Мы ўсе саўдзельнікі забойства
Зімбабвэ дэ-факта ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне, таму што там няма людзей, гатовых выконваць прысуды. У Беларусі ў гэтым годзе ўжо з’явіўся першы асуджаны да смерці.
ЖОРСТКАЕ ГРАМАДСТВА
Мы ўсё думаем, чаму нашае грамадства такое жорсткае? Чаму ў нас заўсёды не хапае спачування і міласэрнасці? Чаму нам складана як атрымаць, так і самім дапамагчы тым, хто патрапіў у бяду? Як ні дзіўна, на гэта ў нейкай ступені ўплывае і існаванне ў краіне такога інстытута, як смяротнае пакаранне.
Наяўнасць у краіне такога кшталту кары адназначна робіць грамадства больш жорсткім, кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда. Гэта даказана шматлікімі сацыялагічнымі даследаваннямі.
«Нават адзін смяротны прысуд захоўвае сістэму, — заўважае Палуда. — І гэтая сістэма ўплывае на ўсё грамадства».
Смяротная кара, насамрэч, не ёсць абстрактным паняццем. З людзьмі, датычнымі да забойства чалавека, хай і злачынцы, мы можам сутыкнуцца кожны дзень. На аднаго забітага прыпадаюць сотні, якія спрычыніліся да гэтага забойства. «Гэта і суддзі, якія выносілі смяротны прысуд, і тыя суддзі, хто разглядаў касацыйныя, наглядныя скаргі асуджанага, гэта шмат пракурораў, якія падтрымлівалі абвінавачванне, тыя, хто ажыццяўляе нагляд за апошнім месцам зняволення, за выкананнем прысуду. Гэта супрацоўнікі турмы, дзе знаходзяцца «смяротнікі», чальцы расстрэльнай каманды, медыкі, якія канстатуюць смерць, пахавальная каманда і гэтак далей», — кажа Палуда.
Гэтыя людзі ходзяць побач намі, ездзяць у адным з намі грамадскім транспарце і з’яўляюцца тым самым грамадствам, у якім мы жывем. І ўвогуле, любы чалавек у краіне — саўдзельнік гэтага забойства, бо прысуд абвяшчаецца «імем Рэспублікі Беларусь».
Пакуль у краіне будзе існаваць смяротнае пакаранне, мы будзем горшыя за Зімбабвэ, упэўнены Палуда. Смяротную кару ў нас трэба адмяняць не таму, што гэтага патрабуе Еўропа, Захад, «цывілізаваны свет», у вачах якога мы выглядаем дзікунамі. Гэта патрэбна найперш нашаму грамадству, упэўнены праваабаронца.
ВОЛЯ ЦІ БЯЗВОЛЛЕ?
Для таго, каб адмяніць смяротнае пакаранне, трэба толькі воля ўлады. Аднак пакуль што ўлада ўсімі магчымымі сродкамі супраціўляецца адмене. Зазвычай, кажа Палуда, у чыноўнікаў два аргументы. Гэта тое, што наяўнасць у краіне смяротнай кары з’яўляецца «стрымліваючым фактарам» злачыннасці, і рэферэндум 1996 года, на якім народ нібыта падтрымаў захаванне гэтай практыкі.
Наконт «стрымліваючага фактару» пісалі багата, прыводзячы шмат даследаванняў пра тое, што наяўнасць у краіне смяротнага пакарання ніяк не ўплывае на ўзровень злачыннасці. Наадварот, у некаторых краінах злачыннасць ішла на спад. Чаму так адбывалася? Ды проста грамадства станавілася менш жорсткім.
З іншага боку, кажа Палуда, паводзіны дзяржавы ў гэтым плане дзіўныя. Калі смяротнае пакаранне — гэта «стрымліваючы фактар», то чаму дзяржава намагаецца схаваць такія прысуды, зрабіць іх таямніцай? «Напрыклад, справа Лыкава, які забіў пяць чалавек, быў прысуджаны да смяротнай кары, амаль месяц ужо сядзеў у камеры смяротнікаў, калі толькі выпадкова пра яго даведаліся актывісты кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання». Чаму гэта замоўчваецца? Значыць, няма ніякай «прафілактыкі» і стрымліваючага фактару?» — робіць выснову Палуда.
Канешне, не хацелася б, каб у нас, як у Кітаі, выкананне смяротных прысудаў транслявалі ў прамым эфіры па тэлебачанні. Але замоўчванне іх таксама шмат аб чым сведчыць.
Што да рэферэндуму 1996-га, то ў гэтым годзе яму будзе 20 гадоў. За гэты час шмат з тых, хто на ім галасаваў, ужо адышлі ў лепшы свет, а хлопчыкі, якія менавіта ў той час былі вельмі занятыя тым, што нараджаліся, зараз ужо прайшлі войска. Змянілася цэлае пакаленне, а нам яшчэ ўцюхваюць казку пра «народнае волевыяўленне».
На думку Андрэя Палуды, гэта адбываецца таму, што чыноўнікі мысляць комплексна. «Той рэферэндум шмат у чым вызначыў палітычны лад і наступны шлях краіны. На думку чыноўніцтва, адмовіцца зараз ад смяротнага пакарання — значыць паставіць пад сумнеў вынікі і па іншых пытаннях таго плебісцыту», — мяркуе праваабаронца. Хаця насамрэч ніяк гэтыя пытанні не звязаныя, і новага рэферэндуму па адмове ад смяротнага пакарання праводзіць нават не трэба. Бо ў Канстытуцыі замацаваная «часовасць» смяротнай кары, ёсць тлумачэнні Канстытуцыйнага суда, згодна з якімі кіраўніку дзяржавы проста трэба паставіць подпіс пад загадам аб мараторыі на выкананне такіх прысудаў.
Увогуле, праваабаронцы ў цэлым і Палуда ў прыватнасці супраць, каб пытанне адмены смяротнага пакарання выносілася на рэферэндум. «Гэта пытанне эмацыйнае, — тлумачыць ён. — Калі паказаць па тэлевізіі нашы фільмы супраць смяротнай кары, упэўнены, большасць выкажацца за яе адмену. Калі па тэлевізіі трансляваць забойствы — большасць будзе за яе захаванне. Менавіта ягоная эмацыйнасць робіць бессэнсоўным плебісцыт па адмене смяротнай кары».
ЦІ ТАК УЖО ГРАМАДСТВА ЗА СМЕРЦЬ?
Ад рэферэндуму 1996 года прайшло шмат часу. Змянілася не толькі пакаленне, але і тэхналогіі, якія фармуюць грамадскую думку: зараз крыніц інфармацыі значна больш. Таму ўзнікаюць парадоксы: смяротны прысуд «мінскім тэрарыстам» Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву выклікаў хвалю адмаўлення смяротнай кары сярод беларусаў — тады, згодна з сацапытаннямі, упершыню колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання перавысіла колькасць тых, хто за яго захаванне.
Бо людзі мелі не толькі «афіцыйную» інфармацыю пра судовы працэс. Ён шырока абмяркоўваўся ў СМІ і інтэрнэце. І людзі бачылі, як «нацягнута» было праведзенае следства. А таму палічылі, што суд быў, мякка кажучы, неаб’ектыўны. І пакаранне смерцю ў гэтым выпадку, прынамсі, да Уладзіслава Кавалёва, — непапраўная памылка.
З таго часу колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў смяротнага пакарання вагаецца ў суадносінах «50 на 50». Больш прасунутая частка грамадства выступае за яго адмену. «Вядомы блогер Дзяніс Блішч у твітары наладзіў апытанку: «Ваша стаўленне да смяротнага пакарання ў Беларусі. Узважце ўсе за і супраць, паспрабуйце без эмоцый», — распавядае Палуда. — Цягам 24 гадзін на пытанне адказалі 444 карыстальнікі гэтай сацсеткі. За прымяненне смяротнага пакарання выказалася 29% рэспандэнтаў, супраць — 55% і не вызначыліся — 16%. Гэта, канешне, пэўны зрэз меркаванняў карыстальнікаў адной сацсеткі, гэта не грунтоўнае сацыялагічнае даследаванне. Але сапраўды, у апошнія гады мы назіраем тэндэнцыю павелічэння ў грамадстве праціўнікаў смяротнага пакарання».
Нават ва ўладных колах, кажа Палуда, ужо не існуе адназначнага меркавання па гэтым пытанні. Напрыклад, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка адкрыта кажа, што ён супраць смяротнага пакарання, і ягоная адмена — пытанне часу. Праўда, не кажа, якога часу, зазначае каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання.
Андрэй Палуда ўпэўнены ў адным. «Калі зараз увесці мараторый на смяротнае пакаранне, я ўпэўнены, што ніхто не будзе абараняць гэтую кару. Не будзе шматтысячных мітынгаў на Кастрычніцкай плошчы з патрабаваннем узнавіць яго», — кажа праваабаронца.
БЕЛАРУСЬ — КРАІНА ДЛЯ СМЕРЦІ?
Андрэй Палуда сцвярджае, што зараз надышоў час адмяніць смяротную кару альбо ўвесці на яе мараторый. Таму што краіна шмат што губляе ў іміджавым плане.
«Мы пазіцыянуем сябе на міжнароднай арэне як міратворцы, як выспа стабільнасці ў цэнтры Еўропы, але адна наяўнасць у краіне смяротнай кары зводзіць нашы высілкі на нішто. Глядзіце: Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне. Адзіная краіна на прасторы былога СССР, дзе гэтыя пакаранні выконваюцца. У АБСЕ толькі дзве краіны са смяротным пакараннем: ЗША і Беларусь», — заўважае Палуда.
«Зараз па тэлебачанні актыўна круцяць промаролік, слоганам якога з’яўляецца: «Беларусь — краіна для жыцця». Як можа быць краінай для жыцця тая, дзе існуюць смяротныя прысуды? Мы пазіцыянуем сябе як дзяржаву сацыяльнай стабільнасці і парадку, але якія могуць быць стабільнасць і парадак у краіне, дзе захоўваецца смяротная кара?» — задае пытанне праваабаронца.
Увядзенне мараторыя на смяротную кару — гэта самы просты шлях да далейшай нармалізацыі адносінаў з Захадам. У сённяшніх варунках яно пераходзіць на ўзровень не проста дыскусій, а абмеркавання як аднаго з крокаў уладаў Беларусі насустрач Еўропе. «Праўда, пакуль палітыкі абмяркоўваюць, што яны атрымаюць узамен. Палітыкі заўсёды так робяць», — зазначае Палуда.
Для ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне дастаткова аднаго подпісу кіраўніка дзяржавы пад адным дакументам. А атрымаць можна багата. Аж да таго, што Лукашэнка ўжо не будзе «апошнім дыктатарам у Еўропе». Ну які ж дыктатар адмяняе смяротную кару?
І ў гісторыю Лукашэнка можа ўвайсці не як «дыктатар», а як чалавек, які пазбавіў смяротнага пакарання ўсю Еўразію. Пытанне толькі ў тым, ці хопіць на гэта ў яго асабістай і палітычнай волі.