Абмежаванне, мараторый, адмена: як Літва пазбавілася смяротнага пакарання

Вежа Лукішскай турмы
Вежа Лукішскай турмы

"Вясна" распавядае аб тым, як у незалежнай Літве адбываўся працэс адмены смяротнага пакарання. Яе суседка, незалежная Беларусь, так і не наважылася адмяніць вышэшую меру пакарання і дагэтуль.

Літоўская рэспубліка, з моманту аднаўлення незалежнасці 11 сакавіка 1990 года, рабіла паслядоўныя захады па абмежаванні, прыпыненню і канчатковай забароне ў краіне смяротнага пакарання. А ў Беларусі, прыкладна з таго часу па прыгаворах судоў было пакарана больш за 330 чалавек, і толькі траіх асуджаных да вышэйшай меры пакарання памілаваў Аляксандр Лукашэнка – яны атрымалі альбо пажыццёвае зняволенне, альбо працяглыя тэрміны.

Восем год ад абвяшчэння незалежнасці да адмены смяротнага пакарання

У савецкі час крымінальнае заканадаўства Літоўскай ССР дапускала прымяненне смяротнага пакарання па 16 крымінальных артыкулах. Першым крокам па абмежаванні вышэйшай меры пакарання было прыняцце ў 1994 годзе Закона аб зменах у Крымінальным кодэксе. Паводле арт. 24 Закона смяротнае пакаранне магло быць вынесенае толькі за “завершанае наўмыснае забойства пры абцяжваючых абставінах”.

Ужо ў незалежнай Літве да ўвядзення 1 кастрычніка 1996 года мараторыя на смяротнае пакаранне, было вынесена 16 расстрэльных прысудаў. Прычым, сем з іх былі прыведзены ў выкананне, адзін асуджаны скончыў жыццё самагубствам, адзін быў апраўданы, астатнія напісалі прашэнні аб памілаванні, якія былі задаволеныя.

У другой палове 1996 года ў Літве абвешчаны мараторый на смяротнае пакаранне. Гэтае пакаранне ў Крымінальным кодэксе засталося, аднак болей не ўжывалася. У 1998 годзе Канстытуцыйны суд Літоўскай Рэспублікі прызнаў, што прадугледжаная ў 105 артыкуле КК (наўмыснае забойства з абцяжарвальнымі абставінамі) санкцыя супярэчыць Канстытуцыі дзяржавы. У гэтым жа годзе Сейм прыняў закон, які прыбраў смяротнае пакаранне са спісу прадугледжаных у Крымінальным кодэксе пакаранняў. Закон уступіў у сілу 31 снежня 1998 года. 18 студзеня 1999 года Літоўская Рэспубліка падпісала Шосты пратакол аб адмене смяротнага пакарання Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод і 22 чэрвеня таго ж года ратыфікавала яго.

Апошнім у рэспубліцы быў расстраляны ў 1995 годзе лідар найбуйнейшай арганізаванай злачыннай групоўкі "Вільнюская брыгада" Барыс Дэканідзэ, якога абвінавацілі ў арганізацыі заказнога забойства журналіста газеты "Рэспубліка" Вітаса Лінгіса.

litva-smiarotnae-lukishki-3.jpg
Камера у Лукішскай турме. Фота з сацыяльных сетак.

Журналіст Вітас Лінгіс адным з першых у прэсе стаў асвятляць падрабязнасці злачынстваў, я’кія здзяйсняюцца чальцамі брыгады, і пісаць пра арганізаваную злачыннасць у Літве, за што не раз атрымліваў у свой адрас пагрозы аб расправе. 12 кастрычніка 1993 года ён быў забіты трыма стрэламі ў галаву.

10 лістапада 1994 года суд прызнаў Дэканідзэ вінаватым у забойстве журналіста, а 12 ліпеня 1995 года ён, насуперак практыцы прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў, быў расстраляны у Лукішкскай турме.

За завесай сакрэтнасці: як выконваліся смяротныя прысуды ў Літве

Смяротныя прысуды як у Беларусі, так і ў Літве, прыводзіліся ў выкананне шляхам расстрэлу. Працэдура выканання прысуду таксама праходзіла пад завесай сакрэтнасці. У Беларусі, напрыклад, па словах былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, які адначасова кіраваў і спецыяльнай камандай, смяротнікаў вывозілі ў таемныя месцы да загадзя прыгатаваных магіл, дзе забівалі стрэлам у патыліцу, а самі пахаванні маскіравалі. Алкаеў спрасціў працэдуру і асуджаных да смяротнага пакарання сталі растрэльваць непасрэдна на “Валадарцы”.

А як было ў Літве? У свой час журналісты газеты "Летувос Рытас" высветлілі, што прысуды прыводзілі ў выкананне на ажыўленай шашы “Вільнюс-Панявежыс” у Шырвінскім раёне. Рабілася гэта ў спецыяльным мікрааўтобусе "Латвія", які звычайна стаяў на абочыне дарогі.

Аўтамабіль дадаткова абсталявалі для выканання незвычайнай функцыі. Унутры былі ўсталяваныя краткі, шкло зрабілі прыцемненым."Расстрэльная група" прыбывала ў Лукішскую турму ўвечары. Паміж сабой размяркоўвалі ролі – хто што робіць.Дэталі аперацыі агаворвалі вусна, ніякіх папер не афармлялі. Асуджанамузагадвалі збірацца ў лазню або да лекара.На самай справе яго прыводзілі да пракурора, які паведамляў аб тым, што прашэнне аб памілаванні адхілена і прысуд будзе прыведзены ў выкананне.На галаву апраналі мяшок і вялі ў мікрааўтобус.

vilnius-panevezys-99148.jpg
30 кіламетр шашы "Вільнюс-Паневежыс" і мікрааўтобус "Латвія". Фотакалаж.

Кіламетрах у 30 за Вільняй, на адкрытым месцы,  спыняліся ля абочыны (некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што аўтобус мог збочыць і на прыдарожны палігон). Асуджанага ўкладвалі на падлогу і расстрэльвалі. Гэтая траса вельмі ажыўленая. Таму мікрааўтобус ля абочыны шашы асаблівай увагі не прыцягваў. Такім спосабам у Літве пакаралі смерцю шэсць чалавек. Гук стрэлу, а часам даводзілася страляць двойчы, заглушаўся шумам матора. Пасля прывядзення прысуду ў выкананне на гэтай жа машыне цела дастаўлялі ў морг, а мікрааўтобус старанна мылі.

Апошняга, сёмага, а гэта і быў Барыс Дэканідзэ, расстралялі ў Лукішскай турме. І на тое былі прычыны: улады баяліся, што можа быць напад, што падрабязнасці “аперацыі” могуць стаць вядомыя крымінальнікам, якія заставаліся на волі. Месца, дзе дакладна прысуд прывялі ў выкананне, устанавіць не ўдалося.

Некалькі фактаў пра Лукішскую турму и турму КДБ

Лукішская турма была пабудаваная ў 1904 годзе і дзейнічала да 2 ліпеня 2019 года. Турма была спраектаваная на ўзор знакамітай турмы “Красты” ў Санкт-Пецярбургу і была абсталяваная добрай вентыляцыяй, каналізацыяй і ацяпленнем.

litva-smiarotnae-lukishki-1.jpg
Лукішская турма сёння.

Калі 15 чэрвеня 1940 г. Савецкі Саюз акупаваў Літву, у краіне пачаліся масавыя рэпрэсіі: жыхароў Літвы, якія былі непажаданыя акупантам, арыштоўвалі, высылалі ў Сібір і ў іншыя аддаленыя раёны Савецкага Саюза і расстрэльвалі.

Ужо ўвосень 1940 года у былым Палацы правасуддзя была створаная Віленская ўправа НКУС, а ў яго паўпадвале была абсталяваная турма, вядомая цяпер як турма КДБ. Там, у перыяд з 1944 па пачатак 1960-х гадоў у падвале было пакарана больш за 1000 зняволеных, каля адной траціны – за супраціў савецкай улады и проста калабарантаў.

litva-smiarotnae-kdb.jpg
Мемарыяльная шыльда на Музеі акупацыі і барацьбы за свабоду

Зараз тут знаходзіцца Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

Пакаранні ў пасляваенны час праводзіліся таксама і ў Лукішкскай турме, але гэтая інфармацыя засакрэчаная яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў.

Існуе версія, што пакуль Літва знаходзілася ў складзе СССР, сваіх "спецыялістаў" не было. Таму частку злачынцаў адвозілі ў Мінск, дзе прысуд і прыводзілі ў выкананне. І толькі з  аднаўленнем незалежнасці спатрэбіліся свае выканаўцы. 

У розны час вязнямі Лукішскай турмы былі першы прэм’ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін, які пазней стаў Нобелеўскім лаўрэатам міру, дзесяткі вядомых беларусаў, сярод якіх Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Барыс Кіт, Рыгор Шырма і іншыя.

А адным з першых і самых знакамітых зэкаў тут быў сам Фелікс Дзяржынскі, заснавальнік і кіраўнік ЧК.

Сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца з году ў год

28 гадоў як Літва канчаткова адмяніла смяротнае пакаранне. Пры гэтым, у адрозненне ад Беларусі, тут аніякіх рэферэндумаў не праводзілася.

У студзені 2021 года МУС Беларусі анансавала ўнясенне змяненняў у Крымінальны кодэкс, у ліку якіх называлася ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Аднак ужо ў траўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці", пасля чаго пытанне аб скасаванні смяротнага пакарання зноў адклалі.

У 2022 годзе ў ўступілі ў сілу папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх смяротнае пакаранне можа быць прысуджана не толькі за само злачынства, але і за замах на ўчыненне злачынстваў. У Пераліку злачынстваў, за якія можа прызначацца смяротнае пакаранне ў Беларусі – 14 пунктаў.

А 25 сакавіка 2023 года ўступілі ў сілу папраўкі ў кодэксы аб крымінальнай адказнасці, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за дзяржаўную здраду, а таксама крымінальную адказнасць за прапаганду тэрарызму і дыскрэдытацыю арміі.

Фота

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны