Андрэй Палуда: Выбух у мінскім метро патрабуе дадатковага раследавання і пераасэнсавання
11 красавіка – чарговая, адзінаццатая, гадавіна тэракту ў Менскім метро, і вельмі часта, інфармацыя і ўзгадкі пра гэтыя трагічныя падзеі ідуць у звязку з крымінальнай справай Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, асуджаных да смяротнага пакарання. Мы папрасілі ўзгадаць і пракаментаваць тыя падзеі каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарння ў Беларусі” Андрэя Палуду.
- Сапраўды, справа па абвінавачанню Уладзіслава Кавалева стаіць асобна ад многіх кейсаў, па якіх выносіліся смяротныя прысуды і па якіх мы працавалі ў межах нашай кампаніі. Я кажу зараз толькі пра Уладзіслава, бо ў межах кампаніі мы працавалі менавіта па яго сітуацыі, менавіта разам з яго сваякамі юрыст Раман Кісляк рыхтаваў Зварот у камітэт ААН па правах чалавека.
Справа стаіць асобна, бо па-першае таму, што за гэтай справай стаіць лёс і жыццё Уладзіслава, смяротны прысуд у адносінах якога быў вынесены і прыведзены ў выкананне ў вельмі кароткі час, прычым без магчымасці касацыйнага абскарджвання ў судзе другой інстанцыі.
Па-другое, вінаватасць Уладзіслава, працэс разгляду справы, вынікі разгляду выклікалі шматлікія пытанні не толькі ў праваабаронцаў, але і ў грамадства цалкам, і як паказчык, менавіта пасля прывядзення ў выканне гэтага смяротнага прысуду, незалежнымі сацыялагічнымі даследаваннямі, упершыню ў гісторыі апытанняў, было зафіксавана на той момант перавышэнне колькасці прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання над апанентамі.
Яшчэ адзін, трэці момант, гэта тое, як маці Уладзіслава, Любоў Іванаўна, змагалася за жыццё свайго сына, а пасля атрымання дакументаў аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду - за рэабілітацыю яго імя ў вачах людзей і за адмену гэта ганебнага віда пакарання якое да гэтага часу існуе ў Беларусі.
Таксама, варта адзначыць, што Зварот ў Камітэт ААН па правах чалавека, быў разгледжаны ў рэкордна кароткі тэрмін - меней чым за год. Камітэт прызнаў, што следства праводзілася са шматлікімі памылкамі, да Кавалёва прымянялася фізічная сіла і прымус даваць паказанні супраць сябе, парушалася прэзумцыя невінаватасці, суд не быў бесстароннім і, галоўнае, было парушана права на жыццё.
Гэты жахлівы выпадак, звязаны з выбухам ў менскім метро, з’яўляецца трагедыяй для усяго нашага грамадства, для сваякоў тых хто загінуў, хто быў паранены, прыгавораны і растраляны, і патрабуе на мой погляд, дадатковага раследавання і пераасэнсавання.