Новыя аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання: пагрозы і "плюшкі" для рэжыму Лукашэнкі
10 кастрычніка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. Беларусь да гэтага часу застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца такі від кары. Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" распрацавала аргументы, заснаваныя на досведзе 140 краінаў свету і праведзеных даследаваннях. Яны выкарыстоўваюцца ў дысксусіях за адмену смяротнага пакарання на працягу многіх гадоў. Сёння праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч разважае і шукае новыя аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання ў кантэксце новых падзей і выклікаў у свеце. Прыводзім яго тэкст.
Лічу, што менавіта цяпер, у гэты час, недзе глыбока ў нетрах беларускай улады, у патаемных яе калідорах, пакуль бязгучна і без лішняй увагі старонніх вачэй гуляюць калі не драфт законапраекту, то дакладна – нейкія напрацоўкі, аналітычныя матэрыялы і выкладкі, датычныя адмены смяротнага пакарання. Так мусіць быць. І вось чаму.
Усе апісаныя ніжэй факты і падзеі характарызуюць цячэнне ўмоўнага трэцяга і заключнага перыяду гісторыі існавання інстытута смяротнага пакарання ў Беларусі.
Ад 1994 года – моманту прыняцца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і прыкладна на працягу 15 гадоў наяўнасць смяротнага пакарання была на руку дзейснай улады, сімвалізуючы яе цвёрды, жорсткі і непахісны характар, а таксама народны кансэнсус адносна існавання гэтага інстытуту.
Сітуацыя, на мой погляд, змянілася падчас шырокай публічнай дыскусіі, якая праходзіла ў асноўным у незалежных СМІ і ўзнікла як рэакцыя на імклівае і спрэчнае з пункту гледжання права пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце ў мінскім метро (2011 г.), – Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Стала відавочна, што стаўленне грамадства да смяротнага пакарання змянілася. Наступныя гадоў дзесяць смяротнае пакаранне існавала ў заканадаўчай сістэме Беларусі як рудымент савецкасці, які не даваў ніякіх перавагаў, але і не прыносіў уладзе і грамадству асаблівых нязручнасцяў.
Апошні этап – пачынаючы з 2022 года – сведчыць аб тым, што інстытут смяротнага пакарання ў Беларусі з розных прычынаў больш не з’яўляецца ні неабходным, ні бяспечным, у тым ліку і для дзейснай улады.
Якія пагрозы існуюць для рэжыму Лукашэнкі пры захаванні смяротнага пакарання ў Беларусі?
У траўні 2022 года пасля двух месяцаў жорсткіх баёў на тэрыторыі “Азоўсталі” ў акупаваным Марыупалі сотні ўкраінскіх байцоў палка “Азоў” патрапілі ў палон да расійскіх акупацыйных узброеных сіл. Гучная лакальная перамога агрэсара тут жа была скарыстана крамлёўскай прапагандай з мэтай нанясення максімальнай інфармацыйнай шкоды Украіне і яе кіраўніцтву: ўзнікла ідэя “міжнароднага трыбуналу” над “ваеннымі злачынцамі”.
У разнастайным хоры галасоў прыхільнікаў вайны асаблівы тон задавалі расійскія ўра-патрыёты, якія прапанавалі судзіць палонных азоўцаў на тэрыторыі суседняй саюзнай дзяржавы. Асноўным і адзіным лейтматывам гэтага закліку была наяўнасць у Беларусі смяротнага пакарання.
З прычыны таго, што далей гучных заяў справа не пайшла, гісторыя з “міжнародным трыбуналам” пад юрысдыкцыяй ваеннага хаўрусніка агрэсара – рэжыму Лукашэнкі – хутка сціхла і паступова сышла ў нябыт.
Але што магло б адбыцца ў выпадку, калі б суд над украінскімі ваеннапалоннымі прайшоў у Беларусі?
Зараз можна ўпэўнена казаць, што і для правячага рэжыму, і для іміджу краіны гіпатэтычная падзея сталася б вельмі сур’ёзным выклікам.
Па-першае, хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да поўнага разрыву дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Украінай, а таксама абвастрыла б у перспектыве іх адносіны аж да верагоднасці адкрытага ваеннага супрацьстаяння.
Па-другое, самі “суддзі” – беларускія ўлады – мелі б магчымасць патрапіць пад дзеянне міжнароднага крымінальнага права яшчэ з адной дадатковай прычыны, якіх і без таго хапае: згодна з палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі ваеннапалонныя могуць быць асуджаныя толькі за ваенныя злачынствы, але ніяк не за ўдзел ва ўзброеным канфлікце. Абвінавачанні абаронцам “Азоўсталі”, агучаныя краінай-агрэсарам, ужо на этапе прад’яўлення выклікалі вялікі сумнеў у іх абгрунтаванасці і законнасці. Па сутнасці, насуперак міжнароднаму гуманітарнаму праву Расія пры ўдзеле Беларусі збіралася правесці публічнае шоў пакарання смерцю тых, хто асмеліўся супрацьстаяць яе захопніцкім планам. Дарэчы, “трыбунал” да гэтага часу так і не адбыўся.
Зразумела, што і першы, і другі меркаваныя вынікі не адпавядалі інтарэсам правячага рэжыму Беларусі. А пазбегнуць негатыўнага сцэнарыя развіцця падзей можна было б толькі ў выпадку адсутнасці смяротнага пакарання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.
Гэта, бадай, быў першы званочак у чарзе негатыўных наступстваў ад наяўнасці інстытута пакарання смерцю для дзейснай беларускай улады, якія ўжо адбыліся і яшчэ маюць адбыцца ў будучыні, калі заканадаўства не зменіцца.
Другі званочак прагучаў вясной 2024 года.
Вечарам 22 сакавіка 2024 года група ўзброеных асобаў напала на наведвальнікаў канцэртнага зала “Крокус Сіці Хол” у падмаскоўным Краснагорску. Тэракт адбыўся перад пачаткам выступу групы “Пікнік”. 145 чалавек загінула.
Следам за трагедыяй ў вышэйшых колах расійскай улады пачалася дыскусія аб адмене мараторыя на смяротнае пакаранне (дзейнічае ў Расіі з 1997 года), з тым, каб максімальна жорстка пакараць абвінавачаных у злачынстве. Прыйшоўшы да высновы, што зрабіць гэта хутка і ў адпаведнасці з законам не атрымаецца – дэпутатка дзярждумы Марыя Буціна – заявіла, што меркаваных злачынцаў можна перадаць для суда ў Беларусь: там існуе смяротнае пакаранне, Беларусь – саюзная з Расіяй дзяржава і “мае такое ж права” судзіць фігурантаў, таму як падчас тэракта загінулі ў тым ліку яе грамадзяне.
Урэшце, як і ў мінулым выпадку, справа скончылася нічым. Размовы аб перадачы затрыманых у Беларусь сціхлі, а судовы працэс над імі пройдзе ў самой Расіі згодна з тым заканадаўствам, якое існавала на момант здзяйснення тэракта.
Але што магло б адбыцца ў выпадку, калі б суд над абвінавачанымі прайшоў у Беларусі? У прынцыпе, уладзе такое развіццё падзей істотна нічым не пагражала. Апрача адной “дробязі”: наша краіна ў вачах сусветнай супольнасці пераўтварылася б у “расстрэльны” філіял Расіі, дзе людзей караюць смерцю на падставе аўтсорсынгавай дамовы з метраполіяй. Скажам прама, такі сабе вынік для міжнароднага іміджу суверэннай дзяржавы.
Але і гэтага можна было пазбегнуць, калі б смяротнае пакаранне адсутнічала ў Беларусі.
Трэці, трывожны, але зусім не апошні званочак, прагучаў літаральна праз некалькі месяцаў пасля другога – летам 2024 года.
На дадзены момант мы можам толькі здагадвацца, якім чынам адбывалася ўся аперацыя па злову, асуджэнню да смерці і наступнай выдачы грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера для мэтаў абмену на кілера Красікава і іншых расійскіх шпіёнаў. Але адно дакладна зразумела: Лукашэнку падманулі.
Тое, што расійскаму хаўрусніку Аляксандра Лукашэнкі не ўдавалася зрабіць у першыя два разы – скарыстацца бруднай нормай беларускага заканадаўства – наяўнасцю смяротнага пакарання – каб самому не запэцкацца людской кроўю, нарэшце спрацавала. Хаця, праўду кажучы, кульмінацыя трагічнай падзеі так і не наступіла.
Кім, дзе і калі быў затрыманы нямецкі грамадзянін, якога потым абвінавацілі ў здзяйсненні тэракта, што канкрэтна ён зрабіў такога, каб “заслужыць” смерць, чаму асуджаны ў Беларусі стаў разменнай манетай у гульні паміж ЗША і Расіяй – на гэтыя пытанні дасюль няма ўцямнага адказу. Тым не менш, відавочна, што наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі сталася менавіта тым фактарам, які дазволіў Крамлю ў чарговы раз, грэбуючы інтарэсамі рэжыма Лукашэнкі, згуляць сваю партыю. І гэтага можна было пазбегнуць, калі б смяротнае пакаранне адсутнічала ў Беларусі.
Званочак чацвёрты, гучны.
Параўнальна дробныя непрыемнасці ў выглядзе жадання ўсходняга суседа карыстацца ў сваіх брудных гульнях дзікунскай нормай беларускага крымінальнага права выглядаюць бляклымі на фоне іншых, больш глабальных праблем – як у прамым, гэтак і ў пераносным сэнсе, – паўстаючых з той жа самай прычыны.
Усім вядомая прымаўка пра тое, што калі б ведаў, дзе павалішся, паклаў бы саломкі. Назіраючы за зменамі ў беларускім заканадаўстве, якія тычацца ўвядзення пажыццёвых гарантый бяспекі для прэзідэнта, членаў яго сям’і, і нават кранаюць такую спецыфічную сферу, як падаткі, можна з упэўненасцю сказаць: зараз улада занятая "рассціланнем саломкі". Мяркуючы па навінах, сцелюць паўсюль, дзе толькі можна.
Але ў адным месцы “саломкі” пакуль няма. А слаць трэба, прычым слаць трэба густа.
17 сакавіка 2023 года Офіс Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН апублікаваў даклад “Палажэнне ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх”. Адметным момантам у дакуменце з’явілася новая, дасюль не агучаная на такім высокім узроўні фармулёўка: “Некаторыя з парушэнняў могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці”.
Не будзем далей заглыбляцца ў юрыдычныя тонкасці даклада, а лепш звернем увагу на магчымыя яго наступствы. Кваліфікацыя дзеянняў беларускіх уладаў як міжнародных злачынстваў згодна з прынцыпамі ўніверсальнай юрысдыкцыі і нормамі Міжнароднага крымінальнага суду дазваляе прыцягнуць меркаваных злачынцаў да адказнасці. Гэтая адказнасць не мае тэрмінаў даўніны і практычна не мае геаграфічных межаў. Адказнасць можа быць рэалізаваная як у межах міжнароднага, так і ў межах нацыянальнага трыбуналаў.
Далей – болей.
У тым жа дакладзе УВКПЧ гаворыцца аб тым, што Вярхоўнаму камісару вядома аб узбуджэнні адпаведных крымінальных спраў як мінімум у шасці нацыянальных юрысдыкцыях за межамі Беларусі на падставе прынцыпаў універсальнай ці экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Адзін з вынікаў такога роду дзейнасці стаў вядомы зусім нядаўна. 30 верасня ўрад Літвы перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў (пачытаць матэрыялы справы на англійскай мове).
Крымінальная адказнасць меркаваных удзельнікаў злачынстваў – пакуль іх імёны і колькасць канкрэтна не акрэсленыя – стала на крок бліжэй.
Нельга скідваць з рахункаў і іншыя “заслугі” прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, удзел беларускіх уладаў у прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны з мэтай іх перавыхавання і ваеннай падрыхтоўкі. Гэтыя факты былі адлюстраваныя ў дакладзе Лабараторыі гуманітарных даследаванняў (HRL) пры Ельскай школе грамадскай аховы здароўя ў ЗША. Але названыя дзеянні не атрымалі канчатковай юрыдычнай кваліфікацыі, хаця ўжо былі прадстаўленыя ў той жа МКС ад розных суб’ектаў міжнароднага права. Але, па вялікім рахунку, не важна, на падставе якіх менавіта злачынстваў ордар на арышт прадстаўнікоў беларускіх уладаў урэшце будзе выдадзены. Бо адказнасць так ці інакш надыдзе.
Пры чым тут наяўнасць смяротнага пакарання ў Крымінальным кодэксу Рэспублікі Беларусь, калі размова вядзецца аб міжнародных інстытуцыях, спытаецеся вы?
Прыцягненне да крымінальнай адказнасці можа адбыцца як на міжнародным, гэтак і на нацыянальным узроўні. Прыкладаў у гісторыі хапае. У свой час новы Руандыйскі ўрад, рэагуючы на стварэнне Міжнароднага крымінальнага трыбунала па Руандзе (МКТР) за злачынствы супраць чалавечнасці (генацыд 1990-1994 г.г. у Руандзе), заявіў пратэст у сувязі з адсутнасцю смяротнага пакарання ў пераліку пакаранняў, да якіх можа прыгаварыць абвінавачаных Трыбунал. У выніку значная частка судовых працэсаў над злачынцамі праходзіла на тэрыторыі самой Руанды. А за тры гады працы нацыянальнымі судамі быў вынесены 61 смяротны вырак.
У Беларусі ў Крымінальным кодэксу таксама ёсць смяротнае пакаранне (артыкул 59) за адпаведнае злачынства (артыкул 128). Ці варта выпрабоўваць лёс і спадзявацца на тое, што будучыня усіх тых, хто зараз у той ці іншай ступені датычны да рэпрэсій супраць беларусаў, будзе і надалей адносна бяспечнай і стабільнай?
Зрэшты, мяч на іх баку. Дакладней, саломка. І рашэнне слаць яе ў такім вельмі небяспечным месцы ці не слаць можа быць прынятае зараз – як раз тымі, каму яна заўтра можа вельмі спатрэбіцца.
Чаму адмена смяротнага пакарання можа стаць на руку рэжыму Лукашэнкі?
27 верасня 2024 года на сустрэчы са студэнтамі ў БДУІР Аляксандр Лукашэнка у адказе на пытанне, ці будзе ён працягваць практыку памілавання зняволеных (размова зайшла менавіта аб палітычных вязнях) сказаў, што памілаванне – гэта канстытуцыйны абавязак прэзідэнта і гэтая практыка будзе працягнутая.
Стварэнне вобразу дбайнага і гуманнага “бацькі” – яшчэ адзін новы трэнд ва ўнутранай палітыцы ўладнай вертыкалі. Можна толькі здагадвацца, хто яго аўтар і якія мэты ён пераследуе. Але факт застаецца фактам – беларуская ўлада зацікаўленая ў тым, каб палепшыць свой імідж.
Апрача гучных, але пустацелых ідэалагічных наратываў кшталту года ці дня “народнага адзінства”, а таксама спробаў ачалавечыць рэжым адпускаючы на волю невялікія партыі палітычных зняволеных, больш нічога, па сутнасці, праўладнымі ідэолагамі пакуль не прыдумана.
Адмена смяротнага пакарання магла б стаць той адносна невялікай і бяспечнай “ахвярай”, на якую ўлады маглі б пайсці без страты козыраў. Наадварот, зараз такі крок дазволіць рэжыму Лукашэнкі атрымаць дадатковыя бонусы як на замежнапалітычным, гэтак і на ўнутраным поле.
Асобна варта сказаць аб магчымай рэакцыі Расіі. Раўніва назіраючы за ўсім, што робіцца ўнутры Беларусі, наўрад ці Крэмль выкажа непрыманне ці нават непаразуменне ў выпадку адмены смяротнага пакарання ў Беларусі. Пазітыўнай рэакцыі Крамля чакаць не варта, але і негатыўнага адказу не будзе.
Чаму смяротнае пакаранне павінна быць адменена