Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі за захаванне жыцця братам Косцевым

Amnesty International заклікае выратаваць ад пакарання братоў, асуджаных у Беларусі да смерці. Адпаведная заява размешчаная на сайце арганізацыі.

Браты Станіслаў і Ілля Косцевы, 19 гадоў і 21 год адпаведна, былі 10 студзеня асуджаныя да смерці за забойства сваёй суседкі пад апладысменты публікі, якая прысутнічала ў Магілёўскім абласным судзе ў Беларусі. У бліжэйшы час іх справу разгледзіць Вярхоўны суд, і калі ён пакіне ў сіле гэты прысуд, асуджаным пагражае немінучае пакаранне смерцю. Смяротнае пакаранне з'яўляецца вельмі жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць відам пакарання; смяротныя прысуды асуджаным неабходна замяніць турэмным зняволеннем.

Смяротны прысуд, вынесены дваім маладым братам, шакаваў многіх людзей у Беларусі і ў іншых краінах. За апошнія гады Беларусь неаднаразова заяўляла аб намеры рана ці позна спыніць правядзенне пакаранняў смерцю, выказвала гатоўнасць займацца гэтым пытаннем і абмяркоўвала яго з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці. Але нягледзячы на гэта ў краіне працягваюць выносіць смяротныя прысуды і караць смерцю людзей (у 2019 годзе было вынесена тры смяротныя прысуды і па меншай меры трое чалавек былі пакараныя, у цяперашні час у камерах смяротнікаў знаходзіцца пяць чалавек).

Браты Станіслаў і Ілля Косцевы былі прызнаныя вінаватымі ў забойстве суседкі, якая паведаміла сацыяльным службам, што сястра асуджаных не даглядае належным чынам за сваімі дзецьмі. На момант забойства ім споўнілася 18 і 20 гадоў адпаведна.

Amnesty International ніякім чынам не апраўдвае таго, што яны здзейснілі, і толькі выступае за тое, каб іх смяротны прысуд быў заменены турэмным зняволеннем. Улады павінны прыняць да ўвагі ўсе абставіны, звязаныя з іх справай, і прытрымлівацца мераў, накіраваных на тое, каб выправіць асуджаных, а не караць іх і помсціць ім.

Смяротныя прысуды ў Беларусі прыводзяцца ў выкананне ў рэжыме строгай сакрэтнасці, без належнага паведамлення як самім асуджаным, так і іх сваякам або законным прадстаўнікам. Улады адмаўляюцца перадаваць целы пакараных іх сваякам і нават паведамляць ім пра месца пахавання. Нягледзячы на звароты Камітэта ААН па правах чалавека да ўрада, пакаранні працягваюць праводзіць. Камітэт неаднаразова запытваў магчымасць разгледзець кожны канкрэтны смяротны прысуд да яго прывядзення ў выкананне. У лістападзе 2012 года Камітэт па правах чалавека прызнаў, што правядзенне смяротных пакаранняў у Беларусі парушае правы чалавека асуджаных і іх сем'яў.

Amnesty International выступае супраць прымянення смяротнага пакарання ва ўсіх без выключэння выпадках, лічачы яго парушэннем права на жыццё, замацаванага ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і прызнаючы яго вельмі жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць відам пакараннем. Amnesty International падтрымлівае заклікі, якія змяшчаюцца ў шасці рэзалюцыях, прынятых Генеральнай Асамблеяй ААН з 2007 года, аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне з перспектывай поўнай адмены гэтага віду пакарання. На сённяшні дзень 142 краіны адмянілі смяротнае пакаранне заканадаўча або на практыцы.

Amnesty International заклікае напісаць пасланне старшыні камісіі па правах чалавека Генадзю Давыдзьку сваімі словамі або па ўзоры, падрыхтаваным арганізацыяй, каб захаваць жыццё братам Косцевым. 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны