Уладзімір Арлоў: “Калі чалавеку выносяць смяротны прысуд, то ён губляе магчымасць, калі невінаваты, дачакацца справядлівасці” (Відэа)
-
- Уладзімір Арлоў
Сёння петыцыю супраць смяротнага пакарання падпісаў вядомы беларускі пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў.
Далучыўшыся да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, спадар Арлоў падзяліўся сваімі ўспамінамі і выказаў сваё стаўленне да гэтай праблемы:
“Я адназначна за адмену смяротнага пакарання. Можна сказаць, з такіх агульнагуманістычных меркаванняў.
На маю пазіцыю паўплывала тое, што я вырас у сям’і юрыста. Тата быў пракурорам у Полацку. І ён нярэдка дома выказваў сваё меркаванне па жорсткіх прысудах.
Калі чалавеку выносяць смяротны прысуд, то ён губляе магчымасць, калі ён невінаваты, дачакацца справядлівасці.
Шмат хто з Беларусі памятае “Віцебскую справу”. Па гэтай справе былі асуджаныя невінаватыя, адзін чалавек - да смяротнага пакарання. Многія абвінавачаныя па гэтай справе доўгі час утрымліваліся за кратамі, пакуль сапраўдны забойца быў знойдзены. Так, брат нашых знаёмых вярнуўся з турмы хворы, зламаны фізічна і маральна. Праз год пасля вызвалення ён памёр...
Наяўнасць смяротнага пакарання прыводзіць да таго, што жыцця нярэдка пазбаўляюць невінаватых людзей. Недабрасумленнае следства можа схаваць канцы ў ваду. У адвакатаў ёсць шанцы давесці справу і даказаць, што чалавек невінаваты, калі чалавек жывы. Дарэчы, нядаўна глядзеў сюжэт па тэлебачанні пра асуджаных на пажыццёвае, якія толькі праз доўгі час былі апраўданыя. А калі б былі асуджаныя да смяротнага пакарання?
Я за адмену смяротнага пакарання, як гэта зроблена ў больш цывілізаваным свеце. Я думаю, што Беларусь непазбежна прыйдзе да гэтага, прыйдзе да адмены смяротнага пакарання”.