У Беларусі адшукаўся яшчэ адзін смяротнік

СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Фота: sputnik.by
СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Фота: sputnik.by

Па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам, у Следчым ізалятары №1 Мінска знаходзіцца не шэсць, а сем асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Яшчэ адзін прысуд быў вынесены, меркавана, Віцебскім абласным судом ў мінулым годзе.

Каб спраўдзіць альбо абвергнуць гэтую інфармацыю, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда патэлефанаваў прэс-сакратару Вярхоўнага суда Беларусі Юлі Лясковай. Аднак яна, спаслаўшыся на невызначаны законам статус праваабаронцаў ў Беларусі, адмовілася каментаваць інфармацыю, хаця і не абвергла яе.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў здолеў адшукаць дадатковую інфармацыю, аб тым што, сапраўды, Віцебскім абласным судом 22 верасня 2017 года быў вынесены смяротны прысуд. Ён уступіў у законную сілу 6 кастрычніка 2017 года. Гэты прысуд не абскарджваўся і не апратэстоўваўся.

Дагэтуль праваабаронцам было вядома пра шэсць грамадзян, асуджаных да смяротнага пакарання, некаторыя з якіх беспаспяхова абскардзілі прысуды ў Вярхоўным судзе. Гэта жыхар Мазыра Кірылл Казачок, які зімой 2016 года забіў дваіх уласных дзяцей,  раней неаднойчы судзімы жыхар Нароўлі Алесь Міхаленя, які ў сакавіку 2016 года забіў суседзяў-пенсіянераў. Яшчэ двое – Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны – фігуранты гучнай справы “чорных рыэлтараў”.

А сёлета Мінскі гарадскі суд вынес два смяротныя прысуды мінчанам Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарка за забойства маладой пары ў Мінску і мужчыны ў Калодзішчах. Увесну іх прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але Вярхоўны суд вярнуў справу на перагляд. Зараз у іх засталося права падаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны