Таямніцы расстрэльнага калідора. Частка 1

Стары Пішчалаўскі замак
Стары Пішчалаўскі замак

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі дагэтуль застаецца за сям’ю пячаткамі. Грамадства практычна нічога не ведае пра ўмовы ўтрымання асуджаных да вышэйшай меры. Вядома толькі тое, што яны некаторы час пасля вынясення прысуда знаходзяцца ў цэнтры Менску, у СІЗА на Валадарскага. Таму праваабаронцы заўсёды намагаюцца адшукаць і сабраць па зярнятках гэтую інфармацыю. Прадстаўнікамі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" збіраюцца ўспаміны і сведчанні былых супрацоўнікаў СІЗА №1 і былых вязняў,  сваякоў расстраляных, частка якіх і пакладзеныя ў аснову дадзенай публікацыі. Гэтыя людзі па зразумелых прычынах папрасілі захаваць іх імёны ў сакрэце.

Апошні прытулак смяротнікаў

СІЗА №1 альбо Валадарка, дзе чакаюць расстрэлу асуджаныя да смяротнага пакарання,  месціўся раней ў старым Пішчалаўскім замку. Падрабязнае апісанне гэтага месца падаецца ў кнізе Славаміра Антановіча «Вязні Пішчалава замка». Раней смяротнікаў утрымлівалі ў самім замку, на першым паверсе. Там да гэтага часу бачныя адпаведныя акенцы, якія пачынаюцца ад самой зямлі. Зараз дзверы ў гэтую частку замка завараныя, а тое крыло закансерваванае.  Адметна, што на рэдкіх фотаздымках Пішчалаўскага замка, якія можна знайсці ў вольным доступе, бачна якраз гэтая частка замка. На іх відаць камеры і ўсе яны двухмесныя, афарбаваныя ў цёмна-зялёных колерах. Гэта і ёсць былыя камеры смяротнікаў.

Камера смяротнікаў у старым корпусе. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”.

Адзін з крымінальнікаў-рэцыдывістаў М., які змяшчаўся на Валадарку некалькі разоў, эмацыйна перадае псіхалагічны стан ад убачанага ў тым спецкалідоры:

“У старым спецкалідоры, дзе я быў пры Алкаеве і пасля яго, атмасфера больш змрочная. Там такое адчуванне, што калі дзверы адчыніць сам Сталін – нічога дзіўнага не здарыцца. Атмасфера настолькі прапітаная эмоцыямі смерці, што прысутнічае амаль асязальнае адчуванне метафізічных варот у апраметную”.

Камера смяротнікаў у старым корпусе.

Аднак тыя камеры засталіся ў мінулым. Зараз у самім замку вязні не змяшчаюцца. У ягонае дзейнічаючае крыло водзяць толькі да следчых на дазнанне. І там жа знаходзяцца прагулачныя дворыкі. Прычым, усе перамяшчэнні зняволеных у СІЗА №1 адбываюцца пад зямлёй. Толькі зняволеныя жаночага корпуса часткова праходзяць дваром па шляху на прагулку.

Новы  корпус, дзе ўтрымліваюцца падследныя, зняволеныя і смяротнікі, размясціўся на месцы былой стайні, да аднаго крыла якой надбудавалі другі паверх.

Камера смяротнікаў у старым корпусе.

Сведчыць адзін з супрацоўнікаў СІЗА:

“У спецкалідоры новага корпуса для смяротнікаў прадугледжаныя тры камеры. Яны маюць нумары: 102,103 і 104. Памеры камер, як і большасці на Валадарцы, 6 на 3 метры. Усе яны аснашчаныя прыборамі відэаназірання, каб пастаянна сачыць за вязнямі.  Гэта адзінае месца на Валадарцы, дзе камеры відэаназірання размешчаныя ў камерах у зняволеных. Усе астатнія “вочкі” вісяць толькі на калідорах. У любы час дня і ночы ля камер смяротнікаў знаходзіцца пост, які сочыць за маніторам.

Як выглядаюць новыя камеры? Дзве траціны сцяны пафарбаваны ў бэжавы колер, а столь і верхняя частка – белыя.

Туалет уяўляе сабой, прыкладна як у цягніках, гэткую ​​лузу, Ён адгарожаны недзе па плячо, але відэакамера паказвае толькі частку цела. Побач – ракавіна.

У столь, якая вышынёй прыкладна 5 метраў, умураваная электралямпа. Святло заўсёды аднолькавае, белае і гарыць пастаянна. Электраразеткі ў камерах смяротнікаў адключаюць па рэжыме. Ёсць радыёкропка, якая працуе ўвесь дзень.

Лаўка і стол прывараныя да падлогі. Над сталом знаходзіцца палічка, дзе ляжаць толькі іх лісты і матэрыялы справы. Нары размешчаныя вельмі нізка, прыкладна 15 см ад падлогі.

Асабістыя рэчы, сродкі гігіены, кнігі і дазволеныя прадукты размяшчаюцца ў агульнай тумбачцы на калідоры. Калі смяротнікам трэба пачытаць або пакурыць, яны просяць у паставога і той выдае ім праз кармушку цыгарэты, кнігі з адмысловай тумбачкі ў калідоры.

У камерах заўсёды цёпла, таму што побач знаходзіцца бойлер. Гэта як раз месца, адкуль прасцей за ўсё збегчы, але вязні пра гэта не ведаюць. Самы стары будынак, самае сырое і вільготнае месца. Варта раз ударыць нагой і, здаецца, гэтыя сцены разваляцца.

На дзвярах у смяротнікаў напісаны прозвішча, імя, артыкулы».

Дарэчы, цікавымі разважаннямі пра бэжавы колер камер падзяліўся адзін з падследных С., які некаторы час там знаходзіўся, і нават звяртаўся на Валадарцы з гэтым пытаннем да псіхіятра:

“Прашу вас вывучыць і выказаць сваё меркаванне пра уплыў на псіхалагічны стан чалавека палітры колераў у замкнёнай прасторы, якая складаецца з 50% бэжавага з яркай перавагай жоўтага, 40% белага і 10 адсоткаў шэрага колераў”.

Штрафны ізалятар на Валадарцы. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”.

Іншы сведка К. падрабязна апісвае вокны ў камерах смяротнікаў:

“З боку камеры вісяць частыя краты, каб зняволеныя не маглі дацягнуцца да шкла. За шклом знаходзяцца гэтак званыя раснічкі, якія з вуліцы прыкрытыя дробнай сеткай рабіцай. Па цьмяным святле з вакна вязні могуць вызначыць, дзень зараз альбо ноч. Вокны гэтых камер выходзяць на Пішчалаўскі замак”.

Калі адчыняюцца дзверы ў камеру…

На асуджаных да смяротнага пакарання, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА №1, распаўсюджваюцца правілы асобага рэжыму і абмежаванні, звязаныя з імі.

Распавядае былы супрацоўнік СІЗА:

“У іх рэжым адразу асобы даюць. Не напісана, што ён асобы, але па факце адзін у адзін з асобым. Ім даюць паласу [Асаблівая пазнака. Рэд.] ў справу: схільны да ўцёкаў, нападу на адміністрацыю, да суіцыду. З-за гэтага да іх пільная ўвага. Асобы рэжым адрозніваецца тым, што з 6-й раніцы да 10 вечара ім забаронена знаходзіцца на нарах. Звычайна яны ходзяць па камеры цэлы дзень туды-сюды. У камерах смяротнікі знаходзяцца ў спецвопратцы пастаянна. Калі смяротнікі спяць, яны павінны трымаць рукі над коўдрай, незалежна як яны ляжаць: на спіне, альбо на жываце.

Смяротнікаў на шпацыр наогул не водзяць. У іх законам забароненыя прагулкі. Але існуе адзін дворык у гэтым корпусе (новым). Звычайна пасля абеду смяротнікаў выводзяць туды на некаторы час па чарзе, паколькі ў гэты час іхнія камеры прастукваюць драўлянымі малаткамі. Часам іх могуць завесці ў душ, але часцей ўсё ж у дворык. Кожны выхад смяротнікаў з камеры, напрыклад у іншы корпус, дадаткова забяспечваецца аховай старажавых сабак. Пры гэтым патрэбна прысутнасць альбо распараджэнне начальніка СІЗА.

Прагулачны дворык. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”.

Перасоўванне ў адпаведнасці з правіламі рэжыму ажыццяўляецца таксама, як і ў пажыццёва зняволеных і смяротнікаў - ва ўсіх, у каго асобы рэжым. У іх рукі павінны быць вышэй галавы, паколькі іх вядуць галавой ўніз і рукі вышэй галавы.

Дзверы ў гэтых камерах бэжавага колеру з вочкам і кармушкай. Дзверы адчыняюць толькі ў прысутнасці начальніка СІЗА або асобы, якая яго замяшчае. Вельмі рэдка бывае такое, што нехта акрамя начальніка СІЗА прысутнічае пры адкрыцці дзвярэй».

[У наступных частках гэтага артыкула мы распавядзем пра тое, як з-за гэтай складанай працэдуры ледзь не скончыў самагубствам асуджаны да смяротнага пакарання Аляксандр Груноў. Рэд.]

Гэтае сведчанне падцвярджае і былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў у інтэрвью “Забойства – гэта заўсёды забойства, нават калі па прысудзе” з кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. 

“Каб адчыніць дзверы камеры смяротніка, патрэбна прысутнасць начальніка абавязкова. Без яго каманды камера не адчыніцца. У прысутнасці начальніка нікога ніколі не білі. Начальнік – гэта я. Каб вывесці з камеры, патрэбна распараджэнне начальніка. У астатнія ўсе моманты адчыняецца толькі “кармушка”. Праз “кармушку” нікога не паб’еш, не заб’еш. Адзінае, яшчэ камера адчыняецца падчас правядзення там тэхагляду: заходзяць кантралёры з драўлянымі малаткамі, дубінкамі. Гэта кожны дзень рабілася з гадзіны да дзвюх па распараджэнні начальніка. Дзверы адчыняюць, каб ісці ў лазню, а таксама для выканання прысуду, бывае яшчэ, што пад канвоем вядуць на спатканне. Пра спатканне ён ведае, як правіла, яму паведамляюць папярэдне, што спатканне адбудзецца, да адваката ён таксама піша і ведае. А ўсе іншыя, непрадугледжаныя рэгламентам працэдуры, выклікаюць жах”.

У 1998 годзе праваабаронцам “Вясны” перадалі лісты Івана Фаміна, якія былі напісаныя ў камеры смяротнікаў і трапілі на волю праз “турэмную пошту”. Ён таксама даволі падрабязна апісваў умовы ўтрымання ў камеры смяротнікаў: “Тут натуральнае Пекла… б’юць літаральна за ўсё… Б’юць за тое, что пішаш заявы ў медчастку і каб прыйшоў святар для споведзі. І б’юць яшчэ проста так, калі ў іх няма настрою”.

Харчаванне ў смяротнікаў нічым не адрозніваецца ад іншых зняволеных. Ежу падаюць смяротнікам праз “кармушку”. Харчаванне раздае сам кантралёр-паставы. Увесь посуд у іх пластыкавы, аранжавага колеру, такія ж аранжавыя кубак і лыжка. Посуд яны мыюць самі. Астатні час паміж прыёмамі ежы, гэты посуд захоўваецца на спецыяльнай паліцы на калідоры каля паставога.

(Працяг будзе)

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны