Ад мараторыя да поўнай адмены: Сенат Казахстана прыняў закон аб адмене смяротнага пакарання
23 снежня ў Казахстане адбылося пасяджэнне, на якім сенатары разгледзелі пакет законапраектаў, у тым ліку па адмене смяротнага пакарання.
У ходзе пасяджэння Сената адзначалася, што закон па адмене смяротнага пакарання стаў лагічным працягам працы, якая праводзіцца ў Казахстане па паэтапным скарачэнні яго прымянення. Раней прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адзначаў, што смяротнае пакаранне ў Казахстане павінна быць скасаванае без якіх-небудзь агаворак.
"Прымаючы гэты закон, Казахстан далучаецца да групы краін, дзе смяротнае пакаранне заканадаўча забароненае. Акрамя таго, наша краіна даказвае, што падтрымлівае міжнародны рух, накіраваны на поўную адмену смяротнага пакарання", - адзначыў спікер Сената Маўлен Ашымбаеў.
Самым суровым пакараннем у Казахстане надалей стане пажыццёвае пазбаўленне волі.
Нагадаем, у пачатку года прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон "Аб ратыфікацыі другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання".
Усе краіны, якія далучыліся да гэтага пратаколу, абавязваюцца не ўжываць у сябе смяротнае пакаранне і выключыць яго з заканадаўства.
Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе смяротнае пакаранне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.