Ван дэр Ліндэн заклікае ўлады Беларусі адмяніць пакаранне смерцю
Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Рэнэ ван дэр Ліндэн заклікаў улады Беларусі адмяніць смяротныя прысуды Сяргею Марозаву, Ігару Данчэнку і Валерыю Гарбатаму, які былі ў 2006 годзе прысуджаныя Вярхоўным судом да расстрэлу. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка ПАРЕ, распаўсюджанай прэс-службай Рады Еўропы.
"Заклікаю прэзідэнта Лукашэнку неадкладна адмяніць смяротныя прысуды", – заявіў старшыня ПАРЕ. Нагадаўшы пра тое, што смерць неправасудная, ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесці мараторый на пакаранне смерцю ў Беларусі, што стала б выразным і рашучым крокам да збліжэння краіны з Радай Еўропы.
"Смяротнай кары няма месца ў пенітэцыярных сістэмах сучасных цывілізаваных дзяржаў. Гатоўнасць неадкладна ўвесці інстытут мараторыя на прывядзенне ў выкананне прысудаў да вышэйшай меры пакарання і адмяніць смяротную кару з'яўляецца неабходнай перадумовай для ўступлення ў Арганізацыю", – падкрэсліў Рэнэ ван дэр Ліндэн.
Беларусь не ўваходзіць у лік 47 дзяржаў – сяброў Рады Еўропы. Дзеянне статусу парламента Беларусі як спецыяльна запрошанага пры Парламенцкай асамблеі было прыпыненае 13 студзеня 1997 года.