30 лістапада праходзіць штогадовая акцыя “Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання”
Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" адзначае, што 30 лістапада ва ўсім свеце праходзіць акцыя "Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання".
Акцыя, ініцыяваная каталіцкай “Абшчынай Святога Эгідзія”, адбываецца штогод з 2002 года. Дата 30 лістапада абраная невыпадкова: у гэты дзень у 1786 годзе ў італьянскім княстве Таскана ўпершыню ў гісторыі еўрапейскіх дзяржаваў было адмененае смяротнае пакаранне.
Але Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу суды выносяць пакаранне смерцю. Праваабаронцам вядома, што пасля памілавання асуджаных да смерці братоў Іллі і Станіслава Косцевых у так званым "калідоры смерці" заставаліся Віктар Паўлаў, Віктар Скрундзік і Віктар Сергель. Аднак доўгі час родным не прыходзяць лісты ад Паўлава і Скрундзіка, таму іх лёс праваабаронцам дакладна невядомы.
Кожны жадаючы можа падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
Нагадаем, акцыя "Гарады за жыццё" ўпершыню ў Мінску прайшла ў 2010 годзе. У той жа год старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі прыняў удзел у акцыі ў Бішкеку (Кыргызстан), дзе знаходзіўся з працоўным візітам.