Amnesty International: Колькасць смяротных пакаранняў у свеце знізілася да дзесяцігадовага мінімуму
У 2020 годзе Amnesty International зафіксавала правядзенне 483 пакаранняў смерцю ў 18 краінах, што на 26% менш, чым у 2019 годзе, калі было зафіксавана 657 пакаранняў смерцю. Гэта найменшая колькасць пакаранняў смерцю, якое Amnesty International фіксавала за апошнія дзесяць гадоў, гаворыцца ў апублікаваным сёння дакладзе "Смяротныя прысуды і пакарання 2020".
У 2020 годзе пакаранні праводзіліся ў Егіпце, дзе колькасць праведзеных пакаранняў смерцю патроілася ў параўнанні з папярэднім годам, і ў Кітаі, які абвясціў пра барацьбу з крымінальнымі злачынствамі, звязанымі з парушэннем мераў па прафілактыцы каранавіруса, што прывяло як мінімум да аднаго смяротнага прысуду і пакарання. У той жа час Адміністрацыя прэзідэнта Трампа пасля 17-гадовага перапынку аднавіла прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, вынесеных федэральнымі судамі, і менш чым за паўгода пакарала смерцю 10 чалавек. Індыя, Катар, Аман і Тайвань аднавілі правядзенне пакаранняў смерцю.
"Пакуль увесь свет напружана шукаў спосабы, як абараніць жыцці людзей ад каранавіруса, некаторыя ўрады дэманстравалі рашучасць выносіць смяротныя прысуды і караць смерцю людзей нягледзячы ні на што, – заявіла генеральны сакратар Amnesty International Аньес Каламар. – Смяротнае пакаранне – гэта агіднае пакаранне, а імкненне праводзіць пакаранні падчас пандэміі яшчэ больш падкрэслівае яго жорсткасць. Смяротныя прысуды было цяжка аспрэчваць і ў лепшыя часы, а пандэмія прывяла да таго, што многія людзі, якія сядзяць у камерах смяротнікаў, не маглі асабіста сустрэцца з адвакатамі, а многія з тых, хто хацеў дапамагчы ім, былі вымушаныя падвяргаць сваё здароўе рызыцы. Ужыванне смяротнага пакарання ў такіх умовах – гэта абуральны замах на правы чалавека".
У некаторых краінах абмежаванні, звязаныя з каранавіруснай інфекцыяй, негатыўна адбіліся на доступе да адвакатаў і на праве на справядлівае судовае разбіральніцтва. Напрыклад, у ЗША, дзе адвакаты заяўлялі, што ў іх не было магчымасці займацца расследаваннямі або сустракацца з кліентамі сам-насам.
Пяць краін, дзе пакаралі смерцю больш за ўсё людзей
У Кітаі колькасць смяротных пакаранняў і прысудаў з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай, што перашкаджае правядзенню незалежнай праверкі. У сувязі з гэтым дадзеныя Amnesty International аб колькасці ўсіх вядомых пакаранняў смерцю не ўключаюць у сябе пакаранні, праведзеныя ў Кітаі. Аднак, лічыцца, што ў Кітаі штогод караюць смерцю тысячы людзей, што робіць гэтую краіну галоўным катам у свеце, а за ёй ідуць Іран (246+), Егіпет (107+), Ірак (45+) і Саудаўская Аравія (27). Іран, Егіпет, Ірак і Саудаўская Аравія нясуць адказнасць за 88% усіх вядомых пакаранняў смерцю ў 2020 годзе.
Егіпет патроіў колькасць пакаранняў смерцю і заняў трэцяе месца па колькасці пакаранняў смерцю, праведзеных у 2020 годзе. Як мінімум 23 пакараным былі вынесеныя смяротныя прысуды за справы, звязаныя з палітычным гвалтам, пасля абуральна несправядлівых судовых працэсаў, якія суправаджаліся «прызнаннямі», атрыманымі пад прымусам, і іншымі сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, у тым ліку катаваннямі і гвалтоўнымі знікненнямі. Рэзкі рост колькасці пакаранняў смерцю назіраўся ў кастрычніку і лістападзе, калі ўлады Егіпта пакаралі смерцю 57 чалавек – 53 мужчыны і чатыры жанчыны.
Хоць колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю ў Іране па-ранейшаму была ніжэй, чым у папярэднія гады, краіна стала ўсё часцей прымяняць смяротнае пакаранне ў якасці інструмента палітычных рэпрэсій супраць іншадумцаў, якія пратэстуюць, і прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, што з'яўляецца парушэннем нормаў міжнароднага права.
Многія краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёне працягвалі парушаць стандарты і нормы міжнароднага права, якія забараняюць прымяненне смяротнага пакарання за злачынствы, не звязаныя з наўмысным забойствам. Але ў Кітаі, Інданезіі, Лаосе, Малайзіі, Шры-Ланцы, Тайландзе і В'етнаме смяротнае пакаранне ўжывалася за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, у В'етнаме і Кітаі за карупцыю, у Пакістане за блюзнерства. У Бангладэш і Пакістане смяротныя прысуды выносілі суды, заснаваныя спецыяльным законам, дзе часта следвалі працэдурам, якія адрозніваюцца ад працэдур у звычайных судах. На Мальдывах пяць чалавек, якім было менш 18 гадоў на момант здзяйснення злачынстваў, па-ранейшаму чакалі выканання смяротных прысудаў.
ЗША былі адзінай краінай у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, дзе пакаралі смерцю людзей у 2020 годзе. У ліпені адміністрацыя прэзідэнта Трампа ўпершыню за 17 гадоў правяла пакаранні па прысудах, вынесеных федэральнымі судамі. А ў пяці штатах краіны пакаралі смерцю сем чалавек.
Мінімальная колькасць пакаранняў смерцю за дзесяць гадоў
У 2020 годзе ва ўсім свеце было пакарана як мінімум 483 чалавекі (не ўлічаныя краіны, дзе інфармацыя аб смяротным пакаранні з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай, або тыя краіны, па якіх была даступная толькі абмежаваная інфармацыя: В'етнам, Кітай, Паўночная Карэя і Сірыя). Наколькі б ні быў шакавальным гэты лік – гэта мінімальная колькасць пакаранняў смерцю, зафіксаваная Amnesty International як мінімум за дзесяць гадоў. І яно на 26% менш паказчыкаў 2019 года і на 70% менш пікавых значэнняў 2015 года, калі было праведзена 1634 пакаранняў.
Як гаворыцца ў дакладзе, памяншэнне колькасці пакаранняў смерцю ў першую чаргу тлумачыцца проста зніжэннем колькасці пакаранняў смерцю ў некаторых краінах, а таксама, у меншай ступені, перапынкамі ў правядзенні пакаранняў смерцю з-за мераў па стрымліванні пандэміі.
Колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю ў Саудаўскай Аравіі зменшылася на 85% – з 184 ў 2019 да 27 ў 2020, і больш чым на палову ў Іраку – са 100 у 2019 да 45 ў 2020 годзе.
У Бахрэйне, Беларусі, Пакістане, Сінгапуры, Судане і Японіі пакаранняў смерцю зафіксавана не было, хоць у 2019 іх там праводзілі.
Дзясятага студзеня Магілёўскі абласны суд у Беларусі прызнаў братоў Іллю (21 год) і Станіслава (19 гадоў) Косцевых вінаватымі ў забойстве і вынес ім смяротны прысуд, які канчаткова ўступіў у сілу 22 траўня пасля таго, як Вярхоўны суд пакінуў іх прысуды без зменаў. Абодва браты звярнуліся да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні, але да канца года нічога не было вядома аб тым, якое рашэнне прынятае.
Зняволеным у Беларусі звычайна не паведамляюць рашэнні аб іх просьбах аб памілаванні, пакуль не адводзяць на пакаранне. Іх родным і адвакатам звычайна паведамляюць пра пакаранне толькі праз тыдні ці месяцы пасля яго выканання.
Шостага сакавіка Мінскі абласны суд прызнаў вінаватым і прысудзіў да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка. Скрундзік абскардзіў прысуд і 30 чэрвеня Вярхоўны суд адмяніў смяротны прысуд і адправіў справу на новы разгляд. Пасяджэнні новага суда пачаліся ў верасні, але былі прыпыненыя ў кастрычніку з-за пандэміі каранавіруса.
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю Віктара Сяргеля і пакінуў у сіле яго смяротны прысуд за забойства. Ён звярнуўся з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта, але на канец года яму пагражала смяротнае пакаранне.
12 сакавіка Камітэт ААН па правах чалавека зацвердзіў свае меркаванні адносна справы Генадзя Якавіцкага і прыйшоў да высновы, што Беларусь парушыла права на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантаванае артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Нягледзячы на тое, што ў 2016 годзе Камітэт папрасіў Беларусь не караць смерцю Якавіцкага, пакуль разглядаецца яго скарга, вязня пакаралі смерцю 5 лістапада 2016 года ў Мінску. Камітэт ААН заключыў, што гэтае пакаранне з'яўляецца парушэннем права на жыццё згодна з артыкулам 6 МПГПП, і правёўшы яго, нягледзячы на запыт аб прыняцці забеспячальных мераў, Беларусь парушыла свае абавязацельствы як дзяржава-ўдзельнік першага Факультатыўнага пратакола да МПГПП.
Еўрапейскі парламент выказаў занепакоенасць захаваннем у краіне смяротнага пакарання і заявіў, што "рашуча асуджае далейшае прымяненне смяротнага пакарання і заклікае да яго неадкладнай і канчатковай адмены, а да гэтага – да мараторыя на смяротнае пакаранне і рэальнай магчымасці для асуджаных рэалізаваць сваё права на абскарджанне смяротных прысудаў".
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе захоўваецца такі від пакарання як смяротнае.
Колькасць вядомых смяротных прысудаў, вынесеных ва ўсім свеце (як мінімум 1 477), таксама зменшылася на 36% у параўнанні з 2019 годам. Amnesty International зафіксавала памяншэнне іх колькасці ў 30 з 54 краін, якія выносяць такія прысуды. Мяркуючы па ўсім, у некаторых выпадках гэта звязана з затрымкамі і адтэрміноўкамі судовых разглядаў з-за мераў па стрымліванні пандэміі.
Прыкметнымі выключэннямі з'яўляліся Інданезія, дзе ў 2020 было зафіксавана 117 смяротных прысудаў, што на 46% больш за 80 прысудаў, зафіксаваных у 2019 годзе; і Замбія, дзе ў 2020 вынеслі 119 смяротных прысудаў (самая вялікая колькасць смяротных прысудаў у Афрыцы на поўдзень ад Сахары), на 18 больш, чым у 2019 годзе.
Прыйшоў час развітацца са смяротным пакараннем
У 2020 годзе Чад і штат Каларада ў ЗША адмянілі смяротнае пакаранне, Казахстан узяў на сябе абавязацельства адмяніць смяротнае пакаранне ў адпаведнасці з міжнародным правам, а Барбадос завяршыў заканадаўчыя рэформы па поўнай адмене абавязковай смяротнай кары.
Па стане на красавік 2021 года 108 краін адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы, а 144 краіны адмянілі яго заканадаўча або на практыцы – тэндэнцыя, якую неабходна захаваць.
"Нягледзячы на тое, што некаторыя ўрады ўпарта працягвалі праводзіць смяротныя пакаранні, агульная карціна ў 2020 годзе хутчэй цешыла. Чад і амерыканскі штат Каларада цалкам адмянілі смяротнае пакаранне, а колькасць вядомых пакаранняў смерцю працягвала змяншацца – набліжаючы свет да моманту, калі гэтае вельмі жорсткае, бесчалавечнае і зневажальнае пакаранне канчаткова сыдзе ў мінулае", – заявіла Аньес Каламар.
"Сто дваццаць тры дзяржавы, больш, чым калі-небудзь раней, падтрымалі заклік Генеральнай Асамблеі ААН да ўвядзення мараторыя на пакаранне, а гэта значыць, што ціск на краіны, якія працягваюць пакараць смерцю людзей, узмацняецца і ім у рэшце рэшт прыйдзецца рушыць услед прыкладу астатніх. Нядаўна Вірджынія стала першым паўднёвым штатам у ЗША, які адмяніў смяротнае пакаранне, а некалькі законапраектаў аб адмене яе на федэральным узроўні чакаюць разгляду ў Кангрэсе. Свет працягвае рухацца да поўнай адмены смяротнага пакарання, і мы заклікаем Кангрэс ЗША падтрымаць заканадаўчыя намаганні па адмене смяротнага пакарання".
"Мы заклікаем лідэраў усіх краін, якія яшчэ не адмянілі гэта пакаранне, ў 2021 годзе назаўсёды пакончыць з санкцыянаванымі дзяржавай забойствамі. Мы працягнем нашу барацьбу, пакуль смяротнае пакаранне не будзе адмененае ва ўсім свеце, канчаткова і беспаваротна".