Дзірк Шубель: "Смяротнае пакаранне павінна быць выдалена з сістэмы правасуддзя ўсіх грамадстваў, у тым ліку беларускага"

Дзірк Шубель
Дзірк Шубель

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель запісаў зварот з нагоды Міжнароднага Дня супраць смяротнага пакарання. У ім Шубель адзначыў, што апошнім часам працэдура прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання ў Беларусі стала яшчэ больш сакрэтнай, і заклікаў да ўвядзення мараторыя на яго прымяненне.

"Шаноўныя сябры і калегі, сёння Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. ЕС цвёрда і недвухсэнсоўна выступае супраць смяротнага пакарання ў любы час і ва ўсіх абставінах. Мы ўжо даўно заклікаем да глабальнага мараторыю на смяротнае пакаранне, бо адмена смяротнага пакарання ва ўсім свеце з'яўляецца мэтай палітыкі ЕС у галіне правоў чалавека. Таму мы вітаем глабальную тэндэнцыю, у адпаведнасці з якой колькасць краін, у якіх людзей па-ранейшаму караюць смерцю, працягвае змяншацца.

У мінулым годзе пакаранняў смерцю не было ў 176 краінах, што складае 91% ад агульнай колькасці дзяржаў-членаў ААН. Мы заклікаем Беларусь таксама рухацца ў бок адмены смяротнага пакарання. Утварэнне ўсё большага вакууму справядлівасці і вяршэнства права ў краіне з'яўляецца дастатковай прычынай для ўвядзення мараторыя – прастора для самавольства і юрыдычных памылак велізарная.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Улады заўсёды скупа паведамлялі аб пакараннях, аднак у апошні час гэта працэдура стала яшчэ больш сакрэтнай. Часта нават сем'ям зняволеных не даюць даведацца, ці былі пакараныя іх асуджаныя на смерць сваякі, і калі так, то хто з іх жывы, а хто не. Да гэтага часу незразумела, ці быў пакараны ў жніўні ці верасні Віктар Скрундзік, асуджаны на смерць у сакавіку 2020 года, бо на гэта намякаюць толькі неадназначныя паведамленні дзяржаўнага тэлебачання. Сваякі іншага асуджанага да смяротнага пакарання, Віктара Паўлава, лічаць, што яго «хутчэй за ўсё» пакаралі смерцю да чэрвеня гэтага года, але афіцыйнага пацвярджэння яны не атрымалі.

Свет сфармуляваў з тузін моцных аргументаў супраць смяротнага пакарання, таму, побач з катаваннем і рабствам, яно павінна быць незваротна выдалена з сістэмы правасуддзя ўсіх грамадстваў, у тым ліку, вядома, беларускага".

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны