Смяротнае пакаранне ў Беларусі, аналітыка, петыцыя супраць смяротнай кары

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Amnesty International выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.

Мы лічым, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне мы расцэньваем як парушэнне права на жыццё, гарантаванага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цвёрда перакананыя: нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы.

Смяротнае пакаранне мае незваротны характар. Пазбаўленне жыцця не толькі не выправіць здзейсненага злачынцам і не адновіць справядлівасць, але і не зможа прывесці яго да пакаяння, усведамлення сваёй віны. Акрамя таго, нельга выключаць судовых памылак, што пагражае казнямі невінаватых людзей – і гэта ўжо было ў гісторыі Беларусі. У выпадку смяротнага пакарання выправіць судовую памылку і вярнуць жыццё чалавеку немагчыма.

Наяўнасць смяротнага пакарання не з’яўляецца дадатковай абаронай грамадскасці, паколькі не стрымлівае людзей шляхам застрашэння ад здзяйснення злачынстваў. У навуковых даследваннях адсутнічаюць пераканаўчыя доказы таго, што смяротнае пакаранне - больш эфектыўны сродак зніжэння злачыннасці за іншыя віды пакарання.

Не імкнучыся прынізіць пакуты ахвяраў і іх родных, мы звяртаем увагу на тое, што працэдура выканання смяротнага пакарання, якая існуе ў Беларусі - гэта бесчалавечнае абыходжанне са сваякамі асуджаных да смерці: яны пазбаўленыя апошняй магчымасці развітацца са сваімі блізкімі, ім не выдаюцца целы для пахавання, а месца пахавання трымаецца ў таямніцы.

Мы лічым, што прававая дзяржава не можа забіваць ад свайго імя. Смяротнае пакаранне супярэчыць прынцыпам гуманізму, маралі і агульначалавечым каштоўнасцям, прынцыпам усіх рэлігій, якія вызнаюцца ў Беларусі.

Сёння, калі ўсе краіны Еўропы і постсавецкай прасторы адмовіліся ад смяротнага пакарання, надышоў час і Беларусі далучыцца да гэтай цывілізаванай прасторы гуманізму, прасторы, вольнай ад забойства дзяржавай.

Мы, падпісваючы дадзеную петыцыю, заклікаем улады Беларусі прыслухацца да нашых аргументаў і адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Усяго падпісаліся 16 602

Імя Краіна Дата падпісаньня
Андрэй Мялешка Гродна 02.07.2010
Браніцкая Эніра Мінск 01.07.2010

Падпісаць петыцыю