Віцебская справа – cправа Міхасевіча

Абставіны справы

19 траўня 1987 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР пад старшынствам суддзі Фёдара Саўкіна з удзелам дзяржабвінаваўцаў – старшага памочніка Генпракурора СССР Сяргея Самойлава і памочніка пракурора Мінскай вобласці Уладзіміра Панфілюка – прызнала Генадзя Міхасевіча вінаватым у наўмысных забойствах 33 жанчынаў у перыяд 1971-85 гг. на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Некаторыя жанчыны былі згвалтаваныя. Міхасевіч быў прысуджаны да смяротнага пакарання, прысуд не абскардзіў. Быў расстраляны 19 студзеня 1988 г.

Доказы былі бясспрэчнымі – супадаў не толькі почырк на пакінутай злачынцам цыдулцы, група крыві і іншыя доказы, абвінавачаны таксама беспамылкова паказаў месца пахавання, дома былі знойдзеныя асабістыя рэчы забітых. У выніку замест 22 нераскрытых забойстваў, ён распавёў пра 43 (у судзе было даказана 33), у тым ліку 13 забойстваў, за якія былі асуджаныя 14 невінаватых.

Пацярпелыя ад суда і следства

За першае забойства 19-гадовай Людмілы Андаралавой, якая была знойдзеная забітай 16 траўня 1971 г., быў асуджаны Глушакоў, які атрымаў 10 гадоў. Яго справу вёў спецыяліст рэспубліканскай пракуратуры з рэпутацыяй “100-працэнтнай раскрывальнасці” злачынстваў, следчы Міхаіл Жаўняровіч. Пад яго пагрозамі Глушакоў напісаў прызнанне.

У 1972 г. адна з першых ахвяраў Міхасевіча была задушаная сцебламі жыта ў полі. Падазрэнне ўпала на траіх сяброў, якія ў той дзень гулялі з сабакам непадалёк. Справу вёў той жа спецыяліст Жаўняровіч. Першым арыштавалі Янчанку за нібыта дробнае хуліганства на 10 сутак і следчы патрабуе ад яго даць паказанні на Пашкевіча і Кавалёва, абяцаючы, што ён атрымае тэрмін толькі за ўкрывальніцтва. Затым затрымліваюць Пашкевіча, навучэнца фізкультурнага вучылішча, і кажуць, што Янчанка даў паказанні супраць яго. Кавалёва, паводле сцэнарыя Жаўняровіча, затрымалі ваенным патрулём, як салдата тэрміновай службы, і пасадзілі на гаўптвахту, дзе следчы спрабуе схіліць яго да прызнання. У выніку Кавалёў “прызнаецца” праз два тыдні, Янчанка праз два месяцы, але Пашкевіч сваёй віны так і не прызнаў. Абвінавачаныя заяўляюць на судзе пра збіццё. Пашкевіч атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі і выйдзе з турмы праз два тыдні пасля затрымання Міхасевіча, Кавалёў атрымаў 15 і адседзеў 12, Янчанка асудзілі на тры гады. Усе трое былі рэабілітаваныя ў 1986 годзе. Часткі допытуаў і інтэрв'ю пасля рэабілітацыі даступныя па спасылцы.

Абвінавачаны ў забойстве жанчыны Уладзімір Гарэлаў цалкам аслеп у турме і быў выпушчаны праз шэсць гадоў, страціў сям'ю. На следстве ён таксама прызнаў сваю віну, паколькі падвяргаўся катаванням, аднак, на судзе сваю віну не прызнаваў і заяўляў аб збіцці. Не гледзячы на ​​тое, што медыка-біялагічная экспертыза паказала, што сперма на ахвяры не належыць Гарэлаву, ён быў прызнаны вінаватым у забойстве. Была вылучана версія, што згвалціў ахвяру іншы чалавек, а Гарэлаў яе забіў. Таксама быў рэабілітаваны ў 1986 годзе. Інтэрв'ю даступнае па спасылцы.

Адна з судовых памылак здарылася з Алегам Адамавым, які быў абвінавачаны ў забойстве студэнткі 13 студзеня 1984 года. Цела знайшлі 2 лютага пад чыгуначным насыпам непадалёк ад кар'ера, дзе Адамаў працаваў шафёрам. Расследаваў справу следчы Сарока па звыклай схеме — 15 сутак за “хуліганку” і патрабаванне прызнацца. Як і іншыя “вінаватыя”, Адамаў ўсе прызнаў на следстве, аднак адмаўляўся ад паказанняў у адкрытым судзе. Першы суд яго апраўдаў, паколькі медыка-біялагічная экспертыза паказвала, што сперма яму не належыць. Аднак Вярхоўны суд адмяніў рашэнне і справа была перагледжаная. Адамаў атрымаў 15 гадоў, але адседзеў няпоўныя 2, паколькі быў асуджаны за “нядаўнюю” ахвяру Міхасевіча. “Скажу вам шчыра: калі б я адседзеў 15 гадоў, я б ніколі нармальным чалавекам не быў. У мяне і так ужо “карашы” былі. Калі вызваліўся, прыходзілі, клікалі у справу”, — заявіў Адамаў у інтэрв'ю ў 2011 годзе. Міхасевіч жа ўспомніў гэты выпадак адным з першых і ў доказ паказаў калодзеж, у які выкінуў сумку загінулай. У турэмнай камеры Адамаў спрабаваў накласці на сябе рукі.

Самы трагічны выпадак адбыўся ў 1979 г., калі невінаватага ў забойстве жанчыны Мікалая Цярэню прысудзілі да смяротнага пакарання і ў 1980 г. расстралялі. Рэчыўных доказаў у следства не было, таму ад арыштаванага і яго сяброўкі Людмілы Кадушкінай, затрыманай з ім, патрабавалі прызнальныя паказанні. У выніку, Кадушкіна сцвярджала на судзе, што забойства здзейснілі яны, Цярэня віну па ранейшаму не прызнаваў. Кадушкіна атрымала 10 гадоў і была рэабілітаваная ў 1986 г.

Ахвярамі следства і судовай сістэмы па гэтай справе сталі таксама Мацкевіч, Бакулін, Францэвіч, Лушкоўскі, Бліноў, Арол. Усе яны атрымалі розныя тэрміны. І былі рэабілітаваныя толькі дзякуючы прызнанню Міхасевіча.

Наступствы

Вінаватых у фальсіфікацыі доказаў, ціску на абвінавачаных, падробцы дакументаў і іншых парушэнняў, якія прывялі да асуджэння 14 невінаватых, было каля 200 чалавек. Было праведзенае расследаванне, і яны былі пакараныя, аднак больш па партыйнай лініі – выключэнне, вымова. Многіх звольнілі або адправілі на пенсію. Да судоў, якія праходзілі ў Латвійскай СССР, каб забяспечыць аб'ектыўнасць, дайшлі адзінкавыя справы. Судовы працэс пад старшынствам Барыса Кабанава доўжыўся цягам паўгода над пракурорам Беларускай транспартнай пракуратуры Сарокам (кіраўнік следчай групы па “справе Адамава”), аператыўнымі работнікамі Журбом і Кірпічэнкам, начальнікам крымінальнага вышуку Буньковым. Рэальны тэрмін ў чатыры гады атрымаў толькі Сарока, астатнія трое атрымалі ўмоўныя тэрміны пакарання – ад двух да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з прыцягненнем да працы на будоўлях народнай гаспадаркі. Суддзя інтэрпрэтаваў іх дзеянні як з ілжыва зразумелых інтарэсаў справы”. Распачаць крымінальную справу супраць следчага Жаўняровіча было немагчыма, паколькі ён быў ветэранам вайны.

Незалежным назіральнікам на працэсах у Рызе быў аўтар “Літаратурнай газеты” І.М. Гамаюнаў. Яго назіранні ў судзе і гутаркі з пацярпелымі можна прачытаць тут.

Важна адзначыць, што прызнанне памылкі ў судовай сістэме было і застаецца рэдкасцю. Па ўспамінах пракурора Леаніда Прошкіна, які займаўся ў 1980-х рэабілітацыяй невінаватых па справе Міхасевіча, цяпер адваката ў РФ:

“Быў у маёй практыцы работы ў Беларусі выпадак – адбылося забойства жанчыны. <> Дык вось мужа загінулай, хакеіста, арыштавалі і адправілі ў СІЗА. Сышчыкі выходзяць тым часам на сапраўднага забойцу. А муж паўгода ўжо адседзеў. Так гэтаму хакеісту, які і без таго перанёс асабістае гора – смерць жонкі – інкрымінуюць нейкае хуліганства, не звязанае з прадметам дадзенай справы (адкапалі, адскрэблі, што падчас матчу ён неяк пабіўся на хакейнай пляцоўцы). У наяўнасці – судовая памылка “выпраўляецца” новым беззаконнем. Бо калі прызнаць галавацяпства тых, хто на яго павесіў забойства жонкі, то трэба па элементарнай логіцы няшчаснаму яшчэ і маральную і фізічную шкоду кампенсаваць. А пайсці на гэта – значыць, прынамсі, нашкодзіць сваёй рэпутацыі як суддзям так і следчым.”

На думку Мечыслава Грыба, які ў 1985 годзе быў прызначаны начальнікам Упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама і непасрэдна прымаў удзел у вышуку Міхасевіча, праблема такіх памылак – у сістэме: калі за высокую раскрывальнасць пакладзены зоркі, узнагароды, прэміі, тады ўзнікае спакуса раскрыць любой цаной. У 2009 годзе Мечыслаў Грыб стаў першым падпісантам петыцыі супраць прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі.

У 1980 годзе Мікалая Цярэню расстралялі замест Міхасевіча.

Людміла Кадушкіна адседзела 6 гадоў.

Навіны