Праваабаронцы адзначаюць прагматычны падыход уладаў у пытанні смяротнага пакарання
Праваабаронцы далі сваю ацэнку выказванню Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча наконт сітуацыі па пытанні смяротнага пакарання ў нашай краіне.
21 студзеня Рыгор Васілевіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арышту карумпаваных чыноўнікаў, сказаў: “Калі гэта патрабаванне Рады Еўропы, іх правіла, а мы туды ідзем ці там знаходзімся, то збольшага адмена смяротнага пакарання магчымая. Бо са сваім статутам у чужы манастыр не ходзяць. Але пакуль як прафілактычную меру гэта можна выкарыстоўваць”.
У сувязі з выказваннем генпракурора праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў наступнае:
“Выказванні Васілевіча дэманструюць тыповую пазіцыю сённяшніх уладаў у пытанні адмены смяротнага пакарання. Беларускія ўлады гатовыя адмяніць смяротнае пакаранне выключна дзеля ўступлення ў Раду Еўропы. Такім чынам яны дэманструюць прагматычны падыход, а сутнасна, з пункту гледжання агульначалавечых, цывілізацыйных каштоўнасцяў не абмяркоўваюць гэтае пытанне. На жаль, у грамадстве не адбываецца дыскусіі, дыялогу па гэтай праблеме”.
Праваабаронцы таксама акцэнтуюць увагу на азначэнні смяротнага пакарання як прафілактычнай меры ў барацьбе са злачыннасцю. Такім чынам, грамадству навязваецца перакананне, што вышэйшая мера пакарання сапраўды ўплывае на колькасць злачынстваў. Але гэтае меркаванне неаднарозова абвяргалася даследваннямі, якія праводзіліся міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН і Amnesty International. Няслушнасць гэтага меркавання пацвярджае і Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь.