Стрымліваючы эфект смяротнай кары: аргумент, які не працуе
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Каардынатары кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" сумесна з газетай "Народная Воля" падрыхтавалі спецыяльны выпуск газеты, прысвечаны праблеме смяротнай кары. Прапануем адзін з матэрыялаў гэтага спецвыпуска.
Прыхільнікі смяротнага пакарання ў Беларусі не стамляюцца перыядычна заяўляць, што забойства ад імя дзяржавы неабходнае, паколькі з’яўляецца фактарам ўтаймавання злачыннасці і ачышчэння грамадства.
Праваабаронцы ж сцвярджаюць, што ў якасці прафілактычнай меры смяротнае пакаранне разглядацца не можа, паколькі яно не з’яўляецца стрымліваючым злачыннасць фактарам. Не будзем дыскутаваць, проста супаставім лічбы.
"Правасуддзе без забойства". Афіша мерапрыемстваў Тыдня супраць смяротнага пакарання
Дзе тонка – там ірвецца
Штогод Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь агучвае звесткі аб узроўні злачыннасці ў краіне, адзначаючы ўстойлівую тэндэнцыю зніжэння крымінагеннага накалу. Так, напрыклад, колькасць зарэгістраваных злачынстваў па дадзеных МУС за 10 год, пачынаючы з 2008 года знізілася амаль удвая: з 158,5 тысяч (2008 г.) да 83,8 тысяч выпадкаў у мінулым годзе.
Падаецца, што і колькасць смяротных прысудаў павінна няўхільна памяншацца, аднак гэтага не адбываецца. Так, па дадзеных кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў напрацягу апошніх дзесяці год застаецца нязменнай – 2-4 выпадкі кожны год, за выключэннем 2012 года, калі да выключнай меры пакарання не асудзілі ніводнага чалавека.
Відавочна іншае: агульны ўзровень злачыннасці ўплывае на колькасць растрэльных прысудаў. Напрыклад, за 10 год па дадзеных праваабаронцаў, у Мінскай і Гомельскай вобласці вынесена па 6 смяротных прысудаў. Менавіта гэтыя рэгіёны даюць максімальную колькасць зарэгістраваных злачынстваў (Мінская вобласць у 2018 годзе – амаль 16 тысяч, Гомельская – 13 тысяч). У астатніх рэгіёнах Беларусі сітуацыя прыкладна аднолькавая: па тры вынесеныя смяротныя прысуды ў Магілёўскай, Гродзенскай і Віцебскай і 2 прысуды ў Брэсцкай абласцях. Менавіта тут агульная крымінагенная сітуацыя адрозніваецца ў лепшы бок.
КОЛЬКАСЦЬ ВЫНЕСЕНЫХ СМЯРОТНЫХ ПРЫСУДАЎ ПА РЭГІЁНАХ БЕЛАРУСІ ЗА 10 ГОД
Цікава, што на канферэнцыі "Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Беларусі" ў Мінску 27 жніўня, старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Наталля Гуйвік заявіла, што на Віцебшчыне смяротныя прысуды ў апошні час не выносяцца. Аднак статыстыка сведчыць пра адваротнае: да растрэлу прысуджаюць у розных рэгіёнах, паколькі злачыннасць не мае геаграфічных межаў, дарэчы, як і сацыяльных, напрыклад, ці ўзроставых.
Калі скласці партрэт беларускага смяротніка, то атрымаецца наступная карціна. Так, напрыклад, самы малады з растраляных за апошнія 10 год – жыхар Рэчыцы Сяргей Іваноў (21 год), а самы старэйшы – Генадзь Якавіцкі з Вілейкі, якому споўнілася на час выканання прысуду 49 год. Сярэдні ж узрост пазбаўленых жыцця ад імя дзяржавы складае 32 з паловай гады. У большасці асуджаныя да смяротнага пакарання не маюць трывалых сямейных сувязяў і злоўжываюць алкаголем.
Вядома, што алкагалізм і злачыннасць цесна звязаныя паміж сабой, але гэта асобная тэма. Апошнія лічбы паводле інфармацыі, напрыклад, Магілёўскага УУС: толькі за 7 месяцаў 2019 года колькасць злачынстваў, здейсненых грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення, вырасла ў рэгіёне на 28% у параўнанні з мінулым годам.
Чаму так хутка?
Праваабаронцы адзначаюць яшчэ адну важную праблему, звязаную са смяротным пакараннем: вельмі кароткі час, які праходзіць ад моманту абвяшчэння прысуду да прывядзення яго ў выкананне.
Беларускім заканадаўствам не прадугледжана, колькі часу смяротнік можа чакаць растрэлу. Пасля вынясення прысуду большасць асуджаных да смяротнага пакарання звяртаюцца з апеляцыйнай скаргай у Вярхоўны суд, на што патрабуецца некалькі месяцаў. Затым падаецца прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта, на што таксама сыходзіць час. Пасля гэтых працэдур за смяротнікам могуць прыйсці ў любы момант.
КОЛЬКІ ЧАСУ АСУДЖАНЫЯ ДА СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ ЧАКАЮЦЬ ВЫКАНАННЯ ПРЫСУДУ?
Паводле звестак, якімі валодаюць праваабаронцы, за перыяд з 2008 года ў Беларусі былі расстраляныя 23 чалавекі. У сярэднім яны чакалі выкананне прысуду па 11 месяцаў.
Найменей жыць пасля прысуду выпала фігурантам справы аб тэракце ў Мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва расстралялі праз тры з паловай месяца з дня абвяшчэння прысуду.
Па 18 месяцаў правялі ў камеры смяротнікаў “чорныя рыэлтары” з Магілёва Сямён Беражной і Ігар Гершанкоў, 16 месяцаў – адзін з банды забойцаў на аўтадарогах Ігар Мялік.
Магчымасць, якую ігнаруе дзяржава
У асуджанага, альбо ягоных сваякоў ці прадстаўнікоў, ёсць магчымасць накіраваць індывідуальны зварот у Камітэт ААН па правах чалавека. Пасля рэгістрацыі звароту (скаргі) Камітэт звяртаецца да ўлада Беларусі з просьбай прыняць «часовыя меры» і не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне да разгляду зварота камітэтам. Такая працэдура накіраваная на прадухіленне прычынення дзяржавай непапраўнай шкоды.
Большасць з асуджаных да смяротнага пакарання выкарысталі такую магчымасць.
Аднак да сённяшняга дня Рэспубліка Беларусь праігнаравала ўсе просьбы КПЧ ААН датычны прыпынення выканання прысудаў у дачыненні да асобаў, чые справы знаходзіліся на разглядзе Камітэта. Між тым парушэнне працэдуры «часовай меры», з’яўляецца парушэннем Рэспублікай Беларусь яе абавязацельстваў па артыкуле 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога краіна далучылася ў 1992 годзе.
Так, у чэрвені 2019 года напярэдадні правядзення ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава, што выклікала асуджэнне з боку шэрагу міжнародных арганізацый. Асуджаны з'яўляўся 14-м чалавекам, пакараным нягледзячы на тое, што яго справа знаходзілася на разглядзе Камітэта па правах чалавека. Улады павінны былі прыпыніць выкананне смяротнага прысуду да вынясення адпаведнага рашэння.
«Ігнаруючы просьбу Камітэта прыпыніць выкананне смяротнага прысуду на час разгляду скаргі на прадмет заяўленых парушэнняў, Беларусь паказвае не толькі сваю непавагу да Камітэта, але і адсутнасць павагі да права на жыццё», - сказаў з гэтай нагоды намеснік старшыні Камітэта па правах чалавека і адзін з адмысловых дакладчыкаў Камітэта па новых паведамленнях і часовых мерах Юваль Шані.
Сяржук Сыс, «Народная Воля”.