Андрэй Палуда: Хоць на хвіліну задумайцеся, як адбываецца забойства забойцы

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"
Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання"

Ужо другі год у Беларусі праводзіцца “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”. Сёлета асноўны мэсідж гэтай акцыі - “Смяротнае пакаранне – гэта забойства” . Таксама Тыдзень супраць смяротнага пакарання  будзе суправаджацца вельмі экспрэсіўнымі выявамі выканаўцы смяротнага пакарання і ахвяры. Па словах Андрэя Палуды, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, гэтыя вобразы заклікаюць нас уявіць: што абываецца ў апошні момант, калі прысуд прыводзіцца ў выкананне. 

- У гэтым годзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання суправаджаецца вельмі выразнымі візуальнымі вобразамі, ад якіх проста “мароз па скуры”…  

- Так, гэтае кароткае відэа для інтэрнету – кат і ахвяра, стылізацыя пад фігуркі, зробленыя асуджанымі ў камеры з хлебнага мякішу.  А таксама фігуркі -  кат у позе агрэсара і прыніжаная перад расстрэлам ахвяра. Аўтар гэтых фігурак – Віктар Трацякоў, вядомы як аўтар фільмаў “Прычына смерці - прочырк” , “Убыл по приговору” , і “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”.

Наша галоўная мэта, каб чалавек уявіў хаця б на нейкі момант – што адбываецца ў камеры смяротнікаў, якія знаходзяцца ў самам цэнтры Мінску ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага.  Штодня мы праходзім, альбо праязджаем каля гэтага будынку і нават не можам уявіць, што абываецца ў ягоных сутарэннях. Ёсць шмат людзей, якія з’яўляюцца прыхільнікамі смяротнага пакарання, але ў смяротнай кары бачаць толькі абстрактную справядлівасць. Тое, як здзяйсняецца гэта справядлівасць – іх не хвалюе. Між тым, паміж вынясеннем прысуду і самой карай – некалькі месяцаў, якія вязень праводзіць ў страшэнным нервовым напружанні – ён не ведае дакладай даты і часу выканання прысуду, таму чакае яго кожнае імгненне. Гэта тыя імгненні, за якія злачынца ператвараецца ў ахвяру.  У гэты момант у асуджанага вельмі абвастраецца слых, ён прыслухоўваецца да кожнага гуку і кроку ў чаканні, калі па яго прыйдуць і павядуць на расстрэл…  

- Адкуль Вы ведаеце пра гэта?

- Сапраўды, тое, што адбываецца ў гэтых камерах, вядома хіба што самім асуджаным, іх ахоўнікам ды выканаўцам прысудаў. А нам, праваабаронцам, гэта вядома з некалькіх крыніцаў… Найперш, з таго, што распавёў нам былы начальнік “Валадаркі” Алег Алкаеў, калі мы наведвалі яго ў Нямеччыне падчас здымкаў фільму “Убыл по приговору”.  Мы гаварылі як раз на гэтую тэму: што адбываецца ў камерах асуджаных на смерць. Алег Алкаеў тады сказаў фразу, якая вельмі запомнілася: “Усе вашыя інтарэсы разаб’юцца аб сцены турмы”.  Мы не можам, вядома, бачыць праз сцены… Але вобразамі, якія мы падрыхтавалі да Тыдня супраць смяротнага пакарання, мы спрабуем крыху прыадчыніць завесу сакрэтнасці, якая створаная вакол гэтай тэмы.  

- Чаму існуе гэтая “завеса сакрэтнасці”?

- Менавіта таму, што смяротнае пакаранне – гэта забойства. І выканаўцы прысуду гэта ведаюць. Ведаюць гэта і суддзі, якія выносяць прысуд.

- А чаму вы абралі такую форму - фігуркі з хлебнага мякіша?

- З 1998 ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” тымі ці іншымі шляхамі траплялі лісты “смяротнікаў”. Першымі, хто напісаліў“Вясну” быў Іван Фамін і Сяргей Праціраеў. Фамін быў расстраляны ў 1998 годзе. А Сяргей Праціраеў быў памілаваны і пераведзены ў турму ў Глыбокае – у “крытую зону”, і працягве адтуль ліставанне з “Вясной”. Ен  нават з’яўляўся падпісчыкам Праваабарончага бюллетэня “Права на Волю”. Займалася перапіскай з ім актывістка нашай кампаніі, пісьменніца і сцэнарыстка Паліна Сцепаненка.

Ліст да нас дайшоў па “турэмнай пошце”. Дасылаў лісты і Андрэй Жук, расстраляны ў сакавіку 2010 года. У гэтых лістах ёсць некаторыя пабытовыя падрабязнасці, пра тое, як бавяць час асуджаныя на смерць. Гэта – красворды, судоку, кнігі (для больш адукаваных). Напрыклад, з лістоў Андрэя Жука вынікала, што яго сукамернік Васіль Юзэпчук, які быў амаль непісьменны, спрабаваў  пераадолець жах смерці песняй “А я сяду в кабриолет и уеду куда-нибудь”… Хаця з’ехаць адтуль нельга, можна толькі “убыть по приговору”.  З лістоў асуджаных таксама вядома і пра фігуркі з хлебнага мякіша – такая творчасць асужаных. Таму мы і вырашылі скарыстаць гэту форму, каб данесці да людзей увесь жах смяротнага пакарання. Нават тых, хто з’яўляецца прыхільнікам гэтага віду пакарання мы заклікаем: хоць на хвіліну задумайцеся, як адбываецца забойства забойцы?!        

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны