Сакрэтна памілаваныя
Штомесяц Аляксандр Лукашэнка падпісвае два ўказы аб памілаванні. Пра гэта распавёў сам кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
“З аднаго боку, амністыя — акт гуманнасці, з другога — гэта вельмі балюча ўспрымаюць суддзі, — напісана ў стэнаграме з той сустрэчы. — Па Канстытуцыі прэзідэнт можа амнісціраваць, зменшыць тэрмін пакарання. У месяц падпісваюцца па два такія ўказы, але гэтыя рашэнні не друкуюцца, а бывае і масштабная амністыя, калі тысячы людзей выходзяць на волю”.
Чаму ўказы аб памілаванні засакрэчаны?
Юрыст Валянцін Стэфановіч лічыць, што грамадскасць можа патрабаваць, каб гэтыя дакументы былі рассакрэчаны.
— Напэўна, у дадзеным выпадку маюцца на ўвазе ўказы не аб смяротных пакараннях, а аб памілаванні кшталту таго, што было ў свой час даравана той жа Галіне Жураўковай, — выказывае сваю думку Стэфановіч. — На мой погляд, Лукашэнка не надае гэтым дакументам галоснасці таму, што яны перш за ўсё тычацца спраў, звязаных з карупцыяй. І нездарма ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс былі ўнесены вельмі своеасаблівыя змены аб тым, што, напрыклад, крымінальныя справы адносна асоб, якія ўнесены ў рэестр дзяржаўных служачых, могуць распачынацца толькі пасля непасрэднага ўзгаднення з генпракурорам. Альбо тое, што асоба, якая добраахвотна кампенсуе прынесеныя дзяржаве страты, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці…
Указы аб памілаванні засакрэчаны, каб грамадскасць не ведала, што і як адбываецца. Чаму, напраклад, тая ж Жураўкова не адбывала пакаранне, а турмы бітком забітыя людзьмі, якія сядзяць, умоўна кажучы, за ўкрадзены мех бульбы? Атрымліваецца, як у той прыказцы: чым больш украў, тым менш далі.
Я мяркую, што можна патрабаваць, каб гэтыя ўказы рассакрэцілі, там жа няма ніякіх дзяржсакрэтаў. Людзі проста павінны ведаць інфармацыю аб тым, каго і чаму прэзідэнт памілаваў.
Былы суддзя Гары Паганяйла называе дзікунскай сітуацыю з сакрэтным памілаваннем.
— Лукашэнка прыпісаў сабе царскія паўнамоцтвы караць і мілаваць, — гаворыць Гары Пятровіч. — І ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам сёння следчы альбо пракурор могуць накіроўваць прэзідэнту прашэнне аб памілаванні ў адносінах да пэўных асоб. Прычым гэта ўсё робіцца да суду, паколькі суды такіх паўнамоцтваў не маюць. І калі чалавек пакаяўся перад прэзідэнтам, той можа вызваліць яго ад крымінальнага пераследу. Такога няма ні ў адной дзяржаве, за выключэннем, можа, толькі краін з дыктатарскімі рэжымамі.
Лукашэнка, хутчэй за ўсё, мілуе сваіх былых служкаў. Дзіка, што гэта робіцца тайна і ціха. У дэмакратычным грамадстве, канешне, такога быць не павінна. Што гэта за народны прэзідэнт, які баіцца агучыць свае рашэнні перад народам? Прычым тыя рашэнні, якія павінны мець сапраўды гуманны характар. Гэта проста здзек з Канстытуцыі!
Ці мусіць акт памілавання быць публічным? З такім пытаннем “Тут і цяпер” звярнулася да святара дрыбінскай Спаса-Прэабражэнскай царквы айца Сергія.
— Асабіста я лічу, што імёны памілаваных павінны друкавацца, — кажа святар. – У Пісанні няма цвёрдага адказу на гэтае пытанне. Калі звяртацца да гісторыі, то, напрыклад, цэсар пытаўся ў народа: “Каго вам выпусціць, Хрыста альбо Вараву?” Гэта значыць, рашэнне прымалася прынародна. Але, яшчэ раз паўтараю, мне цяжка нешта сказаць на гэты конт, бо ваша пытанне больш палітычнае, чым царкоўнае.
Ігар АНДРЭЕЎ, спецыяльна для svabodaby.net