Беларусь – апошняя “чорная дзіра” у Еўропе, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне
Як стала вядома ўчора са сродкаў масавай інфармацыі, быў прыведзены ў выкананьне смяротны прысуд у дачыненьні да трох лідэраў гомельскай злачыннай групоўкі — Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі. Як паведаміў БелаПАН адзін з гомельскіх адвакатаў, якія бралі ўдзел у судовым працэсе па справе «марозаўскай банды», дакументы аб прызнаньні С.Марозава памерлым прыйшлі на мінулым тыдні ў ЗАГС Чыгуначнага раёну Гомеля.
Меркаваньне беларускіх праваабаронцаў да сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выказаў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі:
“Апошнім часам з вуснаў А.Лукашэнкі неадразова даводзілася чуць пра тое, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна, а беларусы – еўрапейскі народ. Але, нажаль, даводзіцца канстатаваць, што сёньняшняя ўлада не адпавядае ані народу, ані краіне. Яны проста “не дацягваюць”. Бо паводзяць сябе проста па-дзікунску. Я маю на ўвазе сьмяротныя пакараньні, якія выконваюцца ў Беларусі. У Еўропе, а таксама сярод усіх постсавецкіх краінаў гэтак ужо ня робіць ніхто!
У той час, як яшчэ у дваццатыя гады беларускія па-еўрапейску арыентаваныя палітыкі з партыяў Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя і Беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры, якія дзейнічалі ў Заходняй Беларусі, абвясьцілі ў сваіх палітычных праграмах, у выпадку іх прыходу да ўлады – адмену сьмяротнага пакараньня, дык карані сёньняшняй беларускай улады – у сталінскім таталітарызме 30-х гадоў, калі людзей зьнішчалі сотнямі тысячаў. І менавіта праз разстрэл.
І таму разстрэлы, як пакараньне для сёньняшняй улады – звыклая, “родная” справа.
Беларускія праваабаронцы рашуча выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня. Мы спадзяемся, што за пустымі дэкларацыямі еўрапейскасьці, якія перыядычна чуюцца ад беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, адбудуцца рэальныя крокі па ўсьведамленьні – што ж гэта такое – цывілізаванасьць і еўрапейскасьць. І ўрэшце варварскія, шаманскія традыцыяі будуць спыненыя”.