Чарговы смяротны прысуд вынеслі ў Слуцку
У пятніцу, 6 сакавіка, Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды "слуцкай бандзе". Трох жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве 79-гадовага і 94-гадовага пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Па дадзеных следства, абвінавачаныя спачатку душылі старых, а потым спальвалі іх жыўцом. Усё гэта адбывалася ў студзені 2019 года.
Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення, а таксама смяротнага пакарання. Суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прызначыў тое пакаранне, якое запрашваў дзяржабвінаваўца Вадзім Лолуа.
- 29-гадовы Віктар Скрундзік па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса прысуджаны да выключнай меры пакарання — расстрэлу;
- 25-гадовы Віталь Мяцеж па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 22 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 33-гадовы Валянцін Бушнін па дзвюх артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Судовы працэс па гэтай справе ў будынку Слуцкага суда працягваўся больш за месяц. Пад вартай абвінавачаныя знаходзіліся каля года.