Сухая галадоўка Гершанкова ў камеры смяротнікаў – адказ на парушэнне права на перапіску
Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Магілёва Ігар Гершанкоў заявіў, што з 27 чэрвеня распачынае сухую галадоўку ў камеры смяротнікаў следчага ізалятара №1. Пра гэта праваабаронцам паведаміла ягоная маці Людміла Адамаўна, якой было прадстаўлена кароткатэрміновае спатканне. Ігар Гершанкоў таксама папярэдзіў маці, каб запланаваную на ліпень харчовую перадачу яна яму не перадавала.
Па яе словах, прычынай для такога сур’ёзнага рашэння стала парушэнне правоў асуджанага і ў першую чаргу - права на перапіску. Ён і раней наракаў на тое, што ня ўсе ягоныя лісты пакідаюць сцены Валадаркі. Прынамсі гаворка йдзе як пра лісты да родных, так і пра скаргі, якія ён дасылаў у беларускае прадстаўніцтва ААН, а таксама праваабаронцам. І нават тыя лісты, якія даходзяць, цэнзары падоўгу затрымліваюць у сябе.
“Вось на гэтай паперцы я ўвесь час рэгіструю даты лісты, якія пішу яму і якія сын пасылае мне. У чэрвені сын адправіў некалькі лістоў. Дагэтуль ніводнага не атрымала. Мае лісты часцей даходзяць, але ўчора пры спатканні Ігар паказаў мой ранейшы ліст, дзе з двух старонак тэксту толькі чатыры радочкі былі не замазаныя ручкай цэнзара. Я адпраўляла яму тэлеграму аб тым, што ягоныя скаргі не дайшлі да адрасатаў, аднак яе таксама сыну не перадалі”, - распавядае заплаканая жанчына.
Людміла Адамаўна спрабавала адпраўляць заказныя лісты, аднак на такую карэспандэнцыю супрацоўнікі СІЗА таксама ніяк не рэагуюць.
Следчы камітэт Беларусі раней абвяргаў заявы Ігара Гершанкова аб парушэнні ягоных правоў. У інтэрвію БелаПАНу начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадзкасцю СК Сяргей Кабаковіч адзначыў: праведзеная праверка не знайшла ніякіх парушэнняў правоў асуджанага Гершанкова.
Не хаваючы слёз маці распавяла, што пры спатканні было цяжка пазнаць сына, ён стаў зусім сівым і схуднелым.
– Перамаўляліся з Ігарам па тэлефоне праз шкло ў прысутнасці ахоўніка, які стаяў побач і сачыў за намі. Размаўлялі і доўга плакалі разам, – кажа яна.
У сярэдзіне чэрвеня праваабаронцы паведамлялі, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў ў адносінах да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Тэрмін разгляду нагляднай скаргі – месяц з моманту яе паступлення да службовай асобы. Гэта значыць, што цягам наступнага месяца прысуд у адносінах да Гершанкова і Беражнога не будзе прыведзены ў выкананне.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.