Сястра асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Паўлава: "Яго хутчэй за ўсё расстралялі"
Смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава хутчэй за ўсё прыведзены ў выкананне. Пра гэта дзясятага чэрвеня каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палуду паведаміла сястра Паўлава – Раіса Анатольеўна.
Жанчына распавяла, што ад Віктара паўтара месяцы не было лістоў. Нядаўна жанчына сабралася ехаць да яго на спатканне. Раней яна тэлефанавала начальніку СІЗА і дамаўлялася на канкрэтную дату і час, але гэтым разам у СІЗА ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не паведамілі інфармацыі пра стан брата. Тады сёння па просьбе Раісы ў СІЗА пайшла адвакатка – ёй паведамілі, што Віктара Паўлава там няма.
Сястра Паўлава мяркуе, што ўсе гэтыя факты сведчаць аб тым, што яе брата расстралялі. Афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выканне прысуду сям’я Віктара пакуль што не атрымлівала.
Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак на Віцебшчыне. Яго прысудзілі да смяротнага пакарання напрыканцы ліпеня 2019 года.
У Віцебску вынесены чарговы смяротны прысуд