Вы можаце дапамагчы
Калі вы рэдактар СМІ або адвакат, выкладчык у школе або ВНУ, студэнт або супрацоўнік офіса, незалежна ад вашай занятасці або сацыяльнага становішча вы можаце дапамагчы нам у нашых намаганнях, накіраваных на змяненне настрояў у грамадстве і ўвядзенне мараторыя.
Распаўсюдзьце інфармацыю
Вам можа здавацца, што ваш удзел мае невялікае значэнне, аднак даследаванні паказваюць, што 32% насельніцтва краіны не ведаюць пра тое, што ў Беларусі ўжываецца смяротнае пакаранне.
Вы можаце стаць нашым падпісчыкам ў сацыяльных сетках і быць правадніком нашай інфармацыі сярод вашых чытачоў.
А таксама раздрукаваць любы інфармацыйны матэрыял, каб павесіць у сваім офісе або пад'ездзе, пакінуць на століку ў кафэ або ў паштовай скрыні.
Калі вы з'яўляецеся рэдактарам СМІ або журналістам і зацікаўлены ў зменах грамадскіх настрояў, звяжыцеся з намі для больш цеснага супрацоўніцтва.
Прадастаўце інфармацыю
Інфармацыя аб вынесеных прысудах адсутнічае ў адкрытым доступе, колькасць забітых і іх імёны засакрэчаныя. Нам вядома ўсяго некалькі дзясяткаў справаў, у той час як прысуды вынесены ў дачыненні да 332 чалавек.
Калі вам што-небудзь вядома аб вынесеных смяротных прысудах ў мінулым або сучаснасці, паведаміце нам любую інфармацыю для праверкі і наступнай працы.
Будзьце актыўнымі
Бярыце ўдзел у мерапрыемствах, якія мы арганізуем і якія накіраваныя на ўвядзенне мараторыя – ад конкурсаў візуальных матэрыялаў да зваротаў у органы ўлады.
Стварыце сваё мерапрыемства у вашым асяроддзі – прагляд кіно, дыскусійную пляцоўку або запрашэнне экспертаў.
Абарона асуджаных
Вы можаце даслаць асабісты зварот прэзідэнту аб нязгодзе з прымяненнем смяротнага пакарання да канкрэтнага чалавека. А таксама далучыцца да дзеянняў праваабаронцаў у абарону асуджанага.
Калі вы з'яўляецеся адвакатам або прадстаўніком падазраванага, якому пагражае смяротнае пакаранне, або асуджанага да смяротнага пакарання, прыкладзіце намаганні, каб смяротны прысуд не застаўся прыватным выпадкам. Скарыстайцеся міжнароднымі механізмамі абароны. Вы таксама можаце звярнуцца па дапамогу да нашых экспертаў, якія маюць вялікі досвед складання падобных зваротаў.