядомы беларускі мастак, адзін з заснавальнікаў аб'яднання мастакоў "Пагоня" і старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", узяў удзел у дыскусіі наконт смяротнай кары. Далучыўшыся да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, ён падзяліўся сваімі развагамі пра тое, чаму трэба адмяняць смяротнае пакаранне.

“Тэма, безумоўна, вельмі цікавая і складаная. Тэма жыцця чалавека, жыцця, Богам дадзенага. Не так усё проста. У мяне ёсць карціна “Каін і Авель” - першае такое забойства, біблейскае. Я б сказаў, што гэта як бы прыклад грамадзянскай вайны, калі брат супраць брата выступіў. У Авеля ўсё атрымлівалася, у яго было ўсё нармальна, і пладзілася і жыло. Каіна раз’ядала зайздрасць. Тады ён падняў камень і забіў свайго брата. Але быў пакараны за гэта. Дык вось, там, дзе жыццё, ёсць і смерць.

Ёсць смерці гвалтоўныя, ёсць натуральныя. Ёсць няшчасныя выпадкі. І ў наш час гэта праблема -  смяротнае пакаранне, адмяняць ці не. Я апошнім часам усё ж схіляюся да думкі: якое б злачынства ні зрабіў чалавек, цяжкое, невыноснае, можа быць, для блізкіх, але тут трэба заўсёды думаць, вывучаць, даследаваць, расследаваць, з якой прычыны, што і як. Нават пры злаўмысным злачынстве трэба высвятляць, што давяло чалавека да гэтага. Магчыма, якраз сістэма справакавала, а сістэма – гэта вельмі шырокае паняцце. Вы разумееце, гэта не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце цывілізаваным, у Нямеччыне, Амерыцы. З чаго раптам чалавек бярэ зброю  і расстрэльвае людзей, дзяцей, школьнікаў, чаго раптам сын на бацьку падымае руку?

Таму што, з аднаго боку, правакуюць гэтыя паводзіны і тэлебачанне і кіно, дзе мы толькі і бачым гвалт, стрэлы, знішчэнне адзін аднаго. З другога боку, гэта псіхічны стрэс таксама, калі чалавек загнаны. Як у Расіі, так і ў нас праблема – гэта п’янства, алкагаль. А што такое алкагаль? Як казаў адзін вядомы чалавек, гарэлка – гэта рэалізацыя шчасця на нейкі момант. Чалавек няшчасны, чалавек адурманены, ён у кампаніі п’е гэту гарэлку да бяспамяцтва, і ўжо не кантралюе свае паводзіны. І ўжо для яго сякера, нож гэта як бы апошні аргумент. Хто яго давёў да гэтага? Як бачым сёння на вёсках… У Лужках, здаецца, адкуль мая жонка, зусім нядаўна, паведамілі па тэлефоне знаёмыя, двое хлапцоў сабраліся ў кавярні (яны сябравалі паміж сабой) і заспрачаліся пасля добрай выпіўкі. Адзін з іх гаворыць, маўляў, ты тут пасядзі, а я пайду за стрэльбай і застрэлю цябе. Другі падумаў, што гэта жарт. А не - прыходзіць са стрэльбай і расстрэльвае. І такіх выпадкаў шмат. З якой прычыны людзі робяць гэта?. Паўсюль адкрываюцца цэрквы, людзі ходзяць туды, замальваюць грахі. Здавалася б, людзі павінны быць чысцейшыя, лепшыя, а злачынствы не змяншаюцца…

 І ўсё ж, ці трэба смяротнае пакаранне? Я прыйшоў да высновы, што смяротнае пакаранне трэба цалкам адмяняць. І тлумачу, чаму.

Самае страшэннае для злачынцы - гэта пажыццёвае пакаранне, пажыццёвы прысуд. Тады і мы не парушаем запаведзь боскую “не забі”. Гэта нармальна. Да канца жыцця ён будзе сядзець і думаць пра здзейсненае, будзе маліцца, спавядацца. У гэтым плане мяне вельмі ўразілі словы нашага земляка Фёдара Дастаеўскага, а сэнс яго словаў такі: я нічым не адрозніваюся ад самага апошняга забойцы, толькі, калі я зрабіў грэх нейкі, я пакутую і я хачу пакаяцца, і хачу быць чысцей і хачу больш да гэтага не вяртацца. А часам забойца, ён унутры ўжо, ён генетычна так склаўся. Магчыма, у кожнага чалавека гэтая агрэсія закладзеная ад прыроды. Таму, відаць, пажыццёвае пакаранне самым злосным забойцам - гэта лепей для нас, служкаў божых, каб не парушаць запаведзь божую “не забі”. Жыццё дадзенае Богам, і мы не маем права адбіраць жыццё, які б ні быў гэты злачынца.   

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны