Чарговы асуджаны да смерці – Генадзь Якавіцкі
11 студзеня прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” сустрэліся са сваякамі асуджанага да вышэйшай меры пакарання жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага.
Яго першая жонка Наталля Буланава распавяла праваабаронцам пра асобу асуджанага і акалічнасці яго справы.
«За краты ў 17 гадоў ...»
Першы раз Генадзя асудзілі калі яму было 17 гадоў. Ён адабраў у п'янага мінака з сябрам бутэльку віна. Міліцыя знайшла іх вельмі хутка. Тады яму прысудзілі тры гады калоніі. Наталля і Генадзь сустрэліся, калі яму быў 21 год, як раз пасля вяртання з калоніі.
"Калі нашай дачцэ было два месяцы ён зноў трапіў у турму. На гэты раз яму прысудзілі 15 гадоў за забойства. Ён разам са сваімі сябрамі абвінавачваўся ў забойстве Вячаслава Дубовіка і ва ўдзеле ў забойстве і згвалтаванні дзяўчыны з Менска", - успамінае Наталля.
За гэта злачынства Генадзь быў прысуджаны да 15 гадоў турмы, аднак адседзеў 12 гадоў і ў 2001 годзе выйшаў на вольныя пасяленні ў Гродзенскай вобласці. Падчас знаходжання на вольным пасяленні ў Генадзя адбылася сутычка з адным мужчынам, і ён атрымаў яшчэ тры гады турмы.
Смяротны прысуд
Усяго Генадзь прыцягваўся да адказнасці пяць ці шэсць разоў, з іх цяпер ужо другі раз за забойства.
Абвінавачванне сцвярджала, што Генадзь забіў сваю сужыцельку Таццяну. Некалькі дзён запар Генадзь і Таццяна праводзілі час з сябрамі, ўжывалі спіртныя напоі, пасля чаго раніцай мужчына выявіў труп сужыцелькі і сам выклікаў міліцыю.
"На судзе былі прадстаўлены толькі ўскосныя доказы яго віны. Калі на судзе паняты ўстаў, усе яго адказы на пытанні зводзіліся да «не памятаю», «не ведаю», «не бачыў». Яго спыталі: «Вы падпісвалі дакумент, які следчы прадаставіў Вам у ходзе агляду месца злачынства? Вы чыталі, што там напісана? »Ён адказаў: «так ». Яго спыталі, ці ўсё там дакладна выкладзена. І ён адказаў: «так». Калі справа тычылася нейкіх дэталяў і фактаў, то паняты спасылаўся, што нічога не памятае", - адзначае Наталля.
Адзін з ключавых сведак па гэтай справе Фёдар Марозаў чатыры разы мяняў свае паказанні. Следства выявіла, што на целе Таццяны было 46 удараў кулаком. Пры гэтым усе сведкі ў адзін голас сцвярджаюць, што яны чулі 12-13 удараў.
Я ведала, што ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне, але я заўсёды была супраць. Я лічу, што людзі не маюць права забіраць жыццё ў іншага чалавека. Калі чалавек здзейсніў цяжкае злачынства, калі яго віна даказаная, ён павінен быць прысуджаны да пажыццёвага зняволення. Я ўвогуле вельмі здзіўленая, што Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе існуюць такія законы ", - распавяла былая жонка Генадзя Наталля Буланава.
Нагадем, 5 студзеня Мінскі абласны суд вынес першы ў гэтым годзе смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму, абвінавачанаму па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю" за забойства сваёй сужыцелькі. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.