Amnesty International занепакоеная колькасцю смяротных пакаранняў у свеце ў 2013 годзе. У Беларусі пакаранняў смерцю не было, але вынесены 4 смяротныя прысуды

Праваабарончая арганізацыя AmnestyInternational занепакоеная значным павелічэннем колькасці пакаранняў смерцю ва ўсім свеце. Асабліва прыкметны рост колькасці пакаранняў смерцю зафіксаваны ў Іране і Іраку.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International (AI) выказала глыбокую занепакоенасць значным ростам колькасці смяротных пакаранняў ва ўсім свеце. У дакладзе AI, апублікаваным у чацвер, 27 сакавіка, паведамляецца, што ў 2013 годзе ў Кітаі былі зноў пакараныя тысячы зняволеных. Гэтыя звесткі, аднак, не пацверджаныя афіцыйна, бо з 2009 года адпаведная статыстыка ў КНР з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай.

Колькасць прыведзеных у 2013 годзе ў выкананне смяротных прысудаў у астатніх дзяржавах склала 778 - на 96 больш за папярэдні год. Асабліва прыкметны рост колькасці пакаранняў смерцю зафіксаваны ў Іране (369), а таксама ў Іраку (169), дзе большасць смяротных прысудаў было прыведзена ў выкананне ў рамках барацьбы з тэрарызмам. У ЗША ў 2013 годзе былі пакараныя 39 чалавек, паведамляецца ў дакладзе AI.

AmnestyInternational падкрэсліла, што асноўная маса пакаранняў смерцю ва ўсім свеце прыходзіцца толькі на некалькі краін: за межамі КНР амаль 80 працэнтаў пакаранняў смерцю адбываецца ў трох дзяржавах - Іране, Іраку і Саудаўскай Аравіі. Пры гэтым у Саудаўскай Аравіі караюць смерцю нават непаўналетніх. Адначасова AI канстатавала і станоўчую тэндэнцыю: упершыню з 2009 года ў краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі не быў пакараны ні адзін чалавек, а ў ЗША смяротнае пакаранне адмяніў ужо 18-ы па ліку штат - Мэрылэнд.

У 2013 годзе ў Беларусі не было ні аднаго выпадку смяротнага пакарання. Тым не менш, у мінулым годзе 4 чалавекі былі прысуджаныя да вышэйшай меры пакарання.

Нагадаем, у Беларусі санкцыі чатырнаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць смяротнае пакаранне, хаця і ні адзін з іх не вызначае яго як адзіна магчымае пакаранне. Смяротнае пакаранне не можа быць прызначаная: асобам, якія здзейснілі злачынства ва ўзросце да васемнаццацi гадоў; жанчынам; мужчынам, якія дасягнулі да дня вынясення прысуду 65 гадоў. Асуджаны можа прасіць аб памілаванні, г.зн. замене смяротнага пакарання пажыццёвым зняволеннем, але вядома толькі пра адно памілаванне прэзідэнтам А.Лукашэнкам.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны