Адміністрацыя прэзідэнта: меркаванне беларусаў па пытанні смяротнага пакарання асабліва не змянілася

Як паведамляюць naviny.by, Беларусь «паслядоўна ідзе па шляху абмежавання прымянення» смяротнага пакарання, аднак у краіне не адбылося кардынальных зменаў грамадскай думкі па гэтым пытанні, гаворыцца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзідэнта Рыгора Шлыка ў адказ на калектыўны зварот грамадзян.

10 снежня кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў зварот з заклікам да ўладаў ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

«Разглядаючы смяротнае пакаранне як з'яву выключную (смяротныя прысуды ў большасці сваёй выносяцца за забойства, як правіла, двух і больш асобаў, па сукупнасці іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў), Беларусь паслядоўна ідзе па шляху абмежавання яе прымянення, - адзначыў Шлык. - У прыватнасці, шляхам выключэння смяротнага пакарання з санкцый шэрага артыкулаў, непрымянення яе да непаўналетніх, жанчынаў і мужчынаў, якія дасягнулі да дня вынясення прысуду 65 гадоў, а таксама ў дачыненні да асобаў, якія выканалі абавязацельствы, прадугледжаныя дасудовым пагадненнем, увядзення ў якасці альтэрнатывы пажыццёвага зняволення і павелічэння максімальнага тэрміну пазбаўлення волі да 25 гадоў».

Разам з тым, зазначыў чыноўнік, у Беларусі «не адбылося кардынальных зменаў грамадскай думкі па пытанні смяротнага пакарання» - па выніках праведзенага ў 1996 годзе рэферэндуму больш за 80% грамадзянаў, якія прынялі ў ім удзел, выказаліся за яе захаванне.

«У сувязі з гэтым пытанне ўвядзення мараторыя на прымяненне пакарання ў выглядзе смяротнай кары неабходна вырашаць толькі з улікам меркавання насельніцтва нашай краіны», - гаворыцца ў адказе.

На зварот таксама адказаў старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання Андрэй Навумовіч.

«На нашу думку, у пытанні аб увядзенні мараторыя на выкананне смяротных прысудаў асноватворным з'яўляецца гатоўнасць грамадства да такіх рашэнняў. На рэферэндуме 1996 года больш за 80% яго ўдзельнікаў выказаліся за захаванне выключнай меры пакарання», - адзначыў ён.

Паводле слоў дэпутата, «у цяперашні час адзінай кропкі гледжання адносна перспектыў адмены выключнай меры пакарання ў нашай краіне няма».

«У сувязі з гэтым вашыя прапановы не падтрымліваюцца», - сказаў на заканчэнне Навумовіч.

У 2018 годзе ў Беларусі пакаралі смерцю чатырох чалавек: неаднаразова судзімага жыхара Нароўлі Аляксея Міхаленю, які ў сакавіку 2016 года здзейсніў забойства суседзяў-пенсіянераў; Віктара Лётова, які ў 2017 годзе быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім, а таксама двух фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко.

Беларусь - адзіная еўрапейская краіна, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін памілаваны прэзідэнтам.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны