Генсакратар Рады Еўропы заклікаў Беларусь тэрмінова ўвесці мараторый на смяротную кару

Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд заклікае Беларусь тэрмінова ўвесці мараторый на смяротную кару. Адпаведную заяву распаўсюдзіла 15 лютага прэс-служба Рады Еўропы.

«Глыбока расчараваны і занепакоены рашэннем, прынятым Вярхоўным судом Беларусі аб пацвярджэнні яшчэ аднаго смяротнага прыгавору. У наяўнасці рост дыскусій аб адмене смяротнай кары ў Беларусі, але гэтага недастаткова, каб пракласці шлях да мараторыя. Цяпер існуе неабходнасць сапраўднай палітычнай волі для пераходу ад слоў да дзеянняў. Смяротнай кары не месца ў пенітэнцыярных сістэмах сучаснага грамадства», — заявіў Ягланд.

Нагадаем, мараторый на смяротную кару з’яўляецца адным з асноўных умоў вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Як раней паведамлялася, 11 лютага Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў у касацыйным парадку і пакінуў без змены смяротны прыгавор Магілёўскага абласнога суда ў дачыненні да Ігара Мяліка, аднаго з фігурантаў справы аб разбойных нападах і забойствах на трасе Магілёў — Гомель.

Прысуд набыў моц.

Рашэнне суда першай інстанцыі — Магілёўскага абласнога суда — было вынесенае 14 верасня 2010 года. Другі ўдзельнік злачыннай групы, Аляксандр Сычоў, прыгавораны да пажыццёвага зняволення. Верхавод банды, заснавальнік Беларускага рэспубліканскага аб’яднання джыу-джытсу і самаабароны Аляксандр Козыраў, да суда не дажыў.

Паводле даных следства, трое грамадзян учынялі разбойныя напады на ўладальнікаў дарагіх аўтамабіляў, калі тыя адпачывалі на ўзбочыне трасы. Іх цікавілі аўтамабілі з небеларускай рэгістрацыяй. Тых, хто спрабаваў аказаць супраціўленне, злачынцы расстрэльвалі. На пасяджэнні суда сярод іншых злачынстваў пракурорам былі абнародаваныя факты забойства чатырох чалавек. Маёмасць, выкрадзеную ў загінулых, рэалізоўвалася. На судзе Сычоў і Мялік сваю віну прызналі цалкам, прасілі прабачэння ў сваякоў забітых, выказвалі просьбы аб паблажцы.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны