«Мы чакаем зменаў, але людзей гэта не верне». Галоўнае пра смяротнае пакаранне ў Беларусі

На бягучым тыдні праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра выкананне двух смяротных прысудаў. Расстралялі фігурантаў «справы магілёўскіх чорных рыэлтараў» – Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнова. Вырак агучыў Магілёўскі абласны суд. Belsat.eu сабраў галоўнае пра смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Як ставяцца да смяротнага пакарання простыя людзі?

Беларуская грамадскасць жыве ва ўласнай інфармацыйнай прасторы і не заўважае навінаў аб смяротным пакаранні. Відавочна, падзеі, якія адбываюцца за межамі Беларусі, цікавяць людзей куды болей, чым тое, якія прысуды выносяць нашыя суды, – кажа суразмоўца Belsat.eu юрыст-міжнароднік Лявон Марозаў.

Вось дваіх чалавек прывялі да найвышэйшай меры пакарання. Парталы навінаў пра гэта напішуць, а праз дзень усе забудуць. Гучыць страшна, але грамадства пакуль лічыць, што гэта не іх бяда, не ўсведамляюць жудаснасці карціны.

Чаму так адбываецца? Эксперт адзначае: з аднаго боку, людзі больш жывуць святкаваннем Новага года і пытаннямі курсу рубля. З другога боку, Еўропа і Захад больш цяпер цікавяцца тым, што адбываецца ва Украіне. Таму застаецца чакаць і не забываць аб гэтай праблеме, што і робіць «Вясна», на прыклад, і ў прыватнасці Андрэй Палуда.

Ёсць міжнароднае права і яно нам кажа выконваць патрабаванні Камітэту (дамовы павінны выконвацца добрасумленна), пакуль гэтага не адбываецца. Безумоўна ёсць парушэнні судовых працэсаў. Напрыклад, доказы, сабраныя на месцы злачынства, не выкарыстоўваюцца на слуханні. Самы скандальны судовы працэс апошніх гадоў адбываўся над Канавалавым і Кавалёвым, пра гэта шмат пісалі і казалі беларускія праваабаронцы. Нацыянальныя суды дагэтуль устойліва не жадаюць звяртаць увагі і камунікаваць з Камітэтам па правах чалавека ААН, пачалі толькі ў гэтым годзе з даклада, але пасля яго стала яшчэ больш пытанняў.

Фота REUTERS/Stephen Lam

За гады незалежнасці ў Беларусі агучылі больш за 300 смяротных прысудаў. Як востра гучыць і адгукаецца гэтая праблема ў нашым грамадстве?

Не буду казаць за ўсю грамадскасць, але маё меркаванне такое: мала хто са звычайных людзей і нават актывістаў раздзяляе паняткі «краіна» і «дзяржава». Тое ж самае можна заўважыць і з боку прадстаўнікоў улады, чым яны ахвотна і карыстаюцца.

"Большасць з нас сапраўды любіць сваю краіну і ганарыцца ёю, але калі ты пачынаеш крытыкаваць нешта, што не падабаецца (як смяротнае пакаранне), то дзяржава робіць усе, каб паказаць, што ты крытыкуеш краіну, то бок падмяняецца логіка".

Тыя, хто раздзяляе гэтыя паняткі, становяцца актывістамі ці праваабаронцамі. Але колькі нас? Гэта будзе гучаць дзіўна, але не ўсе ведаюць, што смяротная пакаранне ўвогуле існуе ў краіне. Спадзяюся, гэта не датычыць аўдыторыі «Белсату».

Як рэагуе міжнародная супольнасць

Намаганні праваабаронцаў Беларусі, накіраваныя на адмену смяротнага пакарання, падтрымліваюцца ўрадамі еўрапейскіх краінаў і міжнароднымі арганізацыямі. Ці паўплывае чарговае смяротнае пакаранне на эканамічныя або палітычныя адносіны Беларусі і ЕЗ?

Цяпер падзеі ва Украіне больш моцныя і ў медыйным, і ў палітычным сэнсе за тое, што адбываецца ў нас, як бы гэта жудасна ні гучала. Можна казаць, што козыр адмены смяротнага пакарання чакае свайго часу, улады Беларусі гэта разумеюць. Не здзіўлюся, калі гэтую карту выкінуць перад найбліжэйшымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы асудзіла выкананне чарговага смяротнага пакарання ў Беларусі. Ці ёсць уплыў замежных інстытутаў на прыняцце рашэння аб адмене смяротнага пакарання?

Цяпер мінімальны, акрамя таго, што гэта нервуе чыноўнікаў, і ім чарговы раз даводзіцца нешта казаць, а нічога не адбываецца. Трэба прызнаць што і палітычнай волі ад Захаду не шмат. Напрыклад, мандат ПРААН у Беларусі мае «абмежаваны» характар, і вострых палітычных пытанняў яны не ўздымаюць.

Для беларускіх чыноўнікаў усе гэтыя круглыя сталы і дыскусія – толькі для адной мэты: потым на чарговай міжнароднай справаздачы паказаць, што яны камунікуюць з няўрадавымі арганізацыямі, абмяркоўваюць праблемы. На такіх сустрэчах звычайна прысутнічае чарговы намеснік чарговага старшыні, ад якога наўпрост нічога не залежыць, таму такія дыскусіі павіныя зжыць сябе, а грамадскі сектар – знайсці новыя каналы для ўзаемадзеяння.

Што робіць дзяржава?

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Ці можна чакаць зменаў пры дзейнай уладзе?

Дзяржава безумоўна ў некаторыя моманты не вельмі прафесійна дзеіць ці можа быць некампетэнтнай, як, напрыклад, у пытанні крыміналізацыі хатняга гвалту.

Са смяротным пакараннем усе цяжэй: людзей гэтая сістэма не верне. Ці можна чакаць зменаў? Несумненна, але трэба забыць пра тое, што дзяржаве ў абліччы чыноўнікаў і суддзяў можа стаць сорамна. Трэба спрабаваць зразумець іх, ісці працаваць у дзяржаўныя органы і самім нешта мяняць знутры грамадскага сектару.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны