Сьмяротнае пакараньне

2007 год стаў гістарычнай вехай у накірунку змаганьня за адмену сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце: 15 лістапада Трэці камітэт ААН (сацыяльныя, гуманітарныя пытаньні і пытаньні культуры) прыняў Рэзалюцыю, якая заклікала нацыі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ніколі раней абмеркаваньне дадзенага пытаньня ў межах Трэцяга камітэту, дзе права голасу маюць усе краіны-ўдзельніцы ААН, не прыводзіла да прыняцьцья Рэзалюцыі з-за рознасьці поглядаў дзяржаваў і розных прававых сістэмаў.

У Рэзалюцыі ўказваецца, што “ўжываньне сьмяротнага пакараньня падрывае чалавечую годнасьць” і выказваецца перакананасьць у тым, “што мараторый на ўжываньне сьмяртнага пакараньня спрыяе больш поўнаму выкананьню і прагрэсіўнаму разьвіцьцю правоў чалавека, што няма ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што сьмяротнае пакараньне зьяўляецца фактарам стрымліваньня, і што любыя памылкі ці недахопы сістэмы правасудзьдзя ў справе ўжываньня сьмяротнага пакараньня маюць незваротны і непапраўны характар”. Рэзалюцыя заклікала ўсе дзяржавы, у якіх яшчэ захоўваецца сьмяротнае пакараньне, паступова абмяжоўваць іх ўжываньне і скарачаць колькасьць злачынстваў, за якія яно можа быць вынесенае, а таксама “ўвесьці мараторы на прывядзеньне сьмяротных прысудаў у выкананьне ў мэтах адмены сьмяротнага пакараньня”.

Рэзалюцыя была падрыхтаваная па ініцыятыве Еўрапейскага Саюзу і ўнесена да разгляду ад імя 74 дзяржаваў. Дакумент быў прыняты большасьцю галасоў ва ўмовах напружаных дыскусіяў і супрацьстаяньня. Вынікі галасаваньня: 99 краінаў – “за”, 52 – “супраць” і 33 – “устрымаліся”. Найбольш актыўна супраць Рэзалюцыі выступалі Кітай, Ірак, Іран і ЗША (падаўляючая большасьць сьмяротных пакараньняў прыходзяцца якраз на гэтыя краіны). Беларусь падчас галасаваньня ўстрымалася.

 

Яшчэ адной важнай падзеяй на міжнародным узроўні стала абвяшчэньне Радай Еўропы Еўрапейскага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня. Гэтае рашэньне РЕ назвала еўрапейскім унёскам у Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца кожны год 10 кастрычніка.

 

Па дадзеных ААН за 2007 год, 146 дзяржаваў адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня, у 51 краіне яно захоўваецца. Пры гэтым Беларусь застаецца адзінай з краінаў Еўропы, дзе да гэтага часу выкарыстоўваецца дадзеная выключная мера. Прэмьер-міністр Італіі Рамана Продзі ва ўступным слове да дакладу “Пакараньне сьмерцю ва ўсім сьвеце – 2007” міжнароднай арганізацыі “Hands off Cain” канстатаваў: “Калі б не Беларусь, дык Еўропу можна было б назваць кантынентам, вольным ад пакараньня сьмерцю”. Беларусь засталася і апошняй з пост-савецкіх краінаў (Узьбекістан адмяўляецца ад вышэйшай меры пакараньня з 1 студзеня 2008 году), дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды.

 

Артыкул 24 Канстытуцыі Беларусі гарантуе кожнаму права на жыцьцё, ў ім жа замацаваны часовы характар сьмяротнага пакараньня: “Сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа ўжывацца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынсты і толькі згодна з прысудам суда”. Крымінальны кодэкс прадугледжвае ўжываньне сьмяротнага пакараньня за 12 складаў злачынстваў ва ўмовах мірнага часу і 2 склады злачынстваў – ва ўмовах ваеннага. Асуджаны да вышэйшай меры пакараньня мае права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе, а затым падаць прашэньне ў Камісію па памілаваньнях пры прэзідэнце Беларусі; любое рашэньне Камісіі падпісвае асабіста прэзідэнт. На дадзены момант вядома толькі адно рашэньне прэзідэнта аб памілаваньні асуджанага да сьмяротнага пакараньня. Аднак з-за закрытасьці і таемнасьці дзеяньняў, звязаных з прымяненьнем выключнай меры пакараньня, адсутнасьці інфармаваньня грамадзкасьці нельга дакладна казаць пра вынікі працы Камісіі па памілаваньнях.

 

На працягу году ў сродках масавай інфармацыі зьяўляліся паведамленьні пра справы, дзе абвінавачваемыя атрымлівалі вышэйшую меру пакараньня. 10 студзеня да выключнай меры пакараньня рашэньнем Полацкага раённага суда Віцебскай вобласьці быў асуджаны 28-гадовы жыхар Наваполацку Юры Курыльскі, у траўні Вярхоўны суд пакінуў гэты прысуд у сіле. 22 траўня Вярхоўны суд вынес прысуд у выглядзе сьмяротнага пакараньня былому камандзіру роты Гарадзенскага раённага дэпартаменту аховы МУС Аляксандру Сяргейчыку; у лістападзе стала вядома, што прысуд прыведзены ў выкананьне. Гэтая інфармацыя супадае з дададзенымі, якія абнародаваў у інтэрвью “Советской Белоруссии” старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, які заявіў, што за першае паўгоддзе 2007 году вынесена 2 сьмяротныя прысуды.

 

Вядома таксама, што 9 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі да вышэйшай меры пакараньня асудзіла Сяргея Марозава і Ігара Данчанку пасьля разгляду другой справы супраць членаў “марозаўскай” злачыннай групоўкі (аналагічныя прысуды гэтым асобам былі вынесеныя 1 сьнежня 2006 году па выніках разгляду першай справы). Пры гэтым, па словах дзяржаўнага абвінаваўцы Эльдара Сафарава, расьсьледваньне “марозаўскай” справы працягваецца і, сыходзячы з гэтага “ня выключана, што сьмяротны прысуд Марозаву пакуль ня будзе прыведзены ў выкананьне”. Асуджаныя зьвярнуліся да прэзідэнта з просьбай аб памілаваньні, але паколькі яны ўжо двойчы атрымалі сьмяротныя прысуды, шанцы на памілаваньне іх ацэньваюцца як мінімальныя.

 

Такім чынам, у 2007 годзе вынесеныя сьмяротныя прысуды як мінімум 4 асобам. Гэта меней, чым у 2006 годзе (9 чалавек былі асуджаныя да вышэйшай меры пакараньня), але больш за папярэднія гады: 2005 – 2 чалавекі, 2004 – 2 чалавекі.

 

Сітуацыю з прымяненьнем выключнай меры пакараньня ў Беларусі старшыня Вярхоўнага суда В. Сукала ацаніў як “рубеж, за якім стаіць мараторый на ўжываньне сьмяротнага пакараньня” (інтэрвью “Советской Белоруссии” у сьнежні 2007 году). В. Сукала таксама заявіў, што “судзьдзяў псіхалагічна рыхтуюць да таго, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае”. Па ягоных словах, ужо сем гадоў у Беларусі дзейнічае альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню -- пажыцьцёвае зьняволеньне, і таму выключная мера ўжываецца рэдка. Старшыня ВС таксама адзначыў, што нялёгка знаходзіць адэкватнае пакараньне, калі гаворка ідзе пра серыйных забойцаў альбо справы буйных бандаў.

 

Меркаваньне старшыні Вярхоўнага суда падзяляюць далёка ня ўсе прадстаўнікі ўлады ў Беларусі. Каментуючы агенцтву БелаПАН Рэзалюцыю Трэцяга камітэту ААН аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакаранне, міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заявіў: “Сёньня сьмяротнае пакараньне – гэта мера, без якой пакуль абыйсьціся нельга”. Па ягоным меркаваньні, дадзеная Рэзалюцыя была прынятая “ва ўгоду палітыцы, а не здароваму сэнсу. Здаровы сэнс такі: давайце спытаем людзей у тых краінах, дзе адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня. Я не лічу, што Расія з гэтым бітцэўскім маньякам (Аляксандр Пічушкін, асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня Маскоўскім гарадзкім судом – рэд.) паступіла ідэальным варыянтам. Тыя людзі, якія пацярпелі ад ягоных злачынстваў, думаюць так, як я”. Уладзімір Навумаў агучыў таксама меркаваньне адносна залежнасьці ўзроўню злачыннасьці ад наяўнасьці ці адсутнасьці сьмяротнага пакараньня ў карнай сістэме краінаў: “У Беларусі за апошнія пяць гадоў колькасьць зарэгістраваных забойстваў пасьлядоўна скарачаецца. А у іх, у любой краіне, дзе няма сьмяротнага пакараньня, усё якраз наадварот”.

Разам з тым, апошняе сьцьверджаньне міністра унутраных справаў супярэчыць вынікам дасьледваньняў міжнародных эксьпертаў, якія зрабілі выснову, што ўжываньне сьмяротнага пакараньня робіць грамадзтва больш жорсткім і прыводзіць да росту колькасьці забойстваў і злачынстваў. Згодна з вынікамі дасьледваньняў ААН (1988 г. з дапаўненьнямі 1996 і 2002 гг.) адносна сувязі паміж сьмяротным пакараньнем і колькасьцю забойстваў, яно “не змагло навукова даказаць, што сьмяротнае пакараньне ўплывае на зьніжэньне колькасьці забойстваў у значна большай меры, чым пагроза пажыцьцёвага зьняволеньня. Зараз няма ніякіх доказаў у падтрымку такой гіпотэзы і малаверагодна, што яны будуць атрыманыя потым”.

 

Неабходнасьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі пастаянна ўздымалася на міжнародных форумах з удзелам прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Падчас канферэнцыі ў Рыме “Роля парламента ў вызначэньні палітыкі разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва” на пачатку сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Генадзь Навіцкі ў размове з дакладчыкам ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгані аб магчымасьцях адмены сьмяротнага пакараньня заявіў: “Беларусь – еўрапейская краіна, арыентаваная на агульначалавечыя і еўрапейскія каштоўнасьці, якая ідзе па дэмакратычным шляху разьвіцьця. Але трэба разумець, што ёсьць пытаньні, гістарычных асаблівасьцяў, менталітэту, цяжкасьцяў пераходнага перыяду. Таму немагчыма пабудаваць грамадзтва, якое б адпавядала высокім еўрапейскім стандартам, у кароткія тэрміны”. У гэтым выказваньні Г. Навіцкага, нягледзячы на рыторыку пра еўрапейскі накірунак разьвіцьця Беларусі, праглядаецца агульная скіраванасьць беларускіх уладаў на адыход ад еўрапейскіх каштоўнасьцяў, а “праходны перыяд” для Беларусі на тле адмовы ад дадзенага пакараньня ня толькі еўрапейскіх краінаў-суседзяў, але і дзяржаваў былога Савецкага Саюзу выглядае занадта зацягнутым. Пры гэтым Г. Навіцкі, азначаючы, што Беларусь ідзе па шляху звужэньня прымяненьня сьмяротнага пакараньня, агучыў недакладную інфармацыю: ён сказаў, што у 2006 годзе толькі 2 чалавекі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, а на самой справе такіх асобаў было 9.

 

Нежаданьне Беларусі адмовіцца ад “узаконенага забойства” працягвала выклікаць значнае асуджэньне і крытыку, асабліва з боку еўрапейскіх структураў і праваабарончых арганізацыяў. Так, у лістападзе Старшыня Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Рэнэ ван дэр Лінден, зьвяртаючыся да прэзідэнта Беларусі з просьбай адмяніць сьмяротныя прысуды удзельнікам “банды Марозава”, заклікаў “увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, што б стала яскравым і рашучым крокам да збліжэньня Беларусі з Радай Еўропы… Сьмяротнаму пакараньню няма месца ў пенітэнцыярных сістэмах сучасных цывілізаваных дзяржаваў. Гатоўнасьць неадкладна ўвесьці інстытут мараторыя на прывядзеньне ў выкананьне прысудаў да вышэйшай меры пакараньня і адмяніць сьмяротнае пакараньне зьяўляецца неабходнай перадумовай для ўступленьня ў Раду Еўропы”.

 

Сьпецдакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Севярын у дакладзе ад 12 чэрвеня 2007 году адзначыў: “…не перастае выклікаць заклапочанасьць тая абставіна, што Беларусь зьяўляецца апошняй краінай Еўропы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Становішча ў краіне ўсё яшчэ адрозьніваецца крайняй суровасьцю фізічных умоваў утрыманьня пад вартай да суда, практыкай ужываньня катаваньняў і іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня і празмернага ўжываньня сілы міліцыяй”.

 

Уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” працягвала зьвяртацца да беларускіх уладаў з заклікам адмовіцца ад выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня, крытыкуючы як саму наяўнасьць яго ў прававой сістэме, так і ўсю працэдуру прывядзеньня прысудаў у выкананьне: таемнасьць і закрытасьць выкананьня прысуду, а таксама далейшыя дзеяньні, зьвязаныя з пахаваньнем пакаранага. “Міжнародная амністыя” выказвала патрабаваньні, каб родным пакараных прадастаўлялася поўная інфармацыя пра дату, месца прывядзеньня прысуду ў выкананьне і месца пахаваньня, а таксама выдавалася цела пакаранага і ягоныя асабістыя рэчы.

 

Пры разглядзе двух справаў, датычных ужываньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, якія былі пададзеныя ў межах працэдуры індывідуальнай скаргі, Камітэт ААН па правах чалавека вынес заключэньне пра тое, што рэжым сакрэтнасьці ў справе выкананьня сьмяротнага пакараньня “абарочваецца застрашэньнем ці пакараньнем родных асуджанага з-за таго, што іх сьвядома пакідаюць у стане няпэўнасьці і скрайняй занепакоенасьці… а таксама, што ўлады спачатку не ўведамілі… дату, на якую прызначанае пакараньне…, а ў далейшым неаднаразова адмаўляліся паведаміць месца пахаваньня цела, што зьяўляецца бесчалавечнымі адносінамі і парушае артыкул 7 Пакту (які забараняе катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае ці прыніжаючае годнасьць абыходжаньне ці пакараньне)”. Аднак Беларусь да гэтага часу не выканала рэкамендацыі Камітэту адносна асобаў, якіх датычылісія індывідуальныя скаргі, а таксама не прывяла ў адпаведнасьць ім беларускае заканадаўства, не рассакрэціла і не ўдасканаліла працэдуру выкананьня прысудаў і пахаваньня пакараных.

 

Трэба адзначыць, што непрадстаўленьне поўнай інфармацыі пра сьмяротныя прысуды грамадзкасьці і зацікаўленым родным асуджаных зьяўляюцца парушэньнем міжнародных абавязацельстваў, а таксама міжнародна-прававых стандартаў.

Так, у Рэзалюцыі 1989/64, прынятай 24 траўня 1989 году, Эканамічная і сацыяльная рада ААН заклікала дзяржавы-члены “публікаваць па кожным відзе правапарушэньняў, за якія прадугледжанае сьмяротнае пакараньне…, інфармацыю пра ўжываньне сьмяротнага пакараньня, уключаючы колькасьць асобаў, асуджаных да сьмяротнага пакараньня, колькасьць фактычных пакараньняў, колькасьць асобаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні па прысуду да сьмяротнага пакараньня, колькасьць адмененых ці зьмененых па апеляцыі прысудаў да сьмяротнага пакараньня і колькасьць выпадкаў, калі выносілася рашэньне аб памілаваньні…”.

Рэзалюцыя 2005/59, прынятая Камісіяй ААН па правах чалавека 20 красавіка 2005 году, заклікала ўсе дзяржавы, якія не адмянілі сьмяротнае пакараньне, “зрабіць даступнай да грамадзкасьці інфармацыю адносна вынясеньня сьмяротных прысудаў”.

“Прадастаўляць Генеральнаму сакратару інфармацыю аб ўжываньні сьмяротнага пакараньня і выкананьні гарантыяў абароны правоў асобаў, якім пагражае сьмяротнае пакараньне” – такое патрабаваньне утрымліваецца ў Рэзалюцыі Трэцяга камітэту ААН ад 15 лістапада 2007 году.

 

Беларусь на працягу апошніх гадоў ужо рабіла некаторыя крокі, якія маглі б прывесьці да адмены сьмяротнага пакараньня пры наяўнасьці палітчынай волі.

У чэрвені 2002 году ў выніку парламенцкіх слуханьняў “Палітыка-прававыя праблемы адмены сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь” Палатай прадстаўнікоў былі выпрацаваныя Рэкамендацыі зацікаўленым дзяржаўным органам з мэтай ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў, якія б садзейнічалі вырашэньню пытаньня са сьмяротным пакараньнем. На жаль, большасьць рэкамендаваных мерапрыемстваў не былі выкананыя.

11 сакавіка 2004 году Канстытуцыйны суд Беларусі агучыў Заключэньне “Аб адпаведнасьці Канстытуцыі РБ і міжнародным дамовам РБ палажэньняў Крымінальнага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць прымяненьне ў якасьці пакараньня сьмяротнае пакараньне”, дзе вырашыў: “(…) Лічыць, што частка 3 артыкула 24 Канстытуцыі РБ, якая ўстанаўлівае магчымасьць ужываньня сьмяротнага пакараньня ў якасьці выключнай меры пакараньня толькі да яе адмены, дазваляе прыняць рашэньне аб абвяшчэньні мараторыя на ўжываньне сьмяротнага пакараньня ці аб поўнай адмене гэтага пакараньня (…) Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сучасных умовах пытаньне аб адмене гэтага віду пакараньня ці як першым кроку – аб абвяшчэньні мараторыя на яго выкарыстаньне можа быць вырашанае Главой дзяржавы і Парламентам”. Пры гэтым у Заключэньні адзначана, што рашэньне рэферэндуму 1996 году, падчас якога за захаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выказаліся 80,44% грамадзянаў, і да вынікаў якога заўсёды апелююць прыхільнікі захаваньня гэтага віду пакараньня ў нашай краіне, “ня мела абавязковага характару”.

 

Аднак пакуль што ні кіраўнік дзяржавы, ні парламент не прадпрынялі рашучых дзеяньняў у накірунку набліжэньня да дэмакратычных стандартаў у галіне правоў чалавека і не прадэманстравалі імкненьня да еўрапейскага цывілізаванага сьвету, вольнага ад забойства дзяржавай. Пасьля прыняцьцья Рэзалюцыі ААН аб марыторыі на сьмяротнае пакараньне перад беларускімі ўладамі чарговы раз пастаўлены сурьёзны выбар.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны