Вярхоўны суд пакінуў без зменаў смяротныя прысуды Жыльнікаву і Сухарко
29 траўня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд Аляксандра Жыльнікава, асуджанага за забойства трох чалавек.
Рашэнне па справе было агалошана 30 траўня ў 12.00 - пакінуць прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення. Такім чынам, Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарко застаецца вынесенае раней пакаранне - расстрэл.
Учора Аляксандр Жыльнікаў хадайнічаў аб прызначэнні новай медыка-крыміналістычнай экспертызы, якая змагла б ўсталяваць дакладнае паходжанне плям крыві на яго вопратцы, што, на яго думку, магло б пацьвердзіць яго недатычнасць да двух забойстваў. Аднак судовая калегія, у якой старшынёй быў суддзя Сяргей Гураў, не пабачыла падстаў для задавальнення хадайніцтва.
А пракурор Алег Буйленкоў выказаўся, што скаргі Жыльнікава і адвакатаў беспадстаўныя і не падлягаючыя задавальненню.
Вячаслаў Сухарко свой прысуд абскарджваць не збіраўся, аднак яго адвакатка ўсё роўна павінна была звярнуцца ў апеляцыйную інстанцыю. Cам Сухарко падчас свайго выступу ў судзе заявіў пра расстрэл двух іншых асуджаных да смяротнага пакарання - Аляксея Міхалені і Віктара Лётава.
Каардынатар кампаніі "Праваабронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда пасля абвяшчэння выніку выказаў сваё расчараванне з нагоды судовага рашэння і нагадаў пра тыя падзеі, на фоне якіх у Беларусі адбываюцца новыя расстрэлы.
"У нас былі спадзевы на тое, што ў апеляцыйным парадку ўсё ж больш падрабязна будуць прааналізаваны ўсе абставіны справы. Чуючы ўчора пазіцыю адвакатаў, можна было заўважыць, што далёка не ўсе моманты справы былі разгледжаны папярэдне. Аднак мы маем вось такі вынік.
Зараз у камеры смяротнікаў, па нашай інфармацыі, знаходзяцца чатыры чалавекі, у адносінах да якіх, згодна з заканадаўствам, прысуд можа быць прыведзены ў выкананне проста ў любы момант. Таксама варта заўважыць, што ўсе гэтыя падзеі, і сённяшні вырак, і новыя расстрэлы, адбываюцца на фоне актыўнага дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржавы і дэпутатамі, на фоне правядзення канферэнцый з удзелам высокіх гасцёў. Робяцца заявы, што Беларусь наблізілася як ніколі раней да адмены смяротнага пакарання, а выкананне смяротных прысудаў працягваецца".
Нагадаем, у снежні 2015 г. у Мінску здарылася трагедыя - у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла правучыць саперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў) перастараліся - адбылося забойства выбранніцы хлопца і яго самога. А адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.