Amnesty International: “Беларусь застаецца несвабоднай краінай”
Міжнародная арганізацыя Amnesty International выдала штогадовую справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце за мінулы год (з траўня 2007 па травень 2008 г.). У разьдзеле даклада, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць, юрыдычны перасьлед апазыцыйных актывістаў, а таксама працяг выкананьня сьмяротных пакараньняў.
Сёлетняя справаздача Amnesty International сапраўды пацьвярджае, што Беларусь застаецца несвабоднай краінай. У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, нагадваецца, што ў сьнежні летась Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой асуджаюцца парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Пералічваючы выпадкі парушэньні права на свабоду выказваньня ў Беларусі, Amnesty International асабліва засяроджвае ўвагу на двух сюжэтах: зьняволеньні былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які адбывае тэрмін за арганізацыю мірнай дэманстрацыі, і рэпрэсіі ўладаў супраць удзельнікаў сёлетніх дэманстрацый на Дзень Волі 25 сакавіка.
У частцы справаздачы, якая тычыцца парушэньняў свабоды асацыяцый, гаворыцца пра шматлікія выпадкі крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога Фронту”, якія прыцягваліся да адказнасьці за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Таксама прыгадваецца выпадак з праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, якая была зьліквідаваная ў 2003 годзе. Летась у ліпені Камітэт ААН па правах чалавека прыняў пастанову, у якой расцаніў ліквідацыю “Вясны” як парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцый. Пасьля гэтага рашэньня сябры ліквідаванай арганізацыі падалі заяву на новую рэгістрацыю, але атрымалі адмову.
У частцы, якая тычыцца свабоды сумленьня, адзначаецца, што адпаведны закон, прыняты ў Беларусі ў 2002 годзе, дае магчымасьць весьці паўнацэнную дзейнасьць толькі зарэгістраваным канфэсіям. Пры гэтым многія пратэстанцкія цэрквы сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі. Amnesty International прыводзіць выпадак пратэстанцкага пастара Яраслава Лукашыка. Ён быў арыштаваны па абвінавачваньні ў “незаконнай рэлігійнай дзейнасьці”, а потым дэпартаваны з краіны, хоць жонка і трое дзяцей пастара — грамадзяне Беларусі.
Змаганьне супраць сьмяротнага пакараньня было адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці Amnesty International ад пачатку яе стварэньня. Юрыдычная практыка Беларусі кідае выклік гэтым памкненьням арганізацыі. Беларусь — адзіная краіна ня толькі ў Эўропе, але і ў рэгіёне, якая працягвае выконваць сьмяротныя пакараньні. Нават Узбэкістан абвясьціў мараторый на іх выкананьне з пачатку бягучага году, у Беларусі ж, паводле Amnesty International, сёлета ў лютым былі выкананыя тры сьмяротныя прысуды.