Павел Левінаў: Смяротнае пакаранне расцэньваю як парушэнне права на жыццё

Павел Левінаў у Мінскім гарадскім судзе.
Павел Левінаў у Мінскім гарадскім судзе.

Праваабаронца Павал Левінаў звярнуўся да суддзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду з просьбай адмовіцца ад вынясення смяротных прысудаў, паведамляе "Віцебская Вясна". Ён звярнуўся да іх пасля таго, калі дазнаўся, што ў аблсуд паступіла на разгляд справа 50-гадовага Віктара Паўлава, якога абвінавачваюць у забойстве з асаблівай лютасцю (ч.2 арт.139 КК) і разбоі з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў (ч.3 арт.207 КК). Па выніках разгляду гэтай справы мужчыне можа быць вынесены смяротны прысуд — расстрэл.

У звароце да судзяў Павал Левінаў сцвярджае, што колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў Беларусі пастаянна павялічваецца, хоць “большасць пакуль хоча захаваць гэты від пакарання”. Але запэўнівае, што выкананне правоў чалавека не павінна залежыць ад настрояў у грамадстве.

“Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакаранне для злачынцы, якое служыць мэтам правасудзя і вартае грамадства, дзе права на жыццё ёсць  абсалютнай каштоўнасцю. Смяротнае пакаранне расцэньваю як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Цвёрда перакананы, што нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы”, – выказвае сваю пазіцыю Левінаў.

Піша, што да нядаўняга часу меркаваў, што суддзі судовай калегіі па крымінальных справах цвёрда датрымліваюцца права на жыццё. Але, напрыклад, 6 кастрычніка 2017 году ўжо набыў сілу смяротны прысуд Віцебскага абласнога суду.

“Памятайце, што смяротны вырак легалізуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства”, – звярнуўся да судзяў Левінаў.

У дадатак да звароту праваабаронца перадаў суддзям брашуру “Несмяротная кара. Таму што мы людзі”.

Калі пачнецца разгляд справы Віктара Паўлава ў Віцебскім абласным судзе, пакуль невядома.

Летась Павал Левінаў ужо звяртаўся да віцебскіх суддзяў з просьбай прыпыніць вынясенне смяротных прысудаў.

На сёння 140 са 192 дзяржаваў свету ўжо адмянілі смяротнае пакаранне заканадаўча альбо не прымяняюць яе на практыцы. Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, у якой штогод прымяняецца у дачыненні да сваіх грамадзянаў смяротнае пакаранне – згодна з выракамі судоў, якія выносяцца ад імя Рэспублікі Беларусь.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны