У Беларусі тры апошнія расстрэлы амаль месяц утойвалі ад грамадскасці і сваякоў
1 снежня 2016, Мінск - Парыж
Пакаранне смерцю Генадзя Якавіцкага 5 лістапада 2016 года стала чацвёртым расстрэлам у 2016 годзе, што з’яўляецца рэкорднай колькасцю пакаранняў смерцю, пачынаючы з 2008 года. Усе чатыры расстрэлы адбыліся пасля таго, як у лютым 2016 года ЕС адмяніў абмежавальныя захады, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека. FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі, ПЦ «Вясна», заклікаюць міжнародную супольнасць выкарыстаць усе дыпламатычныя рычагі, каб заахвоціць Беларусь абвясціць неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго адмены.
У Беларусі грамадзянам не паведамляюць пра пакаранні смерцю. Акрамя таго, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, сваякі Генадзя Якавіцкага, а таксама Івана Куляша і Сяргея Хмялеўскага, якія таксама расстраляныя 5 лістапада 2016 года, не былі апавешчаныя ні напярэдадні выканання прысуду, ні адразу пасля гэтага. Заканадаўства таксама забараняе выдачу іх целаў сем'ям. Раней ААН кваліфікаваў такую практыку як катаванні і жорсткае абыходжанне сваякоў асуджаных да смяротнага пакарання. Больш падрабязную інфармацыю пра тры апошнія смяротныя прысуды можна знайсці ў нядаўняй справаздачу FIDH і ПЦ «Вясна» «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах».
ААН звярнулася да беларускіх уладаў з просьбай не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да Генадзя Якавіцкага і Сяргея Хмялеўскага, пакуль іх скаргі знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека. Як і ў васьмі іншых выпадках, звязаных з прымяненнем смяротнай кары, беларускія ўлады праігнаравалі гэтую просьбу. Чакаецца прыняцце рашэнняў па адпаведных скаргах Генадзя Якавіцкага і Сяргея Хмялеўскага.
“Я прысутнічала на слуханні па прысудзе чалавека, які быў асуджаны да смерці, і які зараз з’яўляецца апошнім у камеры смяротнікаў. Гэта было найжахлівейшым выпрабаваннем у маім жыцці”, — сказала Фларанс Беліўе, намесніца Генеральнага сакратара FIDH, якая прадстаўляла згаданы вышэй даклад FIDH і ПЦ «Вясна» 5 кастрычніка 2016 г. у Мінску.
Напярэдадні публікацыі дакладу Фларанс Беліўе стала сведкай таго, як Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву.
На працягу амаль месяца да паведамлення пра расстрэл, датаванага 24 лістапада і атрыманага 1 снежня 2016 года, сваякі Генадзя Якавіцкага не атрымлівалі ад яго лісты. Як паведаміла FIDH дачка Генадзя Якавіцкага, у чэрвені 2016 года яна рэгулярна не атрымлівала ад яго лісты, што прычыніла ёй велізарныя пакуты:
“З моманту ўступлення смяротнага прысуду ў сілу, гэта значыць ужо тры месяцы, ад яго не прыходзяць лісты. Таму я ўвогуле не маю ўяўлення, што з ім адбываецца, ці жывы ён. У той перыяд нам стала вядома, што аднаго з асуджаных да смяротнага пакарання расстралялі, я не мела ніякай магчымасці даведацца, дзе знаходзіцца мой бацька. Калі на наступным спатканні папрасіла яго пісаць мне, ён мне адказаў, што піша. Я абтэлефанавала ўсіх, каму ён адпраўляў лісты, і ні аднаму з іх лісты не прыйшлі”, — сказаўла Аляксандра Якавіцкая.
“Супрацоўнікі турмы ставяцца да асуджаных, як быццам іх ужо няма “сярод жывых”. Адвакатам часта адмаўляюць у спатканнях, іх карэспандэнцыя падвяргаецца цэнзуры або вымаецца, каб не дазволіць сям'ям ведаць, ці жывыя іх сваякі”, — сказаў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
У цяперашні час у чаканні выканання прысуда ў камеры смяротнікаў у мінскім СІЗА №1 знаходзіцца адзін чалавек. Ён утрымліваецца ва ўмовах, якія ўяўляюць сабой катаванні, што падвяргаецца крытыцы ў сумесным дакладзе FIDH і ПЦ “Вясна”. Асуджаным да смяротнай кары забаронены прагулкі, а таксама нельга сядзець на ложку ў дзённы час і размаўляць пра ўмовы іх утрымання з членамі іх сем'яў. Па-за межамі камеры ахоўнікі іх перамяшчаюць у зневажальнай позе — з апушчанай галавой і рукамі ў кайданках, паднятымі за спінай.
FIDH і ПЦ “Вясна” рашуча выступаюць супраць смяротнага пакарання за ўсе злачынствы і пры любых абставінах і працуюць дзеля яго глабальнай адмены. FIDH з'яўляецца сябрам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.