Вярхоўны суд адмяніў смяротны прысуд Віктару Скрундзіку
У 9.30 раніцы 30 чэрвеня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд апеляцыйнай скаргі на смяротны прысуд жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка, а таксама на прысуды абвінавачаных па справе Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа.
Але толькі 29-гадовага Віктара Скрундзіка даставілі ў суд, ён закаваны ў кайданкі і ў апрануты ў спецвопратку смяротніка з надпісам "ІМН" ("исключительная мера наказания" - заўв. рэд.).
Старшынствуе - суддзя Сяргей Кандрацьеў. У складзе судовай калегіі - Віталь Лаеўскі і Андрэй Кавальчук.
На пасяджэнні прысутнічае каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакаранн" Андрэй Палуда, таксама журналісты.
На пачатку працэса Віктар Скрундзік заявіў хадайніцтва аб выкліку сведак - начальніка РУУС і іншых падсудных па справе - Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа. Па меркаванні падсуднага, сведкі маглі б распавесці, як адбывалася злачынства на самой справе. Але суд адхіліў хадайніцтва.
Абаронца Віктара Скрундзіка заявіла хадайніцтва аб неразгалошванні стану здароўя падабароннага. Гэтае хадайніцтва было задаволенае.
Суддзя Віталь Лаеўскі зачытвае абставіны справы і апеляцыйную скаргу, у якой Віктар Скрундзік указаў на неправільнасць абрання меры стрымання, парушэнні ў адносінах да яго працэсуальных нормаў беларускага заканадаўства і міжнародных нормаў падчас следства, прасіў змяніць кваліфікацыю абвінавачвання і змягчыць прысуд.
Таксама Віктар Скрундзік хадайнічае аб прызначэнні псіха-фізіялагічнай экспертызы (паліграф) для падцверджання дакладнасці выкладзеных у скарзе довадаў. Указвае, што падчас следства ён сябе агаварыў пад ціскам, але не адзначыў, хто менавіта ціснуў. Суд звярнуў увагу на той факт, што ў справе ёсць некалькі явак з павіннай Віктара Скрундзіка. Але падсудны заяўляе, што баяўся іншых фігурантаў справы, у прыватнасці Валянціна Бушніна, таму браў усю віну на сябе.
Віктар Скрундзік сцвярджае, што свае першапачатковыя паказанні падпісваў нягледзячы.
Дзяржабвінаваўца Алена Дзямко запытвае, чаму падсудны спрабаваў патушыць пажар і дастаць цела пацярпелага. Віктар Скрундзік адказаў, што спрабаваў выратаваць дзеда, бо Валянцін Буншін сказаў, што дзед магчыма яшчэ жывы.
Пракурор таксама сцвярджае, што ў турме была перахопленая папера нібыта ад Скрундзіка, каб пераразмеркаваць віну на іншых падсудных. Аднак абаронца пярэчыць, што не было дакладна ўстаноўлена, што паперу напісаў Скрундзік.
Пракурор выказваецца супраць правядзення экспертызы. Суд выдаляецца для прыняцця рашэнні па хадайніцтву. І пасля вырашае адхіліць хадайніцтва аб правядзенні псіха-фізіялагічнай экспертызы.
Віктар Скрундзік зачытвае з паперы, што не прызнае сябе вінаватым у забойстве 79-гадовага Міхаіла Шугалея і 94-гадовага Уладзіміра Гаркавога, бо не ведаў, што яны былі жывыя ў момант падпалу іх хатаў. Кажа, што нарадзіўся і жыў у той жа вёсцы, не жадаў жыхарам зла, дапамагаў ім. Сцвярджае, што калі б не садзейнічаў следству, усё бы спісалі на няшчасны выпадак. Ён раскайваецца і хоча справядлівага прысуда для ўсіх саўдзельнікаў, просіць прабачэння ў родных забітых, кажа, што кожны дзень прасыпаецца з думкай пра тое, што здарылася. Просіць суд замяніць смяротнае пакаранне на пазбаўленне волі.
Абаронца ўказвае на тое, што такія справы заўсёды выклікаць спрэчкі і аргументы прыхільнікаў і праціўнікаў смяротнага пакарання. Аднак бясспрэчна, што па справах, дзе пакараннем можа быць вышэйшая мера, міжнароднымі нормамі прадугледжаныя гарантыі справядлівага судовага разбору. Выкананне міжнародных стандартаў вельмі важна, бо ў адваротным выпадку можна казаць пра адвольнае пазбаўленне жыцця. Адвакатка лічыць, што патрэбна было правесці больш уважлівы судовы разбор яшчэ ў судзе першай інстанцыі, бо былі парушаныя правы і прэзумпцыя невінаватасці Віктара Скрундзіка, была дадзеная неправільная юрыдычная кваліфікацыя дзеянням Віктара Скрундзіка, бо ён толькі падпальваў дамы, а паводле паказанняў сведак забойства здзяйсняў Валянцін Бушнін. Таму пакаранне, вынесенае Віктару Скрундзіку, празмерна строгае. Абаронца шкадуе, што хадайніцтва аб правядзенні экспертызы адхілілі, бо на яе думку было б зразумела, хто на самой справе здзейсніў злачынства. Указвае на тое, што Бушнін пагражаў Скрундзіку: казаў, што адсідзеў больш за яго, на кожнай "зоне" мае сяброў і ён дабярэцца да Віктара, калі той сябе не агаварыць.
Абаронца Віктара Скрундзіка звяртае ўвагу суддзяў на тое, што асуджаны дастаткова малады чалавек і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па артыкулах, звязаных са злачынствамі супраць чалавека. Кажа, што за сухімі аргументамі справы стаіць лёс звычайнага чалавека, а у дадзеным выпадку - не толькі лёс, але і жыццё.
У сваім выступе дзяржабвінаваўца Алена Дзямко кажа, што за такія дзеянні, якія ўчыніў Віктар Скрундзік, прадугледжанае смяротнае пакаранне. Суд першай інстанцыі скрупулёзна вывучыў абставіны справы, а абвінавачаны паслядоўна і праўдападобна расказаў пра здзейсненныя злачынствы. Іншыя версіі таго, што адбылося, Віктар Скрундзік пачаў высоўваць толькі тады, калі было вынесенае смяротнае пакаранне.
Пракурор кажа, што ён "як вецер", у яго няма ні сям'і, ні дзяцей. А ў Валянціна Бушніна і Віталя Мяцежа - ёсць дзеці і сем'і. Алена Дзямко сцвярджае, што адвакатка цынічна кажа, што Скрундзік не ведаў, што здзяйсняе злачынства ў адносінах да заведама састарэлых, а гэта з'яўляецца абцяжарваючымі абставінамі. Кажа, што "слуцкая банда" нібыта тэрарызавалі ўсю ваколіцу. Указвае на тое, што працэсуальных парушэнняў не было, і папярэднія адвакаты па прызначэнні не казалі пра тое, што якія-небудзь парушэнні былі. Просіць пакінуць вынесеныя пакаранні ўсім асуджаным без зменаў, а скаргу без задавальнення.
Судовая калегія сышла на нараду. Рашэнне будзе агучанае ў 14.30.
У 14.30 калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах агучыла рашэнне, якім задаволіла апеляцыйную скаргу і адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку. Крымінальную справу адправяць на новы разгляд у Мінскі абласны суд.
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда адзначыў, што такое рашэнне Вярхоўнага суда вітаецца.
"Вельмі шмат узнікала супярэчнасцяў у справе падчас разгляду яшчэ ў судзе першай інстанцыі, на якія ў тым ліку звяртала ўвагу адвакатка Віктара Скрундзіка ў апеляцыйнай скарзе і сёння на судовым пасяджэнні.
Прысутным Вярхоўны суд толькі паведаміў сваё рашэнне, што стала прычынай адмены можна будзе даведацца пазней з вызначэння", - падкрэсліў праваабаронца.
Андрэй Палуда ўжо звязаўся з сястрой Віктара Скрундзіка, якая не змагла сёння прыехаць на суд, і паведаміў ёй пра рашэнне суду.
Варта адзначыць, што задавальненне апеляцыйна скаргі закранула ўсіх падсудных па справе: рашэнне Мінскага абласнога суду таксама будзе перагледжанае ў дачыненні да Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа.
Праваабаронцы будуць паведамляць дадатковую інфармацыю, калі стане вядома пра перагляд справы.
Нагадаем, 6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды "слуцкай бандзе". Трох жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.
Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення, а Віктар Скрундзік да смяротнага пакарання.
Еўрасаюз асудзіў вынясенне смяротнага прысуду ў Слуцку