У Беларусі выкананы трэці смяротны прысуд за бягучы год

Аляксандр Груноў. Фота: gp.by
Аляксандр Груноў. Фота: gp.by

Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны. Пра гэта ПЦ “Вясна” стала вядома 4 лістапада ад яго маці Вольгі Груновай.

Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”. У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.  

Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.

Падкрэслім, што ў Беларусі смяротныя прысуды, як правіла, выконваюцца неадкладна, як толькі адмоўлена ў задавальненні просьбы аб памілаванні. Сем'ям ці законным прадстаўнікам асуджаных не паведамляецца дата выканання прысуду і не гарантуецца апошняе спатканне з асуджаным, пасля расстрэлу цела не выдаецца сям'і для пахавання і не паведамляецца месца пахавання.

Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 24-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду, - 54-гадовага Эдуарда Лыкава.      

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны