У Гародні на курсах "Мова нанова" абмеркавалі праблему смяротнага пакарання

Чарговае пасяджэнне гарадзенскіх курсаў "Мова нанова", якое прайшло другога сакавіка ў Гародні, было прысвечана праблеме смяротнага пакарання. Як піша "Гарадзенская Вясна", спярша ўдзельнікі заняткаў перакладалі на беларускую мову тэкст, датычны праблемы каронавірусу і патэнцыйнага пакарання за яго распаўсюд у Кітаі, а потым адбылася сустрэча і дыскусія з каардынатарам кампаніі супраць смяротнага пакарання - мінскім праваабаронцам Андрэем Палудам.

mova_na_nova3.jpg
Андрэй Палуда і праваабаронцы з Гародні Віктар Сазонаў і Раман Юргель

Абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання ў нашай краіне і яго рэалізацыі пераўтварыліся на сустрэчы ў змястоўную дыскусію, дзе гучалі сама розныя аргументы за і супраць смяротнай кары.

"Паводле сацыялагічных апытанняў лічба людзей у нашай краіне, якія выступаюць за смяротнае пакаранне, змяншаецца. Зараз такіх каля 63%, прычым з гэтай колькасці палова - каля 30% кажуць пра смяротнае пакаранне ва ўмоўным ладзе і за яго прымяненне толькі пры пэўных акалічнасцях. За перыяд пасля рэферэндуму, які ўзаконіў смяротнае пакаранне, прайшло шмат часу, вырасла новае пакаленне, якое мае ўжо іншае мысленне. І ўсведамленне таго, што Беларусь - апошнняя дзяржава, якая ў Еўропе выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, дае разуменне, што ў нашай краіне штосці не так з заканадаўствам. Амаль ва ўсіх краінах, дзе смяротнае пакаранне адмянялася, услед адразу мянялася і грамадская думка", - адзначыў Андрэй Палуда.

mova_na_nova2.jpg
Наведвальнікі разглядаюць выставу, прысвечаную смяротнаму пакаранню ў Беларусі

Паводле праваабаронцы, тое, што дзяржава страляе людзей, а потым яшчэ не выдае целы расстраляных сваякам, і тыя не ведаюць, дзе пахаваны іх блізкія, - гэта ўсё ганебная спадчына Савецкага саюзу, ад якой трэба адмаўляцца.

"Мы не баронім злачынцаў, мы лічым, што адплата расстрэлам не бывае справядлівай. Тым больш, што заўсёды існуе вялікая верагоднасць судовай памылкі. Яскравым прыкладам таму - так званае "віцебская справа", калі расстралялі зусім невінаватага чалавека, а яшчэ некалькі былі зняволены і сур'ёзна страцілі здароўе. Таму мы перакананыя, што пажыццёвае зняволенне для людзей, якія здзейснілі цяжкія злачынствы, будзе куды больш справядлівым".

 

Перад сустрэчай і пасля яе ўдзельнікі курсаў маглі паглядзець адмысловую выставу, якую падрыхтаваў праваабарончы цэнтр "Вясна" на тэму смяротнага пакаранння. У канцы дыскусіі дэманстраваліся таксама адмысловыя відэаролікі супраць прымянення смяротнага пакарання.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Фота

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны