У Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”

У Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.  Мэтай кампаніі ёсць спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны падрыхтавалі адпаведную петыцыю. Гэты зварот за подпісамі як вядомых беларускіх дзеячоў, так і простых грамадзянаў будзе перададзены прадстаўнікам Парламенту, Ураду і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што ўлады Беларусі пяройдуць да рашучых дзеянняў, накіраваных на спыненне выканання смяротных прысудаў.

“Тое, што ў Беларусі да гэтага часу выконваюцца сьмяротныя прысуды - гэта абуральна. І вельмі выразна сведчыць пра жорсткасьць беларускай рэпрэсіўнай сыстэмы, уключаючай у сябе суды, пракуратуру й месцы ўтрыманьня вязьняў. Мне падаецца, што Беларусь працягвае чапляцца за савецкую мінуўшчыну, дзе сьмяротнае пакараньне выкарыстоўвалася вельмі-вельмі часта”, - адзначыў Алесь Бяляцкі, праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.   

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які хаця і не прадугледжвае абавязковай адмовы ад смяротнага пакарання, але скіроўвае краіны да абмежавання прымянення і адмены выключнай меры пакарання. Аднак Рэспубліка Беларусь да гэтага часу не далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання (прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 снежня 1989 году). Дзяржавы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у дадзеным Пратаколе, абавязаліся адмяніць дадзены від пакарання. 

На дадзены момант Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Пасля адмены смяротнага пакарання Узбекістанам з 1 студзеня 2008 году наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая прымяняе дадзены від пакарання.   

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны