Сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смерці, і агульныя каштоўнасці. Што ўразіла беларускіх праваабаронцаў на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання?

Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання завяршыўся ў Берліне. Ён праходзіў з 15 па 18 лістапада , і аб’яднаў каля 1000 удзельнікаў з самых розных краін. На кангрэсе былі і тры беларускія праваабаронцы – з “Вясной” яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад гэтай маштабнай падзеі.

Праваабаронцы Дар'я Рублеўская, Андрэй Палуда і Павел Левінаў на 8-ым Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання
Праваабаронцы Дар'я Рублеўская, Андрэй Палуда і Павел Левінаў на 8-ым Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання

Дар’я Рублеўская: “Натхняе, як еўрапейскія краіны, дзе няма смяротнага пакарання, працуюць з гэтай тэмай”

Для прадстаўніцы кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца ПЦ “Вясна” Дар’і Рублеўскай Восьмы Сусветны кангрэс стаў першым у яе жыцці.

“Я вельмі ўражана колькасцю людзей з самых розных краінаў, у якіх усё яшчэ ёсць смяротнае пакаранне — альбо на фармальным альбо на рэальным узроўні (гэта я кажу пра тыя краіны, якія фактычна не ўжываюць смяротнае пакаранне, але пры гэтым захоўваюць яго ў заканадаўстве). Вельмі шмат розных краінаў, вельмі шмат розных людзей, актывістаў і актывістак, даследчыкаў і даследчыц, якія па ўсім свеце працуюць з гэтай тэмай.

Таксама вельмі натхняе, як еўрапейскія краіны, якія не маюць смяротнага пакарання, пры гэтым вельмі актыўна ўдзельнічаюць у абаліцыяністкім руху — напрыклад, Францыя, Германія, Іспанія. Яны робяць розныя інтэрнацыянальныя кампаніі і працуюць з краінамі, ў якіх ёсць смяротнае пакаранне, а таксама і засноўваюць арганізацыі ў сваіх краінах, падтрымліваюць мясцовых актывістаў і актывістак”.

Дар’я адзначае, што на кангрэсе было шмат панэльных дыскусій, абмеркаванняў і воркшопаў з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дзяржаваў. Бо працуючы наўпростава з імі, можна дамагчыся многіх зменаў — у гэтым ўпэўненыя арганізатары кангрэса.

"У Еўропе бушуе вайна, у Афганістане і Беларусі дзеецца беззаконне". Стартаваў Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання

Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання 15 лістапада распачаў сваю працу ў Берліне.Як заяўлена, Сусветны кангрэс збірае на адной пляцоўцы палітыкаў і прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый

Андрэй Палуда: прадстаўнікам ад беларускай дзяржавы на кангрэсе сказаць няма чаго

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца ПЦ “Вясна” Андрэй Палуда заўважае, што прадстаўнікоў ад беларускай дзяржавы на Восьмым кангрэсе не было. Праваабаронца не ведае, ці запрашалі іх арганізатары кангрэса. Але нават калі беларускія чыноўнікі і прыехалі б, то што яны там змаглі б сказаць?

“У мінулыя разы беларускія прадстаўнікі дзяржавы казалі, што яны вывучаюць пытанне адмены смяротнага пакарання — і  Беларусь паступова рухаецца да гэтага.  А што яны могуць сказаць зараз? Што вясной увялі новыя магчымасці ў заканадаўстве для таго, каб прымяняць смяротнае пакаранне ў больш шырокім фармаце?” — задаецца рытарычным пытаннем Андрэй Палуда.

Андрэй Палуда каля мапы смяротнага пакарання. Чырвоным колерам паазначаны краіны, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Аранжавым — дзе ўведзены мараторый.
Андрэй Палуда каля мапы смяротнага пакарання. Чырвоным колерам паазначаны краіны, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Аранжавым — дзе ўведзены мараторый.

У межах Восьмага Сусветнага кангрэса праваабаронца Андрэй Палуда быў вылучаны ў шорт-ліст намінантаў прэміі імя Роберта Бадзінтэра (міністра Францыі, які выступіў з заканадаўчай ініцыятывай аб адмене смяротнага пакарання ў сваёй краіне). А на ўрачыстым закрыцці Восьмага кангрэса абвесцілі лаўрэатку — ёй стала Насрын Сатудэ з Ірана. З’яўляючыся адвакаткай, яна паспяхова прадухіліла ў сваёй краіне некалькі смяротных пакаранняў, у тым ліку ў дачыненні да непаўнагадовых.  Насрын вядзе працу ў кампаніі LEGAM (“Кампанія за паэтапную адмену смяротнага пакарання”).  У 2019 годзе ўлады Ірана звінавацілі Сатудэ ў тым ліку ва ўдзеле ў нелегальным сходзе — у выніку ёй прысудзілі  38 гадоў турмы і 148 удараў пугай.

“І Беларусь, і Іран часта на кангрэсе гучалі ў негатыўным кантэксце, бо ў гэтых краінах вельмі актывізавалася сітуацыя са смяротным пакараннем, — адзначае Андрэй Палуда. — У Беларусі — з-за зменаў у заканадаўстве, у Іране ж — рыторыка аб тым, што зараз да смерці будуць прысуджаць палітычных апанентаў”.

Андрэй Палуда разам з яшчэ адным намінантам прэміі Роберта Бадзінтэра  — Алексіусам Камангіла, юрыстам з Малаві
Андрэй Палуда разам з яшчэ адным намінантам прэміі Роберта Бадзінтэра — Алексіусам Камангіла, юрыстам з Малаві

Андрэй Палуда таксама ўражаны ўдзельнікамі кангрэса:

“Усе вельмі адкрытыя і добра ішлі на кантакт. І гэта зразумела, бо не важна, на якой мове яны размаўляюць — па-ангельску, па-французску, па-тайваньску ці па-беларуску — у іх ёсць агульная мова, якую яны разумеюць: гэта мова каштоўнаснага падыхода, на якой і заснаваны рух абаліцыянізму”.

На Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання Беларусь і Іран прагучалі ў негатыўным кантэксце

На Восьмым Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання прайшла дыскусія пра інструменталізацыю смяротнага пакарання ў палітычных мэтах. Беларусь і Іран прагучала ў негатыўным кантэксце.

Павел Левінаў: уражаны ад сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смяротнага прысуду

Удзельнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца Беларускага Хельсінкскага Камітэта Павел Левінаў адчувае захапленне ад таго, як сусветная кампанія прасоўвае права на жыццё. А яшчэ праваабаронца пазнаёміўся ў межах кангрэса з людзьмі, якія раней былі асуджаны да смяротнага пакарання:

“Людзі, якія больш за 20 гадоў прабылі ў турмах, чакаючы смяротнага прысуду — і ўрэшце былі апраўданыя ў сувязі з тым, што з'явіліся новыя метады даследавання доказаў, таму з іх былі знятыя абвінавачванні. Гэта самае магутнае ўражанне: бо па-першае, гэта мужныя людзі. А па-другое, у Беларусі смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне на працягу года або паўтара гадоў — і ніхто там не разбіраецца.

А ў тых людзей была надзея і вера. Справядлівасць перамагла — і яны апынуліся на волі”.

Павел Левінаў разам з былымі асуджанымі да смяротнага пакарання: Дэбрай Мілке (злева), якая правяла ў зняволенні 22 гады, і Ндумэ Олатушані (справа), яки правёщ у камеры смяротнікаў 19 гадоў. Фота: з асабістага архіва Паўла Левінава
Павел Левінаў разам з былымі асуджанымі да смяротнага пакарання: Дэбрай Мілке (злева), якая правяла ў зняволенні 22 гады, і Ндумэ Олатушані (справа), які правёў у камеры смяротнікаў 19 гадоў. Фота: з асабістага архіва Паўла Левінава

На пытанне, як выглядаюць людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, Павел Левінаў адказаў:

“У натоўпе іх не адрозніш ад нас. Але гэтыя людзі не забітыя горам, яны  жыццярадасныя. Калі яны даведаліся, што я з Беларусі, то пыталіся пра нашу краіну, пра тое, што робіць наш урад для таго, каб увесці мараторый або адмяніць смяротнае пакаранне.

Гэта значыць, гэтых людзей цікавіў не толькі свой цяжкі лёс — яны, пацярпеўшы, узялі цяжар барацьбы за права на жыццё людзей іншых краін. Я за гэта перад імі проста схіляюся”.

Па сканчэнні Восьмага Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Берліне прайшоў марш абаліцыяністаў. Удзельнікі скандавалі «Abolition now!», патрабуючы адмяніць смяротнае пакаранне неадкладна.

Фота

Праваабаронцы Дар'я Рублеўская, Андрэй Палуда і Павел Левінаў на 8-ым Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання
Андрэй Палуда каля мапы смяротнага пакарання. Чырвоным колерам паазначаны краіны, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Аранжавым — дзе ўведзены мараторый.
Андрэй Палуда разам з яшчэ адным намінантам прэміі Роберта Бадзінтэра  — Алексіусам Камангіла, юрыстам з Малаві
Павел Левінаў разам з былымі асуджанымі да смяротнага пакарання: Дэбрай Мілке (злева), якая правяла ў зняволенні 22 гады, і Ндумэ Олатушані (справа), яки правёщ у камеры смяротнікаў 19 гадоў. Фота: з асабістага архіва Паўла Левінава

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны