Каму патрэбна смяротнае пакаранне?

Кніга Валерыя Філіпава “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”
Кніга Валерыя Філіпава “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”

Напярэдадні Сусветнага Дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, у Мінску адбылася прэзентацыя новага выдання на тэму адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

9 кастрычніка ў мінскім офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прайшла прэзентацыя кнігі Валерыя Філіпава “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”. Акрамя аўтара, перад прысутнымі выступіў аўтар кнігі Валерый Філіпаў, прадстаўнік аддзялення міжнароднай арганізацыі “Міжнародная турэмная рэформа” ў Маскве Сяргей Шамавалос, а таксама старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна.

Пра мерапрыемства паведамляе прэс-служба БАЖ. 

Прэзентацыя не выпадкова адбылася ў офісе арганізацыі, – зазначыла Жанна Літвіна. Па яе словах, Беларуская асацыяцыя журналістаў узяла на сябе абавязак спрыяць з’яўленню і распаўсюду ў СМІ інфармацыі на тэму адмены смяротнага пакарання.

Акрамя таго, па словах Ж. Літвіной, праблема смяротнага пакарання ў апошні час набыла новае гучанне. “Сёння Беларусь зацікаўлена ў аднаўленні свайго статуса ў Парламенскай Асаблеі Савета Еўропы. А гэта звязана з выкананнем прынцыповага патрабавання – адмяніць смяротнае пакаранне ці як мінімум увесці на яго мараторый. Мы спадзяемся, што дыскусія на гэтую тэму, у якой зараз удзельнічаюць самыя высокія чыноўнікі, дасць плён, наблізіць Беларусь да Еўропы і паспрыяе ўваходжанню нашай краіны ў еўрапейскія інстытуты,” – адзначыла старшыня ГА “БАЖ”.

Асноўны занятак Валерыя Філіпава, аўтара кнігі “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”, –  фізіка. Ён доктар фізіка-матэматычных навук, займаецца навуковай і грамадскай дзейнасцю. Сп. Філіпаў – сябра праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Прававая ініцыятыва”.

Сваю цікавасць да тэмы смяротнага пакарання аўтар кнігі называе “поклічам сэрца”: “Вядома, што да праваабарончай тэматыкі звярталіся сусветна вядомыя фізікі і матэматыкі, асабліва шмат іх было сярод расійскіх дысідэнтаў. Так што навука спрыяе праваабарончай дзейнасці”.

Валерый Філіпаў ўжо мае выдадзены ў 2001 годзе зборнік артыкулаў “Смяротнае пакаранне. Так? Не!”.  Ён таксама з’яўляецца аўтарам навуковага выдання “Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі”, якое пабачыла свет у 2004 г. і перавыдавалася двойчы.

Кніга “Каму патрэбна смяротнае пакаранне” мае 120 старонак з фотаздымкамі, з’яўляецца навукова-папулярным выданнем і разлічана на шырокае кола чытачоў. Аўтар разглядае эмацыйныя аргументы на карысць смяротнага пакарання, разважае, ці гатовае наша грамадства да яго адмены і ці з’яўляецца наяўнасць смяротнага пакарання стрымліваючым фактарам пры здзяйсненні злачынстваў.

У кнізе выкладзеныя погляды аўтара на палітычны аспект праблемы і на стаўленне ад яе царквы. У асобным раздзеле прыведзеныя меркаванні філосафаў і пісьменнікаў на гэтую тэму. Аўтар таксама спрабуе разабрацца, ці з’яўляецца пажыццёвае зняволенне альтэрнатывай смяротным прысудам. Упершыню ў праваабарончай літаратуры ўзнятая тэма “Смяротнае пакаранне і тэрарызм”.

Кніга “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”, выдадзеная накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджваецца бесплатна. Па словах аўтара, выданне ў хуткім часе будзе дасяжнае ў інтэрнэце на сайце www.smertnoykazni.net.

Дык ці патрэбна смяротнае пакаранне сённяў Беларусі? “Я не даю прамога адказу, – адзначае Валерый Філіпаў. – Няхай чытачы ўлічаць усе мае аргументы і самі вырашаць. Я толькі пералічыў тых, хто зацікаўлены ў тым, каб смяротнае пакаранне заставалася.”

Выданне новай кнігі стала магчымым дзякуючы праекту Еўрапейскага Саюза “Прасоўванне адмены смяротнага пакарання і развіццё альтэрнатыў дадзенаму пакаранню, адпаведных міжнародным стандартам правоў чалавека у Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуе МГА “Міжнародная турэмная рэформа”.

Нагадаем, што Беларусь дагэтуль застаецца адзінай краінай ў Еўропе, дзе дзяржава здзяйсняе смяротныя прысуды.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны