У 2008 годзе ў Беларусі да пакарання смерцю прыгавораны адзін чалавек
У 2008 годзе ў Беларусі да пакарання смерцю прыгавораны адзін чалавек, да пажыццёвага зняволення — трое. Пра гэта 9 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
Такія лічбы, паводле яго слоў, сведчаць аб "вельмі рэдкім" прымяненні ў краіне вышэйшай меры пакарання, "аб практычным мараторыі на гэты від пакарання".
Старшыня Вярхоўнага суда зазначыў, што заканадаўчае ўвядзенне мараторыя на пакаранне смерцю адносіцца да кампетэнцыі прэзідэнта і заканадаўцаў.
"Суддзі будуць успрымаць іх рашэнне як належнае. Пакуль існуе такі від пакарання, як пакаранне смерцю, суды абавязаны яго прымяняць і прызначаць. Але псіхалагічна яны гатовы да ўвядзення мараторыя", — заявіў В.Сукала.
Пры гэтым, зазначыў ён, нельга забываць аб выніках рэферэндуму 1996 года, на якім большасць грамадзян Беларусі падтрымалі наяўнасць пакарання смерцю ў заканадаўстве.
Старшыня Вярхоўнага суда таксама паведаміў, што пажыццёвае зняволенне ў Беларусі на гэты момант адбываюць больш за 130 чалавек, паведамляе БелаПАН.