У ААН заклікалі ўсе дзяржавы свету адмовіцца ад смяротнага пакарання

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет

На пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека 23 лютага Вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет нагадала ўдзельнікам, што смяротнае пакаранне мае незваротны і непапраўны характар. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце ААН. 

"На сённяшні дзень няма ніяк доказаў таго, што смяротнае пакаранне больш эфектыўнае ў прадухіленні злачынстваў, чым любое іншае пакаранне. Наадварот, даследаванні паказваюць, што ў некаторых дзяржавах, якія адмянілі смяротнае пакаранне, колькасць забойстваў не змянілася ці нават знізілася", – заявіла Мішэль Бачэлет. 

Яна заклікала ўсе краіны свету адмовіцца ад жорсткай і нічым не апраўданай практыкі пакарання злачынцаў і абапірацца пры прыняцці такога рашэння на факты, а не здагадкі.  

Бачэлет вітала намер Казахстана адмяніць смяротнае пакаранне 

Мішэль Бачэлет вітала гатоўнасць Казахстана далучыцца да Факультатыўнага пратакола аб адмене смяротнага пакарання.

"Я з нецярпеннем чакаю афіцыйнай перадачы ратыфікацыйнай граматы ў ААН і заклікаю Казахстан унесці змены ў нацыянальнае заканадаўства, у тым ліку – папраўкі ў Канстытуцыю, і такім чынам прывесці яго ў адпаведнасць з пратаколам", – сказала Вярхоўны камісар. 

Яна таксама вітала абяцанне новай адміністрацыі ЗША працаваць над адменай смяротнага пакарання як на федэральным узроўні, так і на ўзроўні штатаў. 

"Ва ўсім свеце пераважная большасць дзяржаў з рознымі прававымі сістэмамі, традыцыямі, культурамі і рэлігіямі альбо адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні, альбо не ўжываюць яго на практыцы. У канцы мінулага года 123 дзяржавы прагаласавалі за рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі аб мараторыі на ўжыванне смяротнага пакарання", – нагадала галоўная праваабаронца ААН.

Яна падкрэсліла, што ніхто не застрахаваны ад памылак, у тым ліку ў рамках судовай сістэмы. Але судовая памылка, якая прыводзіць да забойства чалавека, носіць незваротны характар. 

Смяротнае пакаранне не забаронена міжнародным правам. У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах гаворыцца, што ў краінах, якія яшчэ не адмянілі смяротнае пакаранне, смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за "самыя цяжкія злачынствы". Злачынствы, якія не з'яўляюцца наўмысным забойствам, уключаючы злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, або з тэрарызмам, але не спалучаныя з наўмысным забойствам, не павінны пацягнуць за сабой смяротнае пакаранне.

Смяротнае пакаранне ні ў якім разе не павінна прымяняцца ў якасці пакарання за такія негвалтоўныя дзеянні, як вераадступніцтва, блюзьнерства, вядзьмарства і аднаполыя адносіны.  

Беларусь, адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны