Павел Левінаў звярнуўся ў міліцыю з просьбай аб вышуку прыcуджанага да расстрэлу

Віктар Паўлаў. Фота: "Віцебская Вясна".
Віктар Паўлаў. Фота: "Віцебская Вясна".

Праваабаронца Павел Левінаў 7 кастрычніка звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з заявай аб абвяшчэнні ў вышук асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава, піша "Віцебская Вясна". Па даверанасці блізкай сваячкі, праваабаронца абараняе інтарэсы асуджанага да расстрэлу ў Камітэце ААН па правах чалавека. Павел Левінаў мяркуе, што прысуджаны да расстрэлу мог знікнуць без вестак.

У заяве Павел Левінаў паведамляе аб тым, што прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ад 30 лiпеня 2019 году Віктар Паўлаў прызнаны вінаватым у крадзяжы (ч.2 арт. 205 КК) і наўмысным забойстве дзвюх асоб (ч. 2 арт 139 КК). Па сукупнасці злачынстваў суд прызначыў Паўлаву выключную меру пакарання - смяротную кару (расстрэл). Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь 12 лістапада 2019 году пакінула абвінаваўчы прысуд без змены. Да цяперашняга часу прысуджаны да смяротнага пакарання знаходзіўся ў СІЗА №1 Менску.

«З траўня 2021 году ад Віктара Паўлава перасталі паступаць лісты. Лісты, накіраваныя яму, назад не вярталіся. Ня вярнуўся і заказны ліст, накіраваны 16 жніўня 2021 году. Паўлаву 10 верасня быў накіраваны грашовы перавод з паведамленнем аб уручэнні. Паводле паведамлення ад 13 верасня 2021 году, грашовы перавод быў залічаны на разліковы рахунак Віктара Паўлава. Але 24 верасня грашовыя сродкі былі вернутыя адпраўніку», - распавёў праваабаронца гісторыю пошуку сваякамі асуджанага да пакарання.

Пры садзейнічанні праваабаронцы Левінава 28 лютага 2020 году пад нумарам 3714/2020 Камітэтам па правах чалавека ААН была зарэгістраваная скарга аб парушэнні Рэспублікай Беларусь сваіх абавязкаў па артыкулах 6, 7, 9 і 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пры затрыманні і асуджэнні Паўлава.

«Камітэт прасіў Рэспубліку Беларусь ўстрымацца ад прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання Паўлава да разгляду ягонага індывідуальнага паведамлення па сутнасці. Апроч таго, ён падаваў на імя прэзідэнта РБ хадайніцтва аб памілаванні і да гэтага часу на сайце кіраўніка дзяржавы не ўтрымліваецца інфармацыі аб якім-небудзь рашэнні Лукашэнкі наконт гэтага звароту», - паведаміў праваабаронца.

Паўла Левінава занепакоіла тая акалічнасць, што дзяжурны па СІЗА №1 Менску паведаміў яму, што Віктар Паўлаў «за дадзенай установай не лічыцца», пры гэтым у дзяржаўных СМІ не было паведамленняў пра тое, што ў дачыненні да яго падабароннага прысуд быў прыведзены ў выкананне.

«Пры такіх абставінах ёсць усе падставы меркаваць, што Віктар Паўлаў знік без вестак. Таму я звянуўся ў МУС з просьбай пачаць ягоны вышук і па ягоных выніках праінфармаваць мяне пра прычыну знікнення і месцы знаходжання майго падапечнага», - рэзюмаваў Левінаў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны