У Гомелі можа быць вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд. У Віцебску таксама

Сяргей Дзербянёў. Фота: kp.by
Сяргей Дзербянёў. Фота: kp.by

Удзельнік нацыянальнай кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што ў Гомелі да смяротнага пакарання могуць прысудзіць затрыманага на днях у Расіі аднаго з лідэраў крывавай гомельскай банды Марозава - Сяргея Дзербянёва.

Паведамляецца, што зараз 52-гадовы гамяльчанін знаходзіцца ў расійскім СІЗА, хутка яго экстрадуюць у Беларусь. Сяргей Дзербянёў больш за 14 гадоў знаходзіўся ў міжнародным вышуку за здзяйсненне забойстваў у Гомельскай вобласці ў канцы 90-х - пачатку 2000 гадоў. Усяго следствам было даказана больш за 100 злачынстваў, учыненых "марозаўцамі", у тым ліку каля 20 забойстваў.

Леанід Судаленка, як паведамляе "Гомельская Вясна",  раней займаўся рэзананснай справай асуджанага на смерць жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, аказваў дапамогу ягонай маці Вользе Груновай.

У 2018 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне аб парушэнні Рэспублікай Беларусь права на жыццё і справядлівае судовае разбіральніцтва ў дачыненні да самога пакаранага і парушэнне права не падвяргацца катаванням, бесчалавечнаму абыходжанню ў дачыненні да яго маці.

Праваабаронца ўваходзіць у нацыянальную кампанію "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» і стварыў адмысловую падборку ўсіх смяротных прысудаў у Гомельскім рэгіёне за апошнія 25 гадоў.

Аказалася, з 1996 года па цяперашні час у Гомельскай вобласці расстраляныя 10 чалавек. Акрамя Гомеля, смяротныя прысуды прыводзіліся ў выкананне ў дачыненні да жыхароў Мазыра, Нароўлі, Рэчыцы і Светлагорска ў 2018, 2017, 2015, 2014, 2013, 2008 г., 2006 і 1996 гадах. Беспрэцэдэнтным выпадкам у судовай практыцы Беларусі з'яўляецца справа банды Марозава і Данчанкі, якім смяротныя прысуды былі вынесеныя двойчы - у 2006 і 2007 гадах.

Тым часам  Віцебскі абласны суд неўзабаве вынесе прысуд па крымінальнай справе жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава. Яго падазраюць у забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына Віцебскага раёну. Мужчыне пагражае смяротнае пакаранне. Супраць 50-гадовага мужчыны выстаўленыя абвінавачванні па ч.3 арт.207 КК (Разбой) і ч.2 арт.139 (Забойства).

Віктар Паўлаў. Скрыншот з відэасюжэта на ютуб-канале Следчага камітэта РБ.
Віктар Паўлаў. Скрыншот з відэасюжэта на ютуб-канале Следчага камітэта РБ.

Адзначым, што Віктар Паўлаў быў раней асуджаны паводле таго ж самага артыкулу. За забойства мужчыны ён правёў за кратамі 10 гадоў, вызвалены ў 2015 годзе.

Трагедыя ў Прысушыне адбылася 30 снежня 2018 году. Паводле версіі следства, злачынца трапіў у дом жанчын з мэтай рабавання. Ён напаў на гаспадынь (сёстрам было 77 і 79 гадоў) і стаў іх збіваць драўлянай палкай. Ад атрыманых траўмаў яны памерлі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны