Смяротнае пакаранне на “круглым стале”

Алег Гулак
Алег Гулак

У рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” 30 чэрвеня адбыўся “круглы стол” па праблемах гуманізацыі пакаранняў і смяротнага пакарання ў тым ліку. У ім бралі ўдзел намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі  Віталь Стуканаў, праваслаўны святар Аляксандр, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак. Старшыня Камісіі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Яўген Смірноў, які не змог асабіста  удзельнічаць, перапрасіў, каб з ім звязаліся па тэлефоне і ён выкажа сваю пазіцыю.

 

Як паведаміў старшыня БХК Алег Гулак, ўсе ўдзельнікі “круглага стала” ў прынцыпе пагадзіліся з тым, што неаб’ходна ійсці па шляху гуманізацыі пакаранняў і неабходна перагледжваць санкцыі Крымінальнага кодэксу ў бок іх зніжэння.  Увогуле, неабходна, каб пакаранні і сістэма выканання пакаранняў былі накіраваныя на тое, што злачынца ў любым выпадку вернецца ў грамадства і трэба яго да гэтага рыхтаваць. Пакаранне неабходна вызваляць ад прыкметаў помсты, таму жорсткасць пакарання ня мае аніякага сэнсу, а наадварот, толькі шкодзіць. Гэтую сённяшнюю сістэму можна разглядаць толькі як кузніцу кадраў для злачыннага свету.

 

На пытанне, ці абмяркоўвалася зусім свежая інфармацыя аб чарговым смяротным прысудзе на Беларусі, спадар Гулак адказаў наступнае:

 

--  На жаль, не. Зрэшты, нічога экстраардынарнага, вартага абмеркавання, не адбылося. Працуе сістэма і яна яшчэ не змянілася. Крымінальны кодэкс, па-ранейшаму, прадугледжвае смяротнае пакаранне, таму суд, калі разглядаў справу забойцаў-рабаўнікоў, меў права і магчымасць, калі палічыў гэта неабходным, вынесці менавіта такі прысуд. Наадварот, у такой сітуацыі было б супрацьзаконным уплывам на суддзю і увогуле ўмяшальніцтвам у судовую дзейнасць, калі б яму забаранілі выкарыстоўваць смяротны прысуд.

Але, увогуле, тое, што зараз па-ранейшаму выносяцца смяротныя прысуды, толькі абвастарае параблему і сведчыць аб актуальнасці пытання аб адмене смяротнай кары. Калі мы сёння ня будзем уводзіць мараторый то – гэтыя людзі будуць растраляныя.

 

Алег Гулак таксама паведаміў, што цікавасць выклікала і пазіцыя царквы ў дачыненні да тэмы пакарання смерцю. Святар Аляксандр падкрэсліў, што ягоная пазіцыя заснаваная на хрысціянскім вучэнні.  Хаця біблія і не забараняе смяротнае пакаранне, аднак, зразумела, што хрысціянства стаіць на пазіцыях адмаўлення смяротнай кары –яго быць не павінна. Тут няма строгага імператыву, але, тым не менш, узаконенае забойства не адпавядае хрысціянскім каштоўнасцям.

 

 

Падобную пазіцыю пад час “круглага стала” агучыў і прадстаўнік Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. Хаця  і надараліся разыходжанні ў пазіцыях пажыццёвага зняволення, а менавіта: ці павінна быць пажыццёвае пакаранне сапараўды пажыццёвым, альбо ў асуджаных можа быць магчымасць выхаду на свабоду па жыцці, тым не меней, ішла канструктыўная размова пра аспекты гуманнасці і вакол пытання аб мэтах пакарання.

 

Калі пытанне адмены смяротнага пакарання для спецыялістаў і экспертаў зразумелае, што і падцвердзіла размова за “круглым сталом”, то застаецца складанасць, якім чынам на адмену смяротнага пакарання будзе рэагаваць грамадства. Толькі дзяржава, якая нясе адказнасць перад сваім народам, дзеля далейшай гуманізацыі грамадства можа час ад часу пайсці на непапулярныя меры і не прыбягаць да чарговага рэферэндуму. І гэта лагічна. Ніхто ж не збіраецца выносіць на рэспубліканскі рэферэндум, скажам, бюджэт дзяржавы, бо гэта справа толькі спецыялістаў.

 

“Калі ў грамадстве правесці адмысловую медыйную кампанію, тое што зараз робяць праваабаронцы, калі б наша праца была падтрымана дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, – упэўнены Алег Гулак, – то мы маглі б істотна змяніць стаўленне людзей да такой сур’ёзнай праблемы, як смяротнае пакаранне.”

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны