«Кожную секунду спадзяюся, што ён жывы»

"Новы Час" і аўтарка Вераніка Уласевіч распачынаюць цыкл матэрыялаў пра жанчын, чые родныя былі прысуджаныя да расстрэлу.

Пад грыфам “ВМП”

Перад смерцю мужчыны насілі турэмныя робы з паметкай “ВМП”, што расшыфроўваецца як выключная мера пакарання. Праз некаторы час гэтае адзенне аказвалася ў руках маці, жонак, дачок і сясцёр, якія і сёння захоўваюць у сэрцах любоў да блізкіх і спадзяюцца на цуд. Адны ад такога ўпадаюць у істэрыку, другія страчваюць прытомнасць, а трэція бягуць распальваць вогнішча. Родных не ставяць у вядомасць, калі прысуд прывядуць у выкананне, дзе будзе пакоіцца смяротнік і ці пахаваюць яго наогул. Пра расстрэл родных яны даведваюцца постфактум па паведамленні: “Адбыў па прысудзе”.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі каля 400 мужчын былі асуджаныя на вышэйшую меру пакарання. А значыць, як мінімум столькі ж жанчын па гэты дзень жывуць адзін на адзін са сваім горам. Мы даведаліся, хто яны — мамы, жонкі, дочкі і сёстры расстраляных, як яны жывуць пасля ракавога прысуду і што часцей за ўсё ўспамінаюць пра блізкіх.

“Ніколі не думала, што буду дажываць з такім горам”

Гэта было лета 2012 года. Калі да хаты пад'ехала міліцэйская машына, Тамара Сялюн звыкла наводзіла парадак у агародзе. Мясцовы следчы хацеў даведацца, ці прыедзе адзін з яе сыноў-двайнятак дадому на выходныя: маўляў, хлопец праходзіць сведкам па важнай справе. Ужо на наступны дзень Тамары Мікалаеўне тэлефануе адвакат з Гродна са словамі: “Нікому не жадаю таго, што адбылося з вашым сынам. Не ведаю, ці вазьмуся я за гэтае пытанне”. 

— У свой час мае бацькі жылі нябедна, у іх адных на ўвесь гарадок быў “Масквіч”. Праўда, тата рана памёр, — з такімі словамі Тамара Мікалаеўна адчыняе браму простай вясковай хаты. Па дарозе з прыпынку яна амаль кожнаму мінаку кідае шчырае “Прывітанне”, аднак не заўсёды атрымлівае адказ...

— Кавалераў у маладосці ў мяне была процьма. Тады выкладала ў тэхнікуме сапрамат і дэталі машын, а ў вольны час падарожнічала. Я была цікавай дзяўчынай, заўсёды добра апраналася. У свой час займалася гімнастыкай, а потым стала майстрам па канькабежным спорце, — успамінае яркі час Тамара Мікалаеўна. А потым рэзка прыпыняецца, канцэнтруецца і (толькі ўявіце сабе!) садзіцца на шпагат. — Замуж выйшла позна — у трыццаць пяць. Потым нарадзіла двайнятак — Андрушу і Паўлушу. Памятаю, як іх бацька ўзрадаваўся, вартаваў мяне каля радзільні, падарункі прыносіў. Пражылі з ім восем гадоў. Гуляць канкрэтна пачаў і локшыну на вушы вешаць, а пакуль у загс разводзіцца дойдзем — зноў угаворыць застацца.

Так было пакуль хлопчыкі не пайшлі ў першы клас. Затым — скасаванне шлюбу, стандартная працэдура выплаты аліментаў. Браты-двайняткі жылі дружна і ва ўсім стараліся дапамагаць адзін аднаму. Калі ў Андрэя больш тэхнічны склад розуму (ён хутка схопліваў фізіку і матэматыку), то Павел рос гуманітарыем. Вось так і атрымалася, што першы паступіў у палітэх, а другі — на гістфак.

— Андрэйка заўсёды быў больш баявы, з характарам. Калі праводзіла на маршрутку, ён заўсёды абдыме, пацалуе. А Паўлуша саромеўся, казаў: “Матуля, трэба было дома”, — Тамара Мікалаеўна ўжо не стрымлівае слёзы. Яна да гэтага часу не можа глядзець на аўтобусныя прыпынкі — яны нагадваюць пра праведзеныя з сынам хвіліны. — Хлопчыкі раслі ў мяне вельмі хатнімі. Я ім ні ў чым не адмаўляла, на дыскатэкі пускала, але хлопцы самі не ішлі. Ім больш падабалася пачытаць, на футбол схадзіць, прагуляцца па лесе або на роварах пакатацца. Справамі сардэчнымі са мной ніколі не дзяліліся.

На першых курсах універсітэта сыны прыязджалі дадому амаль кожны тыдзень, а на старэйшых курсах сталі бываць у мамы радзей. Але заўсёды ведалі, што ёй трэба дапамагчы па гаспадарцы.

“Я заўсёды казала: скончыце інстытуты, тыды і ажэніцеся”

Званок адваката ў той злашчасны дзень стаў адпраўной кропкай у бясконцых судовых разглядах, турэмных спатканнях, передачках і нервовых зрывах. Як высветлілася, 23-гадоваму Паўлу прад'явілі абвінавачванне па некалькіх пунктах артыкулаў КК РБ: арт. 139 “Забойства”, арт. 205 “Крадзеж”, арт. 347 “Здзек над трупам або магілай” і арт. 378 “Крадзеж асабістых дакументаў”. У 2013 годзе яго прызналі вінаватым у жорсткім забойстве жонкі і сябра на глебе рэўнасці. Жонцы ён нанёс шматлікія колата-рэзаныя раны ў вобласці шыі, спіны і жывата. А цела палюбоўніка расчляніў і выкінуў у смеццевы бак, забраўшы з сабой галаву.

— Да таго, як пачалася ўся гэтая гісторыя, я наогул нічога не ведала пра жонку Паўла. Пазней стала вядома, што яшчэ і года не было, як яны распісаліся. Я заўсёды казала: скончыце інстытуты, тады і ажэніцеся. Напэўна, таму і трымаў у сакрэце. Андруша, мабыць, усё ведаў, але не выдаваў брата, — будуе здагадкі маці асуджанага на смяротнае пакаранне.

Дасведчанага адваката ў такім далікатным выпадку жанчыне дапамаглі знайсці супрацоўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна». Грошы на абарону і перадачы сыну прыходзілася пазычаць па знаёмых. А некаторыя з іх самі прыходзілі дадому да Тамары і клалі грошы на стол са словамі: «Табе яшчэ спатрэбяцца».

— У нас гарадок маленькі, усе плёткі хутка разляцеліся па мясцовасці. На пачатку я старалася нікуды не выходзіць за браму дома. У мяне пальцам тыкалі, некаторыя казалі, што я гэтага заслужыла, — узгадвае непрыемныя моманты жанчына, перабіраючы ў руках лісты ад сына. — А з часам адаптавалася: па-ранейшаму з усімі вітаюся. Некаторыя на самай справе не ведаюць, што адбылося, пытаюцца пра сыноў. У такіх выпадках адказваю: усё добра, жывуць за мяжой — і хуценька, каб не расплакацца, уцякаю прэч.

Наогул, па пачатку пра ўсё даведаўся Андрэй. Мабыць, Паша не хацеў хваляваць маму і даў праваахоўнікам нумар брата. Калі пра падрабязнасці справы даведалася Тамара Мікалаеўна, яна ўсімі сіламі спрабавала стрымліваць эмоцыі і думаць разумна, выкарыстоўвала ўсе магчымасці для выратавання сына.

Яна адправіла слёзнае прашэнне аб памілаванні Лукашэнку, дзе акцэнт рабіла на бацькоўскіх пачуццях, аднак адказу так і не атрымала. Зварот да Патрыяршага Экзарху ўсяе Беларусі Філарэта таксама не прывёў да чагосьці канкрэтнага. Адказ быў такі: “Беларуская праваслаўная царква прыкладае намаганні, каб смяротныя прысуды ў нашай краіне не выконваліся”. Вялікую надзею матчына сэрца ўскладала на скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, якую прынялі да разгляду. Па правілах, выкананне прысуду павінны былі адкласці да заканчэння разгляду дакумента ў Камітэце. Але ў красавіку 2014 года родныя Паўла даведваліся, што хлопец “адбыў па прысудзе”.

“Як прыгадваю гэтыя жудасныя кайданкі, так і ўздрыгваю...”

 Калі хлопцы былі студэнтамі, я ім з сабой у дарогу дранікі рабіла, яны вельмі любілі. Калі да Паўлушы ў турму прыязджала, ён часта ўспамінаў пра дранікі. Але там, на жаль, такія гасцінцы не дазваляюцца. На кожнае спатканне старалася прывозіць поўныя пакеты з ежай у надзеі, што хоць адна цукерка перападзе сыну.

Спатканні з сынам маці ўспамінаць цяжка, асабліва на “Валадарцы”. Перад паўгадзіннай сустрэчай яе доўга кансультавалі, аб чым можна казаць, а пра што нельга. Потым прыводзілі хлопца пад канвоем з чалавек дзесяці, і ўсе заставаліся паслухаць далікатную гутарку родных:

— Каб убачыць дзіця на пару хвілін даўжэй, баялася сказаць што-небудзь лішняе. Размаўлялі на агульныя тэмы. Праз шкло глядзець адзін на аднаго было немагчыма, нават за ручку не магла яго трымаць. Я заўсёды старалася чытаць па вачах. Паша заставаўся стрыманым, на пачуцці не пераходзіў. Але было прыкметна, што змарнеў, сінякі пад вачамі выдавалі. А як прыгадваю гэтыя жудасныя кайданкі і крывавыя падцёкі на руках, так і ўздрыгваю...

Маці адчувала, што сына трывожыць пакутліва доўгае чаканне. Аднак хлопец не губляў аптымізму, у лістах толькі супакойваў: “У мяне ўсё выдатна, не турбуйся, беражы сябе". І на волі, і ў турме Паша не мог жыць без кніг, асабліва гістарычных і філасофскіх. У дзяцінстве Андрэй скардзіўся маці на брата, што той не спіць і чытае пад покрывам. Тамара Мікалаеўна перааформіла на сябе каталог у кніжным клубе, у якім ўдзельнічаў сын, і стала прывозіць у турму літаратуру разам з перадачкамі. 

— На апошнім спатканні Паўлуша як-та сказаў: "Мама, ты на волю цяпер пойдзеш". Я тады не магла падумаць, што бачу сына ў апошні раз, — тут жанчыну рэзка накрывае хваля лютай істэрыкі і нянавісці да ўсяго таго, што адбылося. — Я была ў знаёмай, калі патэлефанавала адвакат і з асцярогай сказала: "Вы толькі не палохайцеся, я яшчэ ўсё даведаюся. Мне сказалі, што Павел адбыў па прысудзе". Я адразу зразумела, што з сынам нешта не так.

А мацярынскае сэрца да канца спадзявалася на цуд. Тамара Мікалаеўна была ўпэўненая, што нічога дрэннага не здарыцца, пакуль ААН разглядае скаргу, ды і час для цёмных спраў не зусім зручны — напярэдадні Вялікдзень. Аб тым, што прысуд прыведзены ў выкананне, мама Паўла даведалася з пісьмовага паведамлення, якое дайшло ёй праз два тыдні пасля афіцыйных запытаў у суд.

— Прайшло каля месяца пасля жудаснай навіны, і мне прыйшла на пошту пасылка. На скрынцы кілаграм дзесяці не было зваротнага адрасу. Я падумала, можа, якія-небудзь багатыя добрыя людзі даведаліся пра маё гора і выслалі рэчы ў дапамогу. Сусед падвёз дадому пасылку, занесла яе ў гараж, адкрыла, а там — гэтая шапачка і адзенне, у якім увесь апошні час хадзіў мой сын, — у вачах Тамары Мікалаеўны чытаецца жах і адчай. — Я, доўга не думаючы, развяла вогнішча і спаліла ўсё гэта.

"Такое гора час не вылечыць"

Колькі жанчына не пісала ў афіцыйныя структуры з просьбай патрапіць на магілу сына, ні адна спроба не ўвянчалася поспехам. На ўсё адзін адказ — закон. Няведанне накладвае свой адбітак на стан маці забітага, стварае ілюзію, быццам ён жывы:

— Я кожную секунду спадзяюся, што ён жывы. Што не раблю, ён заўсёды са мной. Па вечарах чую, як цягнік набліжаецца, на якім ён любіў прыязджаць, і гляджу на брамку. Наогул, шмат гісторый вычытала ў інтэрнэце, што ў падобных сітуацыях разумных людзей не расстрэльваюць, а вярбуюць. Некаторых пускаюць на органы багатым. Пакуль не ўбачу цела сына, не паверу, што ён мёртвы.

Цяпер Тамара Мікалаеўна жыве з Андрэем. Здароўе забітай горам жанчыны з кожным днём падводзіць ўсё больш. Асабліва любіць пагарэзіць сэрца. Але адчайная маці мае намер яшчэ пажыць, каб даведацца пра ўсе тонкасці справы. Яна спадзяецца, што з часам адкрыюцца архівы і, яна даведаецца, дзе пахаваны сын.

Падтрымліваюць жанчыну толькі адзінкавыя знаёмыя, якія да канца засталіся вернымі сям'і Сялюн. У іх ёсць сваё меркаванне наконт сітуацыі, якая склалася, а гэта сёння вялікая рэдкасць. Большасць мясцовых да гэтага часу тыкаюць пальцам і шэпчуцца.

— Цяпер, можа, лягчэй стала? — з надзеяй пытаюся ў жанчыны.

— Не, такое гора час не вылечыць. Я не веру ў тое, у чым абвінавачваюць майго сына. Знайшлі больш дваццаці ўскосных сведкаў: і выкладчыкаў, і аднакурснікаў, і сяброў — ні адзін дрэннага слова не сказаў пра Паўлушу. Ні адзін чалавек не бачыў, што здарылася на самай справе. А калі чалавека прыціснуць, ён усё што хочаш прызнае.

Маці дзяўчыны, у забойстве якой абвінавацілі Паўла, Тамара Мікалаеўна бачыла толькі раз у жыцці — у Вярхоўным Судзе пры абвяшчэнні прысуду. Пасля пасяджэння Тамара Мікалаеўна падыйшла да яе і ўстала перад ёй на калені, слёзна молячы пра прабачэнне. Слухаць яе ніхто не захацеў...


Тэкст: Вераніка Уласевіч, "Новы Час"

Фота: Дзяніс Малышыц

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны