Справа віцебскага смяротніка: цяпер альбо расстрэл, альбо памілаванне

Віктар Паўлаў у судзе.
Віктар Паўлаў у судзе.

Сёння, 12 лістапада Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Віцебшчыны Віктара Паўлава.

Нагадаем, смяротны прысуд віцябчаніну быў вынесены 30 ліпеня 2019 года Віцебскім абласным судом, абвінаваціўшы яго ў забойстве дзвюх пенсіянерак.

Прадстаўнікі пацярпелых у суд не прыйшлі. На судзе прысутнічала сястра Раіса Анатольеўна. Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі прысутнічалі каля дзесятка чалавек: журналісты і праваабаронцы. Сярод іх каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, праваабаронцы “Вясны” Валянцін Стэфановіч і Паліна Сцепаненка, а таксама віцебскі праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Павел Левінаў.

paulau_sud_12.jpg
У Вярхоўным судзе 12 лістапада сястра Паўлава, праваабаронцы Павел Левінаў і Андрэй Палуда

Апеляцыйную скаргу разглядаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч і судовая калегія па крымінальных справах. У разглядзе скаргі таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

У скарзе Віктар Паўлаў прасіў змякчыць прысуд і прызначыць альтэрнатыўнае пакаранне ў межах санкцыі, па якой прызнаны вінаватым (ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэкса).

Адразу ў судзе зачыталі апеляцыйную скаргу Віктара Паўлава, дзе ставіцца пад сумнеў выкананне прынцыпу справядлівага судовага разбору суда пры разглядзе яго справы. Так, у прысудзе не адлюстраваны станоўчыя характарыстыкі яго асобы, не ў поўнай меры ўлічаны факт яўкі з павіннай, поўнае прызнанне віны Паўлава, актыўнае супрацоўніцтва падчас следства.

У апеляцыйнай скарзе адзначаецца, што парушэнне гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на жыццё. Таксама ў скарзе асуджанага да смяротнага пакарання пазначаецца, што быў парушаны шэраг іншых правоў. Напрыклад, права на абарону, так як ён змог выбраць адваката толькі пасля прысуды суда. Былі парушаныя і іншыя правы як падазраванага.

Вынясення смяротнага прысуда парушае яго права не падвяргацца катаванням і жорсткаму бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанню. Паўлаў раскайваецца і просіць змяніць прысуд з прызначэнне больш мяккага пакарання з улікам прынцыпу гуманнасці.

У разглядзе апеляцыйнай скаргі ўдзельнічалі дзве адвакаткі.

Адвакатка Паўлава звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага суда на тое, што справа рэзанансная і за ёй назірае не толькі беларускае грамадства, але і міжнародная супольнасць. Наяўнасць смяротнага прысуду ў краіне ўплывае на ўзровень павагі і захавання правоў чалавека. Сапраўды, з асуджэннем вынясення смяротных прысудаў у Беларусі выступілі, напрыклад, такія арганізацыі як Савет Еўропы і Еўрасаюз.

Адвакатка падчас прамовы абаронцы звярнула ўвагу, што Віцебскі абласны суд пры вынясенні прысуду заняў аднабаковую, прадузятую абвінаваўчую пазыцыю пры апісанні асобы Паўлава. На яе думку, гэта адзін з істотных фактараў, які паўплываў на вынясенне празмернага суровага і жорсткага прысуду.

Яна звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага Суда, што па Канстытуцыі смяротнае пакаранне носіць выключны і часовы характар. Таксама адвакатка апелявала міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і адзначала, што смяротнае пакаранне не адпавядае Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Нагадала, што шэраг міжнародных арганізацый з 90-х гадоў актыўна заклікаюць Беларусь накласці мараторый на вынясенне смяротных прысудаў.

Іншая адвакатка таксама звярнула ўвагу суддзяў Вярхоўнага суда на суровы і негуманны прысуд.

Як яна адзначыла, у прысудзе Віцебскага абласнога суда былі адлюстраваны толькі два змякчальных факта:

  • яўка з павіннай;
  • актыўнае спрыянне раскрыццю злачынства.

Адвакатка падкрэсліла, што на момант затрымання толькі яўка з павіннай, а значыць паказанні Віктара Паўлава, з'яўляліся адзінай крыніцай інфармацыі.

«Ён сам прадаставіў усё, каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці», — выказвае здзіўленне адвакатка з нагоды прызначэння вышэйшай меры пакарання.

Адвакаткі звярталі ўвагу на шэраг недахопаў, якія былі дапушчаныя падчас следства, і ў наступстве пакладзены судом у аснову смяротнага прысуду.

На думку абароны Паўлава, у дадзеным выпадку не было падстаў для вынясення вышэйшай меры пакарання. Яны прасілі суддзяў Вярхоўнага суда змяніць прысуд Віцебскага абласнога суда і прызначыць іншае альтэрнатыўнае пакаранне, прадугледжанае ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса.

У судзе прысуджаны да смяротнага пакарання па сутнасці прысуду не даў ніякіх паказанняў. Ён сказаў, што перажывае з таго, што здарылася.

«Я ўсё страціў у сваім жыцці: і сям'ю, і дзяцей ...» — сказаў праз слёзы Віктар Паўлаў.

paulau_sud_78.jpg
Перад разглядам апеляцыйнай скаргі Паўлава ў Вярхоўным судзе

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры цалкам падтрымаў пазіцыю Віцебскага абласнога суда, і не ўбачыў падстаў для змены прысуду. На яго думку, абласны суд правільна кваліфікаваў дзеі Паўлава, а таксама поўна і ўсебакова вывучаны матэрыялы справы. Ён лічыць, што пакаранне прызначанае суразмерна здзейсненаму злачынству.

"Ён прадэманстраваў грэбаванне да жыцця", — сказаў напрыканцы пракурор.

Вярхоўны суд выдаліўся ў дарадчы пакой да 13:00 для вынясення рашэння.

Пасля перапынку было прынята рашэнне пакінуць апеляцыйную скаргу Віктара Паўлава без задавальнення, а смяротны прысуд Віцебскага абласнога суда ў сіле. Прысуд уступіў у законную сілу.

Фота

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны